Напярэдадні прафесіянальнага свята мы распыталіся ў начальніка падатковай інспекцыі па Валожынскім раёне Г. С. Шабаль, на чым сёння сканцэнтравана работа службы, пацікавіліся яе аб’ёмамі, а таксама высветлілі, якія задачы дзяржава ставіць перад супрацоўнікамі і як гэтыя патрабаванні рэалізуюцца на прыктыцы.
– Галіна Станіславаўна, дык хто ж канкрэтна ў дадзены момант уваходзіць у мэтавую аўдыторыю службы, якой Вы кіруеце?
– Фактычна, гэта ўсё насельніцтва Валожыншчыны. У інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Валожынскім раёне на падатковым ўліку па стане на 01.06.2017 знаходзяцца 825 арганізацый і 532 індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама фізічныя асобы – плацельшчыкі зямельнага падатку, арэнднай платы і падатку на нерухомасць. Такіх у нас 33719 чалавек.
– Унушальныя лічбы. Напэўна, і сумы падаткаў не менш значныя? Можам мы іх агучыць?
– За студзень-май 2017 года ад плацельшчыкаў раёна ў кансалідаваны бюджэт паступіла 9288906,49 рублёў. У тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт паступіла 1051067,90 рублёў, а ў мясцовы – 8237838,59. Варта адзначыць, што тэмп росту даходаў кансалідаванага бюджэту Валожыншчыны да ўзроўню 2016 года ў фактычных цэнах склаў 108,5%.
– А хто нясе большую падатковую нагрузку? І, будзем сумленнымі, якая сітуацыя сёння з тымі, хто спрабуе ўхіліцца ад патрабаванняў закону?
– Вядома ж, у агульнай суме паступленняў найбольшую ўдзельную вагу займаюць плацяжы арганізацый. Ад іх у бюджэт паступіла 7171405,69 рублёў – 77,2% у агульнай суме даходаў. Пры гэтым арганізацыі дзяржаўнага сектара эканомікі выплацілі 4392033,57 рублёў, або 47,28% ад агульных паступленняў.
Доля плацяжоў арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці склала 34,72%. Ад арганізацый, якія адносяцца да суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, за студзень-май бягучага года паступіла 2336457,92 рублёў – 25,15% у агульнай суме даходаў. Ад індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб – 1193288,43 рублёў (12,8% у агульных паступленнях).
Трэба сказаць, што з кожным годам юрыдычныя і фізічныя асобы, ІП пачынаюць больш адказна ставіцца да выплаты падаткаў. А наша служба, у сваю чаргу, намагаецца зрабіць гэты працэс для іх больш зручным і камфортным.
– А можна пра гэта падрабязней?
– Для забеспячэння паўнаты паступленняў падаткаў у бюджэт ўкараняюцца найноўшыя камп’ютарныя тэхналогіі і ўдасканальваюцца механізмы падатковага адміністравання. Напрыклад, у ліку прыярытэтаў гэтага года – пашырэнне бескантактнага ўзаемадзеяння з плацельшчыкамі. Ужо сёння больш за 45% нашых рэспандэнтаў выкарыстоўваюць для работы з падатковым органам электронны сэрвіс «Асабісты кабінет падаткаплацельшчыка» на сайце МПЗ www.nalog.gov.by. Гэта дазваляе, не выходзячы з дому, атрымаць і раздрукаваць паведамленні на выплату маёмасных падаткаў, падаходнага падатку з фізічных асоб, атрымаць аператыўныя звесткі аб сумах налічаных і выплачаных плацяжоў, наяўнасці пераплаты, запазычанасці па падатках перад бюджэтам, а таксама аплаціць падатковыя плацяжы.
– Ці многія карыстаюцца такой навінкай?
– Сёння асабістыя кабінеты плацельшчыка ўжо маюць больш як 1,5 тысячы фізічных асоб. І гэты функцыянал будзе развівацца. Дарэчы, для карыстальнікаў сэрвісу Міністэрства па падатках і зборах плануе распрацаваць і мабільны дадатак. Увогуле ж, стварэнне камфортных умоў для добрасумленных падаткаплацельшчыкаў, укараненне новых форм узаемадзеяння, аўтаматызацыя функцый – адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці падатковай службы.
– Галіна Станіславаўна, а што б Вы пажадалі супрацоўнікам свайго калектыву перад прафесіянальным святам?
– Безумоўна, у першую чаргу, дзякую ім за прафесіяналізм і кампетэнтнасць, адказнае стаўленне да абавязкаў. А жадаю – здароўя, дабрабыту, аптымізму і поспехаў: як службовых, так і асабістых.
Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ