Каб у час ураджай убраць, трэба сёння пра тэхніку дбаць

каб-у-час-ураджай2

Валожыншчыну наведалі каля 160 чалавек з усіх рэгіёнаў рэспублікі – прадстаўнікі абласных і раённых упраўленняў сельгасхарчаў, адказных асоб з ведамстваў, падпарадкаваных аб’яднанню «Белаграсэрвіс», і іншых сумежных службаў. Семінар адкрыў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Адамавіч Марыніч. Разам з ім у прэзідыуме працавалі генеральны дырэктар РА «Белаграсэрвіс»

Мікалай Канстанцінавіч Лісай, начальнік Галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі з Галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Станіслаў Канстанцінавіч Карповіч, намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей Браніслававіч Юркевіч, а таксама старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка.

Семінар пачаўся з прыемнай ноты. Л. А. Марыніч расказаў пра вынікі выставы «Белагра», затым узнагародзіў Дыпломам першай ступені Мінскую абласную інспекцыю па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання. А пасля перадаў слова С. Б. Юркевічу, які павіншаваў старшыню райвыканкама М. А. Астрэйку і ўручыў яму Ганаровую грамату Мінаблвыканкама за другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе ў намінацыі “Лепшы раён па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ”.

Гаворачы пра ключавыя тэмы семінара-нарады, Л. А. Марыніч адзначыў, што пытанні аднаўлення зернеўборачнай тэхнікі ўжо сёння павінны займаць адну з цэнтральных пазіцый у спісе клопатаў аграрыяў.

Не за гарамі час, калі зярняты новага ўраджаю запоўняць бункеры камбайнаў. Але рэальнасць, здараецца, прымушае засмучацца. У некаторых рэгіёнах рэспублікі зернеўборачная тэхніка не тое што не адрамантавана, але нават яшчэ не знята з калодак! Нядаўна быў праведзены маніторынг гаспадарак краіны, і амаль у палове з іх зафіксаваны нізкі ўзровень падрыхтоўкі тэхнікі да жніва. А некаторыя і ўвогуле пачынаюць займацца прыпіскамі. Гэта недапушчальна. Л. А. Марыніч папярэдзіў прысутных і аб тым, што ні ў якім разе нельга эксплуатаваць камбайны, якія не прайшлі тэхагляд. Летась у час уборкі ўраджаю згарэлі 7 зернеўборачных машын, і ў 5-і з іх у актах абследавання было пазначана: да эксплуатацыі не дапушчаны! Ён заклікаў актыў прытрымлівацца агульнапрынятых правілаў.

Пасля нарады госці раздзяліліся на дзве групы і ў рамках тэмы семінару азнаёміліся з работай ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка» і СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз». А беларускія вытворцы ў гэты ж час наладзілі выставу з «тэст-драйвам» сельскагаспадарчых агрэгатаў, прадэманстравалі запатрабаваныя дэталі да аграрнага абсталявання.

Удзельнікі мерапрыемства станоўча ацанілі аграпрамысловы патэнцыял Валожыншчыны. Сёння ў раёне налічваецца 31 кормаўборачны і 96 зернеўборачных камбайнаў, сярэдняя нагрузка на адзінку тэхнікі складае 233 гектары. Усе камбайны ўжо выведзены з-пад навесаў, распачаты рамонтныя работы. Працэнт гатоўнасці – каля 70-і. Запчасткі пастаўляюцца часткова праз аблаграсэрвіс, астатняе гаспадаркі закупляюць праз тэндары.

У сельгаспрадпрыемствах утрымліваюцца 36 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, 12100 – дойнага статка. Валожыншчына плюсуе па валавых надоях: 106% да ўзроўню мінулага года, у лічбах гэта 168 тысяч тон малака. 150 тысяч тон здаецца дзяржаве. Таварнасць складае 91%.

   Асобна варта сказаць пра Валожынскую райаграпрамтэхніку. За апошні год на прадпрыемстве пачалі дзейнічаць тэхнічны абменны пункт і ўчастак па рамонце рухавікоў. Спецыялісты гэтага калектыву абслугоўваюць і абсталяванне 11 даільных залаў. Наперадзе  – рэалізацыя многіх перспектыўных задум.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота Сяргея БОБРЫКА

каб-у-час-ураджай

каб-у-час-ураджай2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars