Вайна была балючай тэмай…

вайна была балючай

Пра лёс гэтага чалавека даведалася выпадкова. Загаварыла са знаёмай пра тое, як мала застаецца побач з намі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, і тая расказала пра дзеда-ветэрана. Гісторыя яго жыцця зацікавіла…

Васіль Васільевіч Рубацкі нарадзіўся і жыў у вёсцы Бабровічы. Ён нават не ўяўляў, што давядзецца прайсці з баямі па землях, аб якіх чуў па радыё і чытаў у падручніках. Сям’я Рубацкіх, па мерках саракавых гадоў мінулага стагоддзя, шматдзетнай не лічылася – чацвёра дзяцей. Працавалі на зямлі з ранку да вечара, даглядалі жывёлу, наведвалі школу. Да навукі хлапчук быў здатны, цікавіўся рознымі механізмамі, марыў навучыцца кіраваць трактарам…

У пачатку акупацыі яму толькі-толькі споўнілася шаснаццаць гадоў. А ў 1944 годзе дзевятнаццацігадовага Васіля Рубацкага прызвалі ў Чырвоную Армію. Франтавая рэальнасць аказалася значна больш жорсткай і страшнай, чым юначыя фантазіі. Нашчадкі былога чырвонаармейца, на жаль, не валодаюць дакладнай інфармацыяй аб усіх перыпетыях баявога шляху роднага чалавека. Вядома, што прымаў удзел у вызваленні Беларусі. У складзе двухсотай стралковай дывізіі змагаўся на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Падчас наступлення савецкіх войск быў цяжка паранены ў руку. Перамогу сустрэў на шпітальным ложку. Пасля працяглага лячэння прадоўжыў службу ў семдзясят чацвёртым асобным інжынерна-аэрадромным батальёне, быў трактарыстам. Такім чынам, яго мара – навучыцца кіраваць тэхнікай – збылася. Больш на фронт не вярнуўся. Але нашага героя знайшла ўзнагарода. За праяўленыя мужнасць і гераізм, умелыя дзеянні ў баі, падчас якога асабіста знішчыў некалькі адзінак варожай тэхнікі, стралка Рубацкага ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

Родныя ганарацца рэліквіямі, што засталіся ад ветэрана, старанна зберагаюць ордэны Вялікай Айчыннай вайны I ступені і Чырвонага Сцяга, медалі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, мноства юбілейных узнагарод…

Па-сапраўднаму мірнае жыццё для жыхара Валожыншчыны пачалося толькі ў 1950 годзе. Маладому чалавеку са спецыяльнасцю месца механізатара ў родной гаспадарцы было забяспечана. Пазней ён перавучыўся на вадзіцеля, і менавіта гэта работа стала яго прызваннем на ўсё жыццё. У былым калгасе “Імя Суворава” В. В. Рубацкага цанілі – меў безліч грамат, дыпломаў, падзяк. На заслужаны адпачынак пайшоў з медалём і пасведчаннем “Ветэран працы”.

Васіль Васільевіч да самай смерці славіўся сваёй дабрынёй, шчодрасцю, працавітасцю. Разам з жонкай Нінай Лявонцьеўнай яны стварылі цудоўную сям’ю, у якой выраслі трое дзяцей. Дачакаліся ўнукаў. Сёння аповяд пра баявога прадзядулю з гонарам слухаюць трынаццаць праўнукаў. Шкада, але франтавік мала расказваў аб падзеях вайны:  тэма гэта была для яго балючай. Калі ж і пачынаў штосьці ўспамінаць – заўсёды плакаў. Магчыма, перад яго вачыма паўставалі таварышы, што назаўсёды засталіся на палях бітваў. Не любіў стары салдат і ваенныя фільмы, але ж, калі раптам затрымліваўся ля экрана тэлевізара, адарвацца ўжо не мог. Часта паўтараў: “Вайну не варта паказваць – яе нельга дапускаць”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота з сямейнага архіва Рубацкіх

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars