Франтавік, настаўнік, паэт — Уладзімір Данілавіч Градоўкін працаваў некалі ў Івянецкай сярэдняй школе

Культура

Такіх асоб, як Уладзімір Градоўкін, за свой век я сустракаў мала. Інтэлігентны, эрудзіраваны і адначасова стрыманы і сціплы, сцішаны перад калізіямі рэальнасці – такім ён застаўся ў памяці.

Амаль кожны перапынак паміж урокамі ў Івянецкай школе, пачынаючы з 1977 года, мы сам-насам “піпчылі” ў курылцы, там дыскуціравалі, спрачаліся па актуальных праблемах рэчаіснасці, літаратуры, мастацтва, філасофіі. Па ўзросту ён прыходзіўся равеснікам майму бацьку. Мы былі антыподамі па многіх пытаннях, але нас аб’ядноўвалі аптымістычны максімалізм і выпакутаваны сталіншчынай трагічны песімізм.

Нарадзіўся паэт 1 студзеня 1926 года ў вёсцы Мазурына Шумілінскага раёна ў сям’і настаўнікаў. У 17 гадоў радавы Градоўкін у складзе 1-га, затым 2-га Беларускіх франтоў ратаваў Еўропу ад фашысцкай праказы. З 1943 па 1950 год служыў у Чырвонай Арміі. Пасля заканчэння Ленінградскага ўніверсітэта ў 1955 годзе свой лёс на ўсё жыццё знітаваў з Івянцом. Выкладаў рускую мову і літаратуру ў школе, у сваіх вершах услаўляе таленавітых людзей і непаўторную прыроду Івянецкага краю:

В лесной глуши,

Средь тишины музейной,

Деревья неохватной толщины,

А между ними вся земля усеяна

Цветами чистой, снежной белизны.

Ён жыў паэзіяй. Друкаваўся ў армейскіх газетах, часопісе “Нёман”, штогадовіку “Дзень паэзіі”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў 1976 годзе аддзячыла творцу першым зборнікам вершаў “Сквозь годы”, у 1978-ым – кнігай “Неторопливые рассветы”, а ў 1984-ым пабачыў свет трэці зборнік – “Разнотравье”.

Уладзімір Градоўкін ніколі не акцэнтаваў увагу на сваіх франтавых узнагародах, публічна не чытаў вершы, нікому не навязваў свае погляды і думкі, хаця быў празорлівым палітыкам і адмысловым філосафам. Толькі на настаўніцкіх “капусніках”, падчас працы на калгасных палетках, пасля таго, як вучняў накіроўвалі дахаты, а педагогі маглі разняволіцца на лоне восеньскіх краявідаў, Уладзімір Данілавіч дазваляў сабе чытаць на памяць як уласныя вершы, так і сусветную паэтычную класіку. Пачынаў ён павольна, паступова набіраючы рытм – і зачароўваў слухачоў артыстызмам рыторыка. У такія імгненні яго твар азараўся жыццядзейным святлом, постаць набывала юнацкую асанку, рукі чаканілі рыфму.

Когда лежал под бешеным огнем,

Мне думалось: не все просвищет мимо.

Уже я ощущал своим хребтом

Прямое попаданье мины.

Доўгі час я дакараў сябе за нястрыманасць, бо аднойчы ў маладым запале рэзануў: “Паважаны Уладзімір Данілавіч, вось каб Вы пісалі на роднай мове, то прынеслі б большую карысць Бацькаўшчыне. Паэтаў-франтавікоў у Расіі процьма, а Беларусі патрэбна свая інтэрпрэтацыя ваенных часоў, свой адметны погляд на падзеі нацыянальнай гісторыі, свае змест і форма. Беларус павінен заставацца сынам сваёй зямлі”.

Ён задумаўся, зрабіў выгляд, што не пакрыўдзіўся, і стаў даводзіць мне агульныя савецкія стэрэатыпы, да якіх, я ўпэўнены, ён сам ставіўся з іроніяй.

З выхадам на пенсію ён цалкам аддаўся літаратурнай дзейнасці, чым быў вельмі ўсцешаны. Шмат працаваў над вершамі, распачаў паэму, многае здзейсніў, але амаль не друкаваўся. Над рукапісамі ён карпеў апантана. Яны нагадваюць узараную раллю арнаментальна-рытмічнымі перакрэсліваннямі радкоў. Адточваў кожнае слоўца да бляску, фарміраваў сказы, нібыта ганчар звонкі посуд, ткаў змест у суладдзі з узорамі на посцілках народных майстрых. Вынік – лірызм у апісанні прыроды, трагізм у адлюстраванні вайны і філасофскі роздум пра будучыню.

На сямідзесяцігадовым юбілеі ён зазначыў, што я меў рацыю па пэўных пытаннях, і асабліва пра мову. Ён бачыў і адчуваў, як Беларусь імкліва віравала на крылах Адраджэння. Ён шчыра вітаў і падтрымліваў гэтыя працэсы. Ах, як ён марыў дажыць да 2000 года!

Может быть, в двухтысячном году,

В дни, когда меня уже не будет,

К общему согласию придут

В мире государственные люди…

Сапраўды, у 2000 годзе паэта ўжо разам з намі не было: памёр ён 2 верасня 1998 года. Аднак лепшае са створанага ім яшчэ доўга-доўга будзе жыць у сэрцах удзячных чытачоў.

Алег РАМАНОЎСКІ.

З ПАЭТЫЧНАГА СШЫТКА

Не делать глупостей – еще не мудрость.

Кто в молодости их не совершал,

Когда наперекор запретам нудным

Лез на рожон, неудержим и шал!

Теперь со снисходительной улыбкой

Нотаций не читаю молодым –

Учусь я не прощать себе ошибки,

Которые могу простить другим.

Солнце садится, и вечер багров.

Ели вершинами смотрят в зенит.

Полчище рыжих лесных комаров

Над головою моею звенит.

Птиц пересвисты. Теплынь. Благодать.

На медунице шмелиный пир.

Господи! Можно полжизни отдать,

Чтоб без конца открывать этот мир!

Сколько во мне еще жизни гореть –

Этого знать наперед не дано.

Счастлив уж тем я, что мне умереть

Именно в этом краю суждено.

Звонкие сосны темнеют, как медь,

Вечер над ними затеплит звезду…



Добавить комментарий