Калі некаторыя мірна жыць не хочуць…

Закон и порядок

Лета – цудоўная пара для тых, хто плануе адпачынак, і гарачы час для працаўнікоў сяла. Здаецца, што трэцяга, як кажуць, не дадзена. Аднак, на жаль, існуе катэгорыя грамадзян, якім па тых ці іншых прычынах (а часцей па адной – алкагольнай) становіцца ці то сумна, ці то цесна побач з іншымі. І вось пайшла фантазія ўразнос…

Апошнім часам раённым аддзелам следчага камітэта ўзбуджана некалькі крымінальных спраў у адносінах да грамадзян, што пастаянна ці часова пражываюць на тэрыторыі раёна.

45-гадовы жыхар Валожыншчыны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, вырашыў выехаць на аўтадарогу Валожын-Вішнева на мотаблоку “Беларус-09Н”.  Транспартны сродак, на якім перамяшчаўся нецвярозы вадзіцель, быў без рэгістрацыйнага знака. Парушальнік на працягу года ўжо прыцягваўся да адказнасці па ст.18.16 КоАП (кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення) і караўся штрафам у памеры 50 базавых велічынь. Але ж развітанне з 1050 рублямі не спыніла яго перад новым “подзвігам”.

Прыцягнуты да адказнасці ўраджэнец горада Горкі Магілёўскай вобласці, які ў стане алкагольнага ап’янення учыніў сапраўдны дэбош ў кафэ “Вайфай”, што знаходзіцца ў г. п. Івянец. У выніку наўмысных хуліганскіх дзеянняў была пашкоджана маёмасць установы. Парушальніку грамадскага парадку прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства што прадугледжана ч. 2 ст. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (хуліганства). Грамадзянін ужо неаднойчы праяўляў непавагу да грамадства, за што неаднаразова прыцягваўся да суда. Дарэчы, апошні раз яго справу разглядаў суд Валожынскага раёна. На сёння судзімасць не знята і не пагашана. А наперадзе новы судзебны працэс…

Упершыню ў раёне РАСК узбуджана крымінальная справа па ч. 1 ст 339-1. Ураджэнец горада Клецка абвінавачваецца ў жорсткім абыходжанні з жывёлай. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, садыст не прыдумаў нічога лепшага, як закінуць у студню жыхаркі вёскі Капусціна жывога сабаку. У выніку жывёла загінула. Але ж і заезджы “чалавек з фантазіяй” радаваўся нядоўга.

Аксана САГАДЗІН, следчы РАСК



Добавить комментарий