2011 год праз прызму часу, падзей, фактаў

Общество

150 гадоў назад у Ракаве нарадзіўся Мар’ян Здзяхоўскі, польскі літаратуразнавец і публіцыст, філосаф, палітолаг, прафесар Ягелонскага ў Кракаве, затым Віленскага ўніверсітэтаў, член Польскай акадэміі ведаў, аўтар больш чым 20 манаграфій, прысвечаных польскай, рускай і заходнееўрапейскай літаратурам, сувязям польскай культуры з іншымі. Пад псеўданімам М. Урсін пісаў і друкаваўся на рускай мове.

75 гадоў назад, у 1936 годзе, у вёсцы Канюшаўшчына нарадзіўся Вячаслаў Францавіч Кебіч – акадэмік Беларускай інжынерна-тэхнічнай акадэміі, член-карэспандэнт Міжнароднай інжынернай акадэміі, беларускі палітык, першы прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

105 гадоў таму на тэрыторыі Валожынскага раёна адкрыўся часовы пасажырскі і таварны рух па чыгунцы Полацк-Сядлец. Будаўніцтвам яе кіраваў Уладзімір Віктаравіч Цімафееў-Расоўскі, праз год, у 1907-ым, дарога была здадзена ў эксплуатацыю.

130 гадоў таму (1881 год) у вёсцы Ясьманаўцы Яршэвіцкага сельсавета нарадзіўся Іван Андрэевіч Біч (Таёжны) – Герой Грамадзянскай вайны, член КПСС з 1917 года. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, прымаў удел у рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Хаваючыся ад праследаванняў, выехаў у Енісейскую губерню. Падчас наступлення Калчака арганізаваў там партызанскі атрад, быў камісарам. Скончыў зямны шлях ад рук калчакаўцаў у кастрычніку 1919 года.

125 гадоў таму (1886 год) мяшчане Шая Каплан і Гірш Левін адкрылі фабрыку фосфарных запалак у Вішневе. Аб’ём вытворчасці прадукцыі ў 1894 годзе дасягаў 12 тысяч рублёў.

55 гадоў таму ў вёсцы Вішнева нарадзіўся Сяргей Аляксандравіч Касцючэнка, прэзідэнт АТ “Пріорбанк”, член Беларуска-германскага савета эканамічнага супрацоўніцтва.

105 гадоў назад, у 1906-ым, нарадзіўся Франц Ігнатавіч Тэлішэўскі, работнік Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі, майстар-эксперыментатар па вырабу гліняных музычных інструментаў.

105 гадоў мінула з той пары, як у Ракаве на беразе Іслачы выраслі гмахі касцёла з жоўтай цэглы з элементамі готыкі. Зараз ён з’яўляецца помнікам архітэктуры неагатычнага стылю.

330 гадоў таму (1681 год) маршалак надворны Юзаф Багуслаў Слушка заснаваў у Валожыне касцёл і манастыр бернардзінцаў, пры якім існавала духоўная школа.

35 гадоў таму на карце Валожына з’явіліся вуліцы Падгорная (сёння Міра) і Юбілейная.

У 1976 годзе створана Валожынскае міжкалгаснае вытворчае аб’яднанне па электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, пазней перайменаванае ў райаграпрамэнерга.

50 гадоў таму на магіле 100 мірных жыхароў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, быў устаноўлены помнік – скульптура смуткуючай маці.



Добавить комментарий