Прадаўжальнік сямейнай дынастыі

прадаўжальнік сямейнай

       Калі начальніку пластмасавага цэха ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Андрэю Уладзіміравічу ВАСІЛЕЎСКАМУ даводзіцца запаўняць анкету, то шмат часу гэта задача не займае: ніколі не мяняў месца працы, жыхарства. Мяркуе, што такі расклад застанецца і надалей.

Стабільнасць можна назваць іх сямейнай рысай. Род Васілеўскіх паходзіць з вёскі Рум, дзе яны сумленнай працай заслугоўвалі павагу аднавяскоўцаў, прытрымліваліся спрадвечных традыцый, ніколі не шукалі “лёгкага” хлеба. Нават пасля пераезду сям’і ў горад кансерватыўныя сялянскія прыярытэты не пераглядаліся.

У 1994 годзе Андрэй Васілеўскі скончыў СШ № 2 г. Валожына. Як і перад кожным выпускніком, перад ім паўстала пытанне выбару далейшай жыццёвай дарогі. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, вырашыў, што найперш атрымае матэрыяльную незалежнасць – будзе зарабляць сам. Параіўся з маці, бацькам. Сына яны падтрымалі і нават падказалі, дзе шукаць работу. Магчыма, бацькі наўмысна “падсунулі” яму ідэю ўладкавацца ў райаграпрамтэхніку, бо самі тут працавалі: маці, Ірына Пятроўна – бухгалтарам, тата, Уладзімір Уладзіміравіч – вадзіцелем. Вось і дзіця на вачах да дарослага жыцця загартоўвацца будзе… У райаграпрамтэхніцы склалася цэлая дынастыя Васілеўскіх. Сёння тут яшчэ і Павел Уладзіміравіч, брат Андрэя, працуе юрысконсультам.

Андрэй Васілеўскі ў пластмасавым цэху пачынаў з самых нізоў, з кожным годам займаючы ўсё больш высокае становішча. Калі азірнуцца назад, то можна сказаць, што яму тады вельмі пашанцавала, бо побач заўсёды былі і ёсць людзі, гатовыя падказаць, падтрымаць, даць слушную параду. Найперш цяперашні начальнік цэха ўдзячны свайму папярэдніку, старэйшаму калегу і настаўніку Віктару Мікалаевічу Шакуну, галоўнаму інжынеру Сяргею Іванавічу Борысу, майстру Мікалаю Гаўрыілавічу Балашку, вядучаму інжынеру-тэхнолагу Таццяне Міхайлаўне Жук.

Паралельна з прафесійным ростам Андрэй Уладзіміравіч вучыўся. Скончыў спачатку сельскагаспадарчы тэхнікум у Смілавічах, затым – аграрны ўніверсітэт. У Валожыне сустрэў ён і сваю спадарожніцу жыцця. Зараз жонка працуе медсястрой у дзіцячай кансультацыі райпаліклінікі, а трынаццацігадовая дачка вучыцца ў той жа школе, дзе калісьці вучыўся і бацька.

Самым жаданым адпачынкам для сям’і Васілеўскіх сталі падарожжы па Беларусі. Вырашылі пазнаёміцца з усімі самымі знакавымі мясцінамі роднай краіны, потым, магчыма, дойдзе чарга і да замежных дзівосаў. Але найперш трэба пазнаць і палюбіць сваё. Ёсць у Андрэя Уладзіміравіча і індывідуальнае захапленне. Здагадацца нескладана, калі ўспомніць, што вырас ён на Іслачы. Вядома ж, рыбалка! Шкада толькі, што часу, каб пасядзець з вудай, усё часцей не стае. Дарэчы, начальніка цэха Васілеўскага і ў службовым кабінеце застаць складана – не прывык сядзець, калі па-суседству кіпіць работа. Ён і сам мае патрэбу кантраляваць даручаны ўчастак, і калектыў ведае, што Андрэй Уладзіміравіч заўсёды побач, у гатоўнасці ў любую хвіліну прыйсці на выручку.

Напружаны рабочы графік патрабуе ад чалавека быць у належнай фізічнай форме, што выдатна забяспечвае язда на веласіпедзе. Гэта яшчэ адзін любімы сямейны від актыўнага адпачынку Васілеўскіх. Як і належыць сапраўднаму мужчыну, Андрэй Уладзіміравіч пабудаваў дом. Сам. Кажа, што раз ёсць рукі і жаданне, то ўсяму можна навучыцца. Вакол будынка растуць і пладовыя дрэвы, і дэкаратыўныя. Прыклад, як даглядаць прысядзібны ўчастак, браў у ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Дырэктар прадпрыемства Р. У. Вайніцкі шмат увагі надае не толькі эфектыўнасці працы, але і эстэтыцы вытворчасці. Чысціня і парадак дысцыплінуюць, а значыць – уплываюць на канчатковы вынік.

Зараз у падпарадкаванні А. У. Васілеўскага 115 чалавек. Малады кіраўнік адчувае асабістую адказнасць за кожнага. І, безумоўна, галоўным яго клопатам з’яўляецца забяспечанасць людзей работай і заробкам. З-за нестабільнай эканамічнай сітуацыі часам надараюцца непрыемныя сюрпрызы ў выглядзе зніжэння колькасці заказаў, разрыву партнёрскіх адносін. Утрымаць заваяваныя пазіцыі на рынку няпроста. Таму даводзіцца думаць аб падтрыманні якасці, зніжэнні сабекошту прадукцыі. Матэрыяльная база для гэтага ёсць: станкі хоць і не апошняга пакалення, але надзейныя і высокапрадукцыйныя, кадры абучаныя. Асноўная частка выпушчаных пластмасавых вырабаў рэалізуецца гігантам айчыннай прамысловасці: заводам МТЗ, “Атлант”. Прадукцыя іх запатрабаваная, таму ёсць усе падставы меркаваць, што і валожынскія ліцейшчыкі не застануцца выкінутымі “за борт”, а цэх будзе функцыянаваць, развівацца. Такія ж спецыялісты сваёй справы, як Андрэй Уладзіміравіч Васілеўскі, зробяць усё, што ад іх залежыць.

Алена ЗБІРЭНКА,
фота Сяргея БОБРЫКА 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars