Бязвінныя ахвяры фашызму

24834954

Роўна 75 год таму ў Валожыне, у пясчаным кар’еры на Папоўцы,  былі расстраляны ксёндз касцёла св. Юзафа Удальскі, пані Фамінская (жонка ўрача Фамінскага), жыхары Янкоўскі і Дратвіцкі. Вось што піша ў артыкуле “Жыццё і пагібель яўрэйскай абшчыны” былы настаўнік Васіль Раманавіч Гарбачэўскі:

…Непасрэдную адносіну к гітлераўскаму нішчэнню габрэйскага народа мае і трагічная падзея, што адбылася ў Валожыне летам 1942 года. На Польнай вуліцы (Партызанская вуліца) жыў паляк Дратвіцкі. Ён меў свой дом і пры доме пякарню. Выпякаў хлеб пры ўсіх уладах, у тым ліку і ў час нямецкай акупацыі. Жонка яго была габрэйкай. У іх быў хлопчык Бэнак (Бэнадыкт). Хлопчык быў ахрышчаны ў касцеле, што не з’яўлялася асаблівым сакрэтам, і многія аб гэтым ведалі. Калі ж гэта дайшло да немцаў, то гестапа арыштавала ксяндза Удальскага, куму Фамінскую і кума Янкоўскага. Пасля прыйшлі арыштоўваць Дратвіцкіх (гестапа размяшчалася амаль насупраць дома Дратвіцкага з процілеглага боку вуліцы). Калі Дратвіцкаму загадалі сабрацца, ён сказаў, што печ загружана хлебам, які ўжо хутка спячэцца. Немцы пачакалі, пакуль спёкся хлеб, а пасля загадалі пазваць жонку і хлопчыка, але іх нідзе ўжо не было. Дратвіцкай з сынам удалося схавацца недалёка ад дома, і іх не знайшлі. Ноччу яны незаўважна дабраліся да бліжэйшай вёскі, а пасля трапілі ў партызанскую зону. Ксяндза, куму, кума і Дратвіцкага ў хуткім часе расстралялі ў кар’еры на Паповай гары, а Дратвіцкая з сынам пасля вызвалення г. Валожына ад акупантаў вярнуліся дамоў.

Васіль ГАРБАЧЭЎСКІ

 

   Ад рэдакцыі: Як паведаў гісторык і краязнаўца Мечыслаў Францавіч Новак , будынак, дзе размяшчалася гестапа, захаваўся да нашых дзён. Сёння гэта жылы, двухпавярховы дом па вуліцы М. Горкага.

     У будынку, які зараз займае народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”, знаходзілася ўрачэбная амбулаторыя. Па-суседству з амбулаторыяй, у аднапавярховым, мураваным доме жыў пекар Дратвіцкі з сям’ёй.

     Хлебапёк здагадаўся, з якой мэтай прыйшлі да яго гітлераўцы. Пакуль боханы даспявалі ў печы, ён паспеў папярэдзіць жонку з дзіцем аб небяспецы. Жанчына і хлопчык непрыкметна выбраліся з дому праз “чорны” ход.

    Пасля вайны ўдава хлебапёка разам з сынам выехалі з Валожына.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars