Не скарыўся выпрабаванням

не скарыўся

На тэрыторыі Пяршайскага сельсавета ў жывых засталіся толькі два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх – жыхар вёскі Янушкавічы Вацлаў Адамавіч МЯНЦЮК. Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і 10 мая 1924 года. Шчаслівыя бацькі і гадаць не маглі, што роўна праз 21 год іх сын будзе стаяць у самым цэнтры Берліна і радавацца, што скончылася вайна, што выйшаў жывым з вогненнага пекла…

Вацлаву Адамавічу за доўгае жыццё давялося шмат чаго пабачыць на ўласныя вочы. Пятнаццацігадовым юнаком ён разам з іншымі янушкаўцамі вітаў воінаў Чырвонай Арміі, якія прыйшлі вызваляць Заходнюю Беларусь. Людзі сустракалі чырвонаармейцаў прыгожа прыбранымі, з дзецьмі на руках. У той дзень сяляне не працавалі – была нядзеля, і яны збіраліся да касцёла. Але звыклы расклад давялося парушыць. Як паказала жыццё, перамены тады толькі пачыналіся…

Да 1943 года вяскоўцы займаліся сваімі звыклымі справамі, дзяліліся чуткамі аб тым, якія зверствы ўчынены акупантамі, і стараліся лішні раз на вочы ім не трапляцца. Хутка ў лясах з’явіліся партызаны. Людзі аказвалі ім пасільную дапамогу і не ўяўлялі, да якой бяды гэта прывядзе. 9 жніўня 1943 года, раніцай, гітлераўскія карнікі акружылі вёску, сагналі ўсіх, каго ўдалося схапіць, у хлеў і падпалілі. У агні загінулі 77 чалавек…

Пасля карнай аперацыі цэлых дамоў у вёсцы не засталося. Набліжалася зіма, і трэба было думаць, як засцерагчыся ад голаду і холаду. На наступны год у людзей з’явілася надзея на вызваленне. Немцы цярпелі паражэнне на ўсіх франтах. Фашысты адступалі імкліва, нават не заўсёды вярталіся, каб падняць у кузаў тое, што звалілася. Кінутыя скрынкі людзі разбіралі, спадзеючыся хоць чым-небудзь разжыцца. Вацлаву часам даводзілася адганяць дзяцей ад тых знаходак. Хлапчукі нярэдка спрабавалі самастойна ўзрываць розныя боепрыпасы і ў выніку заставаліся пакалечанымі, а то і гінулі.

Сам Вацлаў Мянцюк зброяй не цікавіўся. Але хутка яму ўсё ж давялося спасцігаць ваенную навуку. У жніўні 1944-га яго прызвалі ў армію. Служыў у роце пехацінцаў 1-га Беларускага фронта. Апошняй кропкай прыпынку ў ваеннай біяграфіі Вацлава Адамавіча стаў Берлін, атакаваць які пачалі 16 красавіка.

Пажылы ветэран упэўнены, што сталіцу фашыстаў і рэйхстаг бралі беларусы. Так здарылася, што ў апошніх баях побач з В. А. Мянцюком былі менавіта тыя хлопцы, што прызываліся з вызваленых тэрыторый Беларусі. Нават знаёмага івянчаніна сустрэў у Германіі!

Калі над Берлінам узняўся чырвоны сцяг, горад на некалькі хвілін ахінула цішыня. А потым зноў пачалася стральба – гэта салютавалі пераможцы. Ля рэйхстага быў і гвардыі радавы Вацлаў Мянцюк, ураджэнец і жыхар знявечанай фашыстамі вёскі Янушкавічы…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота з архіваў рэдакцыі

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars