Праблемам – законнае вырашэнне

праблемам-законнае-вырашэнне

      Амаль тры дзясяткі грамадзян запісаліся на прыём да начальніка галоўнага ўпраўлення па ўзаемаадносінах з органамі заканадаўчай улады, пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Жанны Віктараўны Цішчанкі, які прайшоў 23 чэрвеня ў райвыканкаме. Удзел у сустрэчы прыняў пракурор раёна, юрыст 1-га класа С. А. Габруковіч. Прысутнічалі таксама службовыя асобы райвыканкама, у кампетэнцыі якіх уваходзіць вырашэнне жыллёвых і іншых праблем жыхароў раёна.

Першай свой боль пастаралася данесці пенсіянерка з Валожына. Больш за тры дзесяцігоддзі назад гэта адзінокая жанчына атрымала доўгачаканае жыллё. Кватэра па дакументах лічылася двухпакаёвай, хаця на самай справе пакой быў толькі адзін. Блытаніна здарылася пасля капітальнага рамонту: былыя гаспадары дзвюх двухпакаёвак дамовіліся і ўзгаднілі перапланіроўку на трохпакаёвую і аднапакаёвую кватэры. Жанчыне памяшканне дасталася ўжо ў “скарочаным” варыянце, так і прыватызавала ў 90-я гады. Адчувала сябе пакрыўджанай, але цярпела. І толькі зараз вырашыла шукаць справядлівасці. Звярталася ў органы мясцовай улады, раённую і абласную пракуратуры, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Дэталёва ўнікнуўшы ў праблему, Ж. В. Цішчанка растлумачыла, што пытанне патрабуе вырашэння ў судовым парадку.

Неадпаведнасць дакументаў і рэальнага стану жылога памяшкання стала прычынай бедстваў яшчэ адной сям’і. Падчас пажару, а ўзнік ён, як сцвярджалі сведкі, з-за адсутнасці іскравой заслонкі на коміне грамадскай кацельні, згарэў двухкватэрны дом, зарэгістраваны як аднапакаёвы. Прычынна-выніковай сувязі паміж пажарам і работай кацельні эксперты не выявілі, пацярпелым было выдзелена раўнацэннае жыллё. Аднак пагарэльцы ўпэўнены, што ад іх адмахнуліся, а следства праведзена недасканала. Іх запэўнілі, што ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не пакінуць гэта пытанне без увагі, і законнае рашэнне абавязкова вынесуць.

Наступны зварот датычыўся дэпартацыі за межы краіны мужчыны, які адбывае пакаранне за парушэнне заканадаўства аб незаконным абароце наркатычных сродкаў. Ён амаль дваццаць гадоў назад прыехаў у Беларусь з Расіі, але аформіў толькі від на жыхарства. Ажаніўся з грамадзянкай нашай краіны, мае дзяцей. Грамадзянства не прыняў, а вось законы і правапарадак парушаў часта. Таму органы ўнутраных спраў вырашылі яго дэпарціраваць. Гэта вялікі боль для родных, асабліва для маці. Пажылая жанчына вельмі прасіла, каб сына пакінулі разам з сям’ёй, бо ў Расіі ў яго няма ніякага прытулку. Жанна Віктараўна праблему да канца прыёму вырашыла, падключыўшы спецыялістаў з Міністэрства ўнутраных спраў. У мужчыны ёсць магчымасць застацца з сям’ёй. Праўда, без атрымання грамадзянства Рэспублікі Беларусь: вельмі адмоўна зарэкамендаваў сябе.

Асноўная колькасць зваротаў тычылася прымянення артыкула 328 (ужыванне, захоўванне і збыт наркотыкаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. На прыём запісаліся прадстаўнікі з розных рэгіёнаў Беларусі, абласных гарадоў. Вырашаць падняты пласт пытанняў давядзецца дасканала, падключыўшы дэпутатаў, юрыстаў. Відавочна, што спатрэбіцца нямала часу, каб разгледзіць прадастаўленыя грамадзянамі дакументы.

На працягу 4-х гадзін Ж. В. Цішчанка ўважліва ўсіх выслухвала, давала парады, некаторым – надзею на станоўчае вырашэнне іх спраў. Так, як патрабуе Яго Вялікасць Закон.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars