Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Работнікі Валожынскага Дома быту стварылі новую калекцыю адзення – трыкатажныя вырабы з вышыўкай.

Прапанавалі жыхарам раёна і наведвальнікам разнастайныя спартыўныя касцюмы для дзяцей і дарослых. А вышыўка – гэта якраз тое, што зараз актуальна, модна і крэатыўна. На вырабах, па жаданні заказчыка, могуць быць розныя ўзоры беларускага арнаменту, кветкі, магчыма, асабістыя манаграмы ўладальніка данага адзення. Узоры новай калекцыі можна ўбачыць на першым паверсе Дома быту, дзе размешчана фірменная крама.

Першымі рэалізаванымі рэчамі з новай калекцыі сталі кашулі-вышыванкі для ўдзельнікаў абласнога злёту юных выратавальнікаў, якія заказаў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Пашылі 16 вырабаў. Дарэчы, гэтыя кашулі сталі адметнай фішкай нашай каманды і былі станоўча ацэнены журы. Ужо аформлены 6 індывідуальных заказаў на спартыўныя касцюмы з вышыўкай. Заказчыкам прапануюць самыя розныя варыянты спартыўных куртак: з кароткімі альбо доўгімі рукавамі, з капюшонам і без яго, а таксама спартыўныя штаны на завязцы ці на рызінцы, гэта могуць быць і брыджы. Адміністрацыя райбыткамбіната заключыла дагавор на вышыўку з індывідуальнай прадпрымальніцай.

 

 

Сталі вядомы вынікі конкурсу літаратурнай творчасці ветэранаў Мінскай вобласці, прысвечанага 73-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На конкурс былі адпраўлены творы амаль дзесяці членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК.

У намінацыі “Гэтых дзён не змоўкне слава” другое месца прысуджана Дзмітрыю Краскоўскаму за верш “Паганіні”. Яшчэ ў адной намінацыі “Наша праца – табе, Радзіма” трэцяе месца прысуджана кіраўніку “Руні” члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціне Гіруць-Русакевіч за верш “Мы – ветэраны”. Да слова, у конкурсе адзначаны літаратары з 9-ці раёнаў Міншчыны, і толькі Валожынскі прадстаўлены двойчы. А 28 чэрвеня ў Мінскім Палацы культуры ветэранаў адбудзецца ўшаноўванне пераможцаў.

У сярэдзіне чэрвеня наш Валожын стаў пляцоўкай для работы Школы журналістыкі, якая існуе пры нямецкім адукацыйным цэнтры імя Йаханэса Рау і падтрымліваецца пасольствам Германіі ў Беларусі.

На працягу трох дзён у горадзе і навакольных населеных пунктах у пошуку новых тэм працаваў журналісцкі дэсант. Каля 20-ці маладых журналістаў прадстаўлялі самыя розныя дзяржаўныя і недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі – партал TUT.BY, “7 дней”, часопіс “Имена”, радыё “Мінская хваля”, “Рэгіянальную газету”, “Голас Веткаўшчыны”, “Слуцкі кур’ер”, Браслаў.бай і іншыя.

Тэма семінара была наступная: “Новая сацыяльная журналістыка ў беларускіх СМІ”. Тэарэтычная частка праходзіла на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра. Удзельнікі пазнаёміліся са славутымі мясцінамі нашага горада, пабывалі ў раённым краязнаўчым музеі, на аграсядзібе “Марцінава Гусь”, сустрэліся з дабрачынцам з Германіі Герхардам Крамерам, які на працягу дзесяцігоддяў дапамагае раёну ў пераадольванні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, проста размаўлялі з гараджанамі на вуліцах. Па выніках работы будзе створаны цыкл матэрыялаў у СМІ, якія прадстаўлялі ўдзельнікі, а таксама сайт “Валожын: 24 гадзіны з жыцця горада”. Журналістам спадабаліся добрыя і гасцінныя людзі, адзначылі яны і добры ўзровень сэрвісу ў гасцініцы і рэстаране “Карона”.

 

 

На базе аграсядзібы “За масточкам” (гаспадар Дзмітрый Наканечны) рэалізуецца праект Еўрасаюза “Птушкі ў аб’ектыве”.

Яго партнёрамі з’яўляюцца тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Сакаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа.

14 чэрвеня ўсе партнёры сустрэліся на аграсядзібе, дзе прадстаўнікі дзённых аддзяленняў для інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту, настаўнікі і вучні Сакаўшчынскай СШ, гаворачы дзелавой афіцыйнай мовай, рыхтавалі праектную інфраструктуру. Калі сказаць прасцей, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю, дзе неўзабаве з’явяцца зручныя аб’екты для магчымасці на ўлонні прыроды назіраць за птушкамі, іх жыццём і паводзінамі.

 

З Мінскай абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ў раён паступіла невялікая партыя гуманітарнай дапамогі.

     У дабрачынным грузе з Ісландыі дастаўлены наборы для дзяцей да года, наборы для хлопчыкаў да 9-ці гадоў. Дапамога прызначана для адзінокіх маці, мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў.

 

 

Ля кінатэатра “Юнацтва” ў райцэнтры 17 чэрвеня ўстаноўлены перасоўны відэакомплекс 5D, які будзе працаваць да 30 чэрвеня. Гэта ўстаноўка належыць КУП “Мінаблкінавідэапракат”.

 

Для дзяцей у дні канікулаў з’явілася яшчэ адна кропка, дзе можна бавіць час. У дзень тут бывае да 60 наведвальнікаў, за першы тыдзень работы з фільмамі пазнаёміліся больш за 300 юных і дарослых гледачоў. Прыязджаюць дзеці і з сельскіх населеных пунктаў. У рэпертуары 32 фільмы, ёсць і са спецэфектамі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars