Размова з прабабуляй-ветэранам

размова з прабабуляй

Верш “Размова з прабабуляй-ветэранам” Уладзіслава БАЙСАВА, вучня 4 класа Вішнеўскай СШ, атрымаў перамогу ў рэспубліканскім конкурсе “Ніколі не забудзем: унукі аб вайне” і ўвайшоў у кнігу з аднайменнай назвай.

Уладзіслаў БАЙСАЎ нарадзіўся і жыве ў час, калі пра вайну дзеці ведаюць з кніжак ды кінафільмаў. Але Улад, якому споўнілася толькі 10 гадоў, пра вайну можа расказаць шмат.

У яго сям’і Дзень  Перамогі – адно з галоўных святаў.  Сказаць, што пашчасціла – не: проста склалася так, што яго дзве прабабулі – Таўгень  Ніна Мацвееўна і Кулак Ніна Іванаўна – у гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах. І сям’я хлопчыка беражліва захоўвае памяць пра іх, з цеплынёй і хваляваннем успамінаюць родныя расказы пра тыя ваенныя падзеі.

Прабабулю Н. І. Кулак Уладзік не памятае: яе не стала, калі яму не было і года. А вось з Н. М. Таўгень хлопчыку пашанцавала не аднойчы пагутарыць – ён вельмі сябраваў з ёй. Любіў хадзіць у госці і заўсёды з цікавасцю слухаў аповяды пра тыя цяжкія часіны, здзіўляўся, якія смелыя і рашучыя былі людзі, выведваў “сакрэты” бабулі аб яе даваенным жыцці. І вельмі ўражвала малога тое, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, бабуля ніколі не скардзілася на свой лёс, была ў добрым настроі і заўсёды частавала яго цукеркамі.

У 2014 годзе ў сям’і Уладзіслава  здарыўся пажар: агнём быў знішчаны дом, асабістыя рэчы. А праз два тыдні ізноў бяда ўварвалася ў сям’ю: не стала Ніны Мацвееўны. Толькі назаўсёды застаўся ў сэрцы ўспамін аб ёй ды некалькі фатаграфій, якія знайшліся ў радні.

Калі ў класе, дзе вучыўся Уладзіслаў, рыхтавалася мерапрыемства, прысвечанае падзеям Вялікай Айчыннай вайны, хлопчык падыйшоў да настаўніцы і ціха прамовіў: “У мяне таксама была бабуля, якая змагалася з ворагам у партызанскім атрадзе. Я з ёй сябраваў і часта размаўляў. Яе ўжо больш няма.  А мне б вельмі хацелася расказаць, каб пра яе ведалі і іншыя”.

Так з’явіўся верш, у якім Уладзіслаў паспрабаваў расказаць пра дарагога чалавека – сваю прабабулю Ніну Мацвееўну Таўгень.

 

 

Я з прабабулькаю дружу,

У госці да яе хаджу.

Аднойчы жалюся і плачу:

– Ну не магу рашыць задачу,

Бяда, кажу, што мне рабіць?!

Бабуля ціха так стаіць

І галавой сівой ківае,

Расказ свой ціха пачынае:

– Была тады я маладая,

Любіла вельмі танцаваць.

Шчыруеш цэлы дзень у полі,

А ўвечары – у клуб спяваць.

Шчасліва, радасна жылося,

Ды раптам усё абарвалося…

Бо страшны вораг

Напаў  на нашу краіну.

У той вайне

Кожны трэці загінуў.

Полымем ахоплены вёскі,

А немец, кат той жорсткі,

Наступаў на нашу краіну.

І кожны ў бой з немцам рынуў,

Каб зберагчы сваю зямлю,

Сваю любімую Радзіму.

Тады ў шуловічскіх лясах

З’явіўся партызанскі атрад.

Рашыла я ў атрад падацца,

Каб з лютым ворагам змагацца,

Прагнаць яго з сваёй зямлі,

Каб  людзі шчасліва жылі.

–  А што ў атрадзе ты рабіла?

– Усё: у разведку я хадзіла,

Хлеб для атрада выпякала

На варце ўначы стаяла.

Бінты для раненых байцоў

У часы зацішша рыхтавала,

Усім, чым магла, дапамагала.

– А як табе тады жылося?

– Усяк, унучак, мне прыйшлося:

Ляжаць у засадзе на снягу,

Пад праліўным дажджом

змагацца.

Спаць у балоце і на моху…

– А страшна было?

– Было троху.

Ды вера наша ў Перамогу

Давала сілы нам заўжды.

Мы не баяліся “бяды”,

Што не рашаецца задача.

– Прабач мяне, больш не заплачу.

Мне сорамна, я зразумеў,

Я болей скардзіцца не буду

Табе, што штосьці не магу.

Успомню я цябе ў снягу…

Бывай, рашаць задачу пабягу.

 

… Ды прабабулі вось не стала.

Яна так многа не сказала…

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars