Дарогі дадому

Культура

Гэты дом па вуліцы Савецкай у Ракаве заўсёды належаў аднаму роду. Па волі лёсу прадстаўнікі некалькі пакалення гаспадароў вымушаны былі пакідаць бацькаўшчыну, але потым, як птушкі з выраю, зноў вярталіся.

Так здарылася і з бацькам цяперашняй гаспадыні, Вікенціем Урбановічам. Перад пачаткам апошняй вайны ў пошуках лепшай долі ён выехаў у Львоў. Адтуль мабілізаваўся на фронт, а ў родны Ракаў вярнуўся ў пачатку 50-х гадоў ужо з сям’ёй.

Людміла Вікенцьеўна нарадзілася ў Львове, у Ракаў прыехала падлеткам, а ў хуткім часе перабралася ў Мінск. Сталіца будавалася, патрабавала маладых рук. Вясковыя юнакі і дзяўчаты станавіліся гараджанамі, з лёгкасцю асвойваючы новыя спецыяльнасці. Людміле хацелася даказаць, у першую чаргу самой сабе, што яна – сучасны, перадавы чалавек. Ніхто з равесніц не ўмеў ездзіць на матацыкле, а яна навучылася! Ды не на “Мінскім” ці “Яве”, а  на цяжкім “Урале”. Дзявочыя ногі не даставалі да зямлі пры спыненні тэхнікі, але затое прычоска прыгожа развявалася на ветры падчас язды (тады не забаранялася матацыклістам ездзіць без шлема) і прыцягвала ўвагу ўсіх, хто знаходзіўся на дарозе.

Выбіраючы прафесію, без ваганняў вырашыла, што стане шафёрам. Мужчыны і цяпер з пагардай ставяцца да жанчыны за рулём, а што гаварыць пра сярэдзіну мінулага стагоддзя! Людміле Вікенцьеўне прыходзілася нялёгка: ніякай гідраўлікі ручнога кіравання яшчэ не існавала, і для таго, каб “выкруціць” колы шматтонніка, патрабаваліся значныя фізічныя намаганні. Але працавала яна нароўні з дужымі калегамі. Упраўлялася з ЗІЛамі і ГАЗамі, развозіла разнастайныя тавары па гандлёвых кропках. Навучылася і рамонтныя работы выконваць, і шматгадзінныя рэйсы вытрымліваць. Паступова стала паўнапраўным членам мужчынскага калектыву, хоць і заставалася “белай варонай”: ледзь не адзінай жанчынай-вадзіцелем грузавіка ў мільённым Мінску.

Вялікі горад не зламаў маленькую, шчуплую, але моцную духам вясковую дзяўчыну. Тут яна стала не толькі сапраўдным прафесіяналам, але і добрай жонкай, клапатлівай маці для дваіх дзяцей. Разам з мужам, зваршчыкам па прафесіі, набылі кватэру, матэрыяльную незалежнасць. Праз гады цяжкай працы Людміла Вікенцьеўна Ахрамовіч захавала жаноцкасць і зараз знешне хутчэй нагадвае балярыну на пенсіі, чым шафёра.

Пасля ўрачыстых провадаў на заслужаны адпачынак яна вярнулася ў бацькоўскі дом. Прызвычаіўшыся за шмат гадоў да фізічных нагрузак, так і не навучылася гадзінамі сядзець перад тэлевізарам ці бавіць час за размовамі. Гэта васьмідзесяцігадовая жанчына з самага рання і да позняга вечара на нагах: упраўляецца з агародам, падтрымлівае парадак у доме. Не пакідае без увагі нават тыя ўчасткі зямлі, што прылягаюць да падворка: садзіць кветкі, даглядае іх. Імкнецца, каб усюды было прыгожа. З задавальненнем Л. В. Ахрамовіч раздае букеты з бэзу і каліны, вяргіняў і астраў гасцям, знаёмым, а то і проста прахожым. Яе рухавасці могуць пазайздросціць маладзейшыя вяскоўкі, а паспрачацца ва ўменні гаспадарыць і наогул рэдка хто адважыцца.

Людміла Вікенцьеўна прызнаецца, што любіць жыццё, людзей, шкадуе ўсё жывое. А яшчэ ўпэўнена, што медыцына, хоць і назапасіла вялікі вопыт у барацьбе з хваробамі, але не з’яўляецца для чалавека адзіным гарантам даўгалецця і здароўя. Ленавацца не трэба – вось сакрэт, які яна ні ад каго і не хавае. За дапамогай да ўрачоў звяртаецца вельмі рэдка, запасу лекаў дома не трымае і ўжывае іх толькі пры выключнай нагодзе.

Уменне выдатна кіраваць транспартнымі сродкамі перадалося дзецям і ўнукам Л. В. Ахрамовіч. Унучка Яна, якая вывучае замежныя мовы ва ўніверсітэце, прыняла ўдзел у сёлетнім міжнародным байкерскім злёце ў Брэсце. Яна і за рулём аўтамабіля адчувае сябе як рыба ў вадзе. Часам жартуе: “А што, бабуля, можа паганяем навыперадкі?” Людміла Вікенцьеўна даўно не практыкавалася, як вадзіцель, але ў снах часта бачыць сябе аўтагоншчыкам… І ўпэўнена, што пры неабходнасці справілася б з любой іншамаркай.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий