З расказаў пра Паніззе

з-расказаў

У камуністычныя часы цэнтральныя плошчы і галоўныя вуліцы населеных пунктаў часцей за ўсё называлі ў гонар Леніна. У Валожыне гэта гучнае імя прыпісалася не зусім тыпова. Вуліца Леніна хоць і самая працяглая ў горадзе, але хутчэй нагадвае вёску…

Вёска існавала тут здаўна, не канула ў Лету і яе назва – Паніззе. Вільготная, забалочаная нізіна стварала шмат складанасцей для земляробства. Граф Тышкевіч, тагачасны ўладар наваколля, прывёз сюды некалькі сямей палешукоў з-пад Бярэсця, якія ўмелі весці гаспадарку менавіта на балотах. Кажуць, так і з’явіліся на Валожыншчыне людзі з прозвішчам Шакун. За шмат дзесяцігоддзяў яны, нараўне з Зенькамі, Бубневічамі, Касоўскімі, Пасекамі, Журкевічамі і Таўгянямі, пачалі лічыцца карэннымі жыхарамі нашай мясцовасці. Гараджанамі ж жыхары Паніззя сталі ў першай чвэрці мінулага стагоддзя, калі вёска набыла статус гарадской вуліцы і атрымала назву Навагрудская. Але сялянскі ўклад жыцця тут не змяніўся нават і зараз.

Заўсёды вялікую ролю на Паніззі адыгрывала рачулка Валожынка. У старадаўнія часы на яе берагі прыносілі ў вялікіх цэбрах замочаныя льняныя палотны, каб выбеліць іх і высушыць на кустах. Тут жанчыны мылі бялізну, па-заліхвацку выбіваючы бруд драўляным пранікам. Здаралася, што падчас паводкі Валожынка шырока разлівалася, падтопліваючы сенажаці і агароды. Але калі вада спадала, то ў траве заставалася рыба, якую па-мясцоваму называлі сліжамі. Ганна Рыгораўна Барбашынская, дзяцінства і юнацтва якой прайшло на вуліцы Леніна, успамінае, што самыя руплівы маглі назбіраць цэлыя кошыкі тых сліжоў… Яшчэ адзін з яркіх малюнкаў дзяцінства Г. Р. Барбашынскай – “гаці” на Валожынцы. Гэта былі своеасаблівыя купальні, дзе можна было памыцца, паплаваць. Да іх часам наведваліся ў арганізаваным парадку і салдаты.

Хаты па вуліцы Леніна заўсёды будаваліся паралельна рэчышчу Валожынкі. А так як рэчку неаднойчы раўнялі, то віецца і вуліца. Даўнейшыя дамы стаяць досыць шчыльна, тулячыся адзін да аднаго. Гісторыя ж усіх старых хат пачыналася аднолькава. Перш, чым засяліцца ў новы будынак, неабходна было зладзіць вечарынку для моладзі. Запрашаліся музыкі-самавучкі, і да самай раніцы хлопцы і дзяўчаты ў танцах “абтоптвалі” падлогу, “ушчыльнялі” вуглы. Пасля тых гучных гуляў гаспадарам дазвалялася абжываць памяшканне.

Фадзей Бубневіч, які жыў у доме № 107, славіўся на ўсю акругу як адмысловы будаўнік. Майстэрства ён пераняў за мяжой. У 1944 годзе Фадзея мабілізавалі ў дзеючую армію. Яго так уразіла еўрапейская архітэктура “малых” форм, што вырашыў і ў родным Паніззі будаваць па тых жа канонах. Зрубы Фадзея сапраўды аказаліся надзейнымі, з адмысловымі вугламі. Тую манеру класці бярвенні назвалі “нямецкай”. Дамы з нямецкімі вугламі не падаюць у цане і сёння.

Будынак пад нумарам 195 – вялікі і яўна даўнейшы. Старажылы сцвярджаюць, што тут калісьці жыла заможная сям’я Мамонькаў. Яны займалі толькі палову хаты, а другую частку аддалі пад школу для сялянскіх дзяцей. Працэс навучання праходзіў без чыноўніцкага ўмяшання. Настаўнікамі ж выступалі добраахвотнікі, якія самі  часам мелі толькі пару класаў за плячыма… Тым не менш, іх аўтарытэту маглі бы пазайздросціць і сённяшнія педагогі!

На супрацьлеглым баку ад былой “народнай” школы стаіць дом № 188. У пяцідзясятыя гады, калі арганізоўвалі калгасы, тут кватаравала  сям’я старшыні Паўла Самуілавіча Аўраменкі. Папрацаваў ён нядоўга, але пакінуў пра сябе добрую памяць – быў і чалавекам выдатным, і гаспадарнікам таленавітым, а ў далейшым стаў вядомым на ўсю рэспубліку вучоным-аграрнікам. Дарэчы, першы ў Валожыне тэлевізар з’явіўся менавіта ў доме Аўраменкаў. Суседзі з усёй вуліцы наведваліся сюды вечарамі на тэлесеансы. Перад маленькім экранам цуда-тэхнікі размяшчалася ёмістасць для вады, што адыгрывала ролю павелічальнай лінзы. Уключаўся тумблер, і людзі заміралі ў захапленні…

Але яшчэ раней, чым Аўраменка, далучаў народ да сусветнай культуры Рыгор Шакун. Частку хаты (зараз дом № 151) ён ператварыў у кіназалу: на сцяну вешалася прасціна, а траскучы апарат, які прыводзіўся ў дзеянне ручным рухавіком, паказваў “нямыя” кінастужкі замежнай вытворчасці. Тут жа, пры выпадку, ладзіліся вечарынкі, вяселлі.

Некаторыя хаты былі прыстасаваны пад крамы. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся магазін у доме № 147. Гаспадар Юза Шарэцкі і яго жонка Антоля адказвалі за санітарны стан і захоўванне тавараў, а непасрэдна гандаль вяла яўрэйка Ада. Як спрытна ішла ў яе гэта справа! У небагаты пасляваенны час нават сталічныя магазіны не заўсёды маглі пахваліцца такім асартыментам, які прапаноўваўся ў гэтай невялічкай кропцы. Па настойлівай парадзе прадаўшчыцы ў дамах жыхароў вуліцы Леніна з’явіліся і кнігі. Ада рэкамендавала не толькі мастацкую літаратуру, але і дапаможнікі садаводу, кветкаводу, пчаляру, маладой гаспадыні. Цяпер тыя фаліянты – на вагу золата.

Дом пад нумарам 156 калісьці ведалі не толькі валожынцы, але і жыхары іншых раёнаў і абласцей. Гаспадарыў тут працавіты і кемлівы чалавек Хведар Уласік. Меў ён невялічкі надзел зямлі і лічыўся бедняком. Але аднойчы ў рукі яму трапілі чарцяжы нямецкай механічнай воўначасалкі. Па той схеме Хведар і змайстраваў машыну для часання авечай воўны і заняўся, як цяпер кажуць, прадпрымальніцкай дзейнасцю. Цэлыя караваны з’язджаліся да хаты Хведара. Бывала, што чэргі стаялі тыднямі.

Ёсць на вуліцы Леніна яшчэ адзін знакавы будынак – дом № 121, паўстагоддзя назад больш вядомы як «штаб». Хата належала ўдаве Аленцы. Наўрад ці ва ўсім Паніззі было месца, больш любімае ў тагачаснай моладзі. Кожную суботу мясцовыя хлопцы і дзяўчаты збіраліся сюды на вечарынку. І сёння на вуліцы Леніна жывуць нашчадкі сямейных пар, што пазнаёміліся там.

Трэба адзначыць, што панізскія дзяўчаты ў нявестах доўга не заседжваліся. Вызначаліся яны прыгажосцю, выхаванасцю, працавітасцю. Нават нетутэйшыя хлопцы, якім выпала несці тэрміновую ваенную службу ў Валожыне, гэта заўважалі і ахвотна бралі замуж дачок жыхароў з вуліцы Леніна. Некаторыя, ажаніўшыся, назаўсёды заставаліся ў Валожыне. Так пачалі з’яўляцца на вуліцы новыя прозвішчы – Ткачовы, Лазаравы, Краўчанкі… Затое з якімі слязамі праводзілі тых дзяўчат, якія збіраліся паехаць за каханым у далёкі свет! Маладых благаслаўлялі не толькі бацькі, але і сваякі, суседзі. І гэта ўсеагульнае братэрства роднай вуліцы мела нейкую містычную сілу, бо выхадцы Паніззя з удачай не размінуліся і на іншых землях…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота Віталя МЫШЛЁНА

і Алены ЗАЛЕСКАЙ

з-расказаў

з-расказаў1

з-расказаў2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Адзін каментарый да матэрыяла “З расказаў пра Паніззе”

  1. Іван Пікірэня:

    Шчыра дзякую ад усёй нашай сям’і за вельмі цікавы і пазнавальны артыкул. Першы раз пачулі пра прозвішча Шакуны.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars