З павагай да ветэрана

з павагай да ветэрана

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь актывісты абласной арганізацыі ГА “Белая Русь” наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У госці да жыхара Валожына Аляксея Іванавіча Санталава завіталі намеснік старшыні абласной структуры, начальнік Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак і намеснік начальніка Упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Алег Аляксандравіч Маслаў.

Да іх далучыліся кіраўнік і члены праўлення раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” – дырэктар гімназіі № 1 г. Валожына Алена Іванаўна Клачко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Іванаўна Мілюткіна.

Аляксей Іванавіч і Алімпіяда Мікалаеўна Санталавы да ўвагі з боку кіраўніцтва раёна і грамадскіх арганізацый прывыклі, аднак, пры сустрэчы заўважна хваляваліся. Г. М. Казак павіншавала ўдзельніка вайны з Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна шчыра і пранікнёна падзякавала ветэрану за шчасце жыць пад мірным небам роднай краіны. Шаноўныя людзі, што гасцінна расчынілі свае дзверы перад цэлай дэлегацыяй, атрымалі каштоўныя падарункі. Жонцы ветэрана, яго вернай спадарожніцы, госці ўручылі прыгожы букет.

Аляксей Іванавіч – выдатны суразмоўца. Ён заўсёды з ахвотай расказвае аб сваім жыцці. Падрабязнасці ваенных падзей былы салдат успамінаць не любіць, аднак лічыць сваім абавязкам дзяліцца няпростым вопытам з пакаленнямі, якія такіх выпрабаванняў не зведалі.

Падчас гутаркі ўдзельнікі сустрэчы даведаліся, што ў 1941 годзе, калі пачалася вайна, Аляксею Санталаву толькі-толькі споўнілася 16 гадоў. Жыў ён у гэты час у Расіі. Разам з бацькамі працаваў у калгасе, быў трактарыстам. Людзі верылі, што перамога не за гарамі, таму нават думкі не дапушчалі, што такім юнакам – амаль дзецям – давядзецца ўзяцца за зброю. Тым не менш, ваенная драма расцягнулася на доўгія чатыры гады. У 1943-м ва ўзросце 19 гадоў маладога чалавека прызвалі ў армію. Разам з часцю, у якой служыў, накіраваўся на Далёкі Усход. Удзельнічаў у Маньчжурскай аперацыі ў якасці мінамётчыка. Пасля вайны яшчэ пяць гадоў працягваў службу на Камчатцы. Быў старшынёй, камандзірам узвода. Менавіта ў гэты час вывучыўся на вадзіцеля. З прафесіяй, атрыманай у час ваеннага ліхалецця, не развітаўся аж да выхаду на заслужаны адпачынак.

Сямейная пара Санталавых – сапраўдны прыклад годнага чалавечага жыцця. Разам гэтыя людзі пераадолелі мноства нягод, плённа працавалі, выгадавалі дзяцей, у якіх даўно свае дзеці, унукі. Як сцвярджаюць самі муж і жонка, каб пражыць разам столькі, сколькі пражылі яны (66 гадоў!), патрэбна па-сапраўднаму любіць адзін аднаго і дзякаваць Богу за злучаныя ў адно цэлае лёсы.

Для прадстаўнікоў з вобласці стала сюрпрызам, што ветэран вайны і працы яшчэ і вядомы на Валожыншчыне музыкант і спявак. Ён шмат гадоў быў салістам хору ветэранаў РЦК. Два баяны, нібы верныя сябры, заўсёды стаяць нагатове. І хоць пальцы ўжо не так спрытна бегаюць па клавішах, Аляксей Іванавіч не адмовіўся ўзяць інструмент у рукі. Да імправізаванага канцэрта далучыўся і В. М. Адамовіч. Яго папуры на тэму ваенных песень падтрымалі ўсе прысутныя. Дом Санталавых напоўніўся гукамі музыкі і зладжаным хорам галасоў.

На развітанне Аляксей Іванавіч і Алімпіяда Мікалаеўна пажадалі міру, шчасця, здароўя і дабра ўсім, хто перад святым для іх сям’і днём завітаў ва ўтульны дом па вуліцы Пушкіна. Сам паважаны ветэран – пастаянны ўдзельнік усіх важных грамадска-палітычных мерапрыемстваў, што ладзяцца ў раёне да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. “Заўтра буду выступаць на плошчы, – паведаміў былы франтавік, – перажываю, але адмовіцца не магу. На Валожыншчыне ўдзельнікаў вайны ўжо няшмат засталося. Збярэцца толькі некалькі чалавек. Лічу, пакуль мы жывыя, павінны расказваць моладзі праўду, вучыць, каб цанілі мір.”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars