Яны ствараюць наш дабрабыт

яны-ствараюць

На мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры адбылося святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя ўтварэння Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў і Дня кааперацыі.

На ўрачыстую хвалю прысутных настроіў гімн спажывецкай кааперацыі, які прагучаў на пачатку свята. Здавалася, што ён з’яднаў у адно цэлае ўсіх, хто сабраўся ў зале. Да ветэранаў і гасцей звярнулася намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Г. З. Рцішчава. Яна расказала аб этапах развіцця і станаўлення спажыўкааперацыі раёна.

15 студзеня 1940 года была прынята пастанова аб утварэнні Валожынскага райспажыўтаварыства. Падчас вайны яно спыніла сваю работу да жніўня 1944 года. Пасля аднаўлення дзейнасці старшынёй праўлення стаў Г. Ц. Чэрышаў. Пры ім было створана 4 сельспажыўтаварыствы: Гародзькаўскае, Пяршайскае, Валожынскае, Вішнеўскае. У той час у арганізацыі працавала ўсяго 78 чалавек. Сярод іх 27 прадаўцоў, 8 тэхнічных работнікаў, 3 кладаўшчыкі, 19 чалавек былі задзейнічаны ў нарыхтоўках, 13 – у хлебапячэнні, 8 – у грамадскім харчаванні. Акрамя дробнага гандлю займаліся нарыхтоўкай мяса, насення лёну, жыта, металу і інш. У час грыбнога сезона працавалі грыбаварачныя пункты.

Пасля вайны прадпрыемства паступова адраджалася. У 1947 годзе ў раёне пачалi працаваць 72 гандлёвыя кропкi, 2 чайныя, 2 буфеты, у Валожыне адкрылася кнiгарня, а праз два гады – раймаг, сельмаг, культмаг, гаспадарчы магазін, закусачныя. Давалася гэта ўсё цаной вялікіх намаганняў, людзі мірыліся з нягодамі дзеля вялікай мэты.

Інтэнсіўна развівалася спажывецкая кааперацыя ў 70-80-я гады пад кіраўніцтвам У. А. Вайцяхоўскага. Ужо працавала 130 магазінаў, былі пабудаваны вялікі гандлёвы цэнтр у Івянцы,  2 хлебазаводы, каўбасны цэх, 100-тонны халадзільнік, сховішча для агародніны і гандлёва-размеркавальныя склады, набыты аўтатранспарт і створана аўтабаза. За гэты час Валожынскае райспажыўтаварыства неаднаразова станавілася пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў сярод прадпрыемстваў раёна.

З 1985 па 1997 гады ўзначальваў арганізацыю П. У. Паляшчук. Пачалося актыўнае развіццё прамысловасці і грамадскага харчавання. У Валожыне былі пабудаваны кулінарны камбінат, 30-кватэрны дом для работнікаў, сталярны цэх, піларама, растворна-бетонны вузел, адміністрацыйны будынак, рынак, новы ўнівермаг і інш. Плённа працуючы, валожынцы неаднойчы перамагалі ў рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтвах.

На сённяшні дзень у арганізацыі працуе 560 чалавек.

Ганна Зянонаўна ўзгадала ветэранаў працы, многія з якіх прысутнічалі ў зале, павіншавала са святам і выказала ім найлепшыя пажаданні. Ад праўлення райспажыўтаварыства жанчынам уручылі кветкі і салодкія падарункі. Ад імя ветэранаў слова брала А. І. Сакалоўская.

Старшыня райспажыўтаварыства Валерый Уладзіміравіч Бітэль падзякаваў ветэранам і цяперашнім работнікам за добрасумленную працу і адзначыў лепшых. За вялікі ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі раёна Ганаровыя граматы ад праўлення Мінскага аблспажыўтаварыства і прэзідыума абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі атрымалі повар аддзела грамадскага харчавання Т. А. Табунова, майстар-кандытар аддзела прамысловасці Т. М. Астаповіч. Граматамі былі ўзнагароджаны вядучы бухгалтар С. С. Сак і прадавец магазіна “Прадукты” а. г. Пяршаі І. В. Іваноўская. Падзякі ўручаны вядучаму інструктару па асноўнай дзейнасці Н. І. Башаркевіч і прадаўцу магазіна вёскі Вішнева Г. Ф. Лаўнікевіч.

Ганаровыя граматы праўлення і прафкама райспажыўтаварыства атрымалі рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў А. І. Межыеўскі, повары аддзела грамадскага харчавання Л. Г. Часноўская і Г. В. Каранік, загадчыцы магазінаў “Прадукты” вёскі Пяршаі Л. А. Гушча і вёскі Багданава Г. С. Абрамовіч.

Хваляванне адчувалася ў кожнага, хто падымаўся на сцэну, бо гэтыя людзі не звыклыя да ўвагі – яны ствараюць наш дабрабыт.

Анжэла Радына,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars