
Афіцыйнае адкрыццё мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і святу горада Валожына, пачалося на плошчы Свабоды райцэнтра ў 11.00. Да гэтага часу тут сабралася шмат людзей, якія прыйшлі раздзяліць радасць вызвалення роднай зямлі ад фашысцкага гнёту разам з галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасці – ветэранамі-франтавікамі. На жаль, няшмат засталося разам з намі прадстаўнікоў пакалення воінаў-вызваліцеляў, а таму кожная праведзеная разам з імі хвіліна асабліва каштоўная…
Перад пачаткам свята вядучыя паіменна назвалі ганаровых гасцей – прадстаўнікоў дэлегацый з украінскага горада Макарава, расійскіх Зарайска і Лобні, балгарскага Попава, эстонскай Йыгэвы, літоўскага Рудаміна і польскага Жгува… Пасля выступлення намесніка старшыні райвыканкама П. І. Бібіка, які ўзгадаў старонкі ваеннай гісторыі, адзначыўшы невымерны подзвіг ветэранаў у імя жыцця і міру на ўсёй зямлі, і даў старт афіцыйнаму мерапрыемству, кожны з гасцей палічыў за гонар выступіць перад валожынцамі і пакланіцца франтавікам. Бо ваеннае ліхалецце з яго болем і страхам было адным на ўсіх…
Ад імя ўдзельнікаў вайны слова трымаў Аляксей Іванавіч Санталаў. Прамова гэтага чалавека была прасякнута перажытым, аднак у той жа час адчуваліся нязломнасць і моц характару, якія і дазволілі нашым войскам спыніць, развярнуць, а потым і звергнуць рэжым агрэсара. “А мы – памятаем і ганарымся!” – такім быў дэвіз сённяшніх пакаленняў. Шчырую ўдзячнасць ад моладзі – пераемнікаў слаўных традыцый бацькоў і дзядоў выказала стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, выпускніца сярэдняй школы № 2 г. Валожына Анастасія Стэльмах.
Заўжды велічнымі відовішчамі становяцца цырымонія ўнясення на сцэну Дзяржаўнага Флага Рэспублікі Беларусь, Флага Валожынскага раёна і Баявога Сцяга 153-й асобнай Кёнігсбергскай Ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння і ўскладанне кветак кіраўніцтвам раённай вертыкалі ўлады, прадстаўнікамі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, а таксама дэлегатамі і гасцямі да брацкай магілы, традыцыйная хвіліна маўчання… І, вядома ж, нікога не пакідае раўнадушным святочнае шэсце калон.
Пасля афіцыйнай часткі распачалася маштабная творчая праграма. Нумары самадзейных калектываў і асобных артыстаў знаходзілі водгукі ў душах людзей, якія сабраліся ў той дзень ля раённай сцэны. Адной з жамчужын канцэрта стала выступленне рэтра-бэнда з аграсядзібы “Ганка” “Добры настрой” пад кіраўніцтвам гаспадара-акардэаніста Анатоля Ганца. Добра знаёмыя душэўныя песні 30-х і 40-х гадоў мінулага стагоддзя ў іх выкананні ператварыліся ў цудоўную нагоду для дружнага харавога спеву.
Аматарам падсілкавацца на вольным паветры раздолле было на вуліцы Савецкай райцэнтра і ў іншых кропках, дзе раскінуліся палаткі выязнога гандлю, наладжанага райспажыўтаварыствам і грамхарчам. Шматлікія атракцыёны прыцягвалі ўвагу дзятвы, а людзі больш сталыя мелі магчымасць займець у маёмасці мудрагелістыя, яркія рамесніцкія вырабы.
Велічным пунктам вячэрняй праграмы стаў удзел у рэспубліканскай акцыі “Спяваем гімн разам”. Гэта падзея адбылася адразу пасля выступлення сталічнага маладзёжнага гурта “PROвакацыя”, і хлопцы з яго складу з задавальненнем далучыліся да агульнага выканання галоўнай песні нашай краіны. А неўзабаве начны гарызонт расцвіў яркімі фарбамі тысяч рознакаляровых агнёў: пачаўся святочны салют. Напоўненыя станоўчымі эмоцыямі, душы валожынцаў і гасцей нашага старажытнага горада прасіліся ў танцы – і гэту магчымасць на завяршэнне калейдаскопа падзей усім падарылі арганізатары дыскатэкі.
Сяргей САДОЎСКІ, фота аўтара