Прынцыповы інспектар

прынцыповы інспектар

Нядаўна ў дзяжурную часць РАУС паступіў званок. Жыхар г. п. Івянец шукаў супрацоўніка дарожна-патрульнай службы, каб выказаць  падзяку за падтрымку ў складанай сітуацыі.

Чалавек па ўласных справах знаходзіўся ў Валожыне. Ужо вечарэла, калі на вуліцы 50 гадоў БССР яго “Форд” заглух. Уладальнік аўто разгубіўся, стаў перабіраць у памяці сяброў, якім можна было б патэлефанаваць. На шчасце, у гэты час старшы лейтэнант Вадзім Іванавіч Пасека нёс баявое дзяжурства – на службовым аўтамабілі патруляваў рух на вуліцах райцэнтра.

Інспектар лічыць: яго місія не толькі ў тым, каб выяўляць парушальнікаў, але і дапамагаць людзям, таму і звярнуў увагу на чалавека, які мітусіўся ля адчыненага капота жалезнага сябра. Хутка пытанне з эвакуацыяй аўтамабіля было вырашана. Мужчына не запомніў прозвішча свайго выратавальніка. Моцна перажываў, што не падзякаваў за дапамогу.

Як патлумачыў намеснік начальніка РАУС Сяргей Аляксандравіч Гелда, сітуацыя ў дачыненні да Вадзіма Іванавіча тыповая. З аднаго боку, інспектар вызначаецца высокай патрабавальнасцю да аўтааматараў. Ён ніколі  не закрые вочы на самыя нязначныя прыкметы таго, што чалавек за рулём можа быць нецвярозы. Аднак менавіта ён, не чакаючы просьбы аб дапамозе, заўсёды са спагадай працягне руку таму, хто сутыкнуўся на дарозе з праблемамі. Сяргей Аляксандравіч адзначыў, што В. І. Пасека – адзін з лепшых супрацоўнікаў аддзялення ДАІ. Яго цвёрдая пазіцыя ў дачыненні да парушальнікаў, адказнае стаўленне да службовых абавязкаў, уменне працаваць з людзьмі неаднойчы служылі падставай для заахвочвання. У асабістай скарбонцы чалавека ў пагонах – нагрудны знак “За самаадданую службу” II ступені, мноства падзяк рознага ўзроўню.

Вадзім Іванавіч з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. Тым не менш, яго шлях у прафесію лёгкім не быў. Пасля школы стаў навучэнцам Валожынскага прафесійнага сельскагаспадарчага ліцэя. Пасля была служба ў спецыяльным батальёне міліцыі ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Камандзіры цанілі адказнага старшага сяржанта, ён лічыўся лепшым намеснікам камандзіра ўзвода. Калі зноў вярнуўся да грамадзянскага жыцця, паступіў ва ўзвод міліцыі аддзялення Дэпартамента аховы. Скончыў гандлёва-эканамічны каледж, зараз мае дыплом Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта. Пяць гадоў таму атрымаў прапанову перайсці на службу ў аддзяленне ДПС. Ён шчыра ўпэўнены: займаецца сваёй справай. Безумоўна, парушальнікі правілаў дарожнага руху незадаволены няўмольнасцю прынцыповага афіцэра. Але прафесіянал з юрыдычнай адукацыяй пры выкананні сваіх абавязкаў кіруецца толькі літарай закону. Больш за ўсё перажывае за сітуацыі, падчас якіх цяжка высветліць: хто вінаваты, а хто – пацярпелы. Таму на дасканалае расследаванне складаных выпадкаў не шкадуе ні сіл, ні часу.

В. І. Пасека – чалавек сямейны. Яго жонка  Кацярына – медыцынская сястра рэанімацыйнага аддзялення – з разуменнем ставіцца да работы мужа. Маладыя людзі, апантаныя сваімі няпростымі прафесіямі, гадуюць дачушку Наталлю. Як прызнаецца Вадзім Іванавіч, сям’я – гэта тое месца, дзе ён перастае быць суровым інспектарам. Тут ён – любячы муж і пяшчотны тата. У гэтага сур’ёзнага з выгляду мужчыны цудоўнае пачуццё гумару. У свабодны ад дзяжурстваў час ён з задавальненнем раскажа пра кур’ёзы, якія часам здараюцца на дарозе. Пра трагічныя ж здарэнні стараецца не ўспамінаць.

Напачатку ліпеня супрацоўнікі ДАІ адзначалі дзень, калі пачаўся адлік гісторыі іх службы. 81 год назад была падпісана пастанова аб стварэнні Дзяржаўтаінспекцыі Беларусі. З нагоды прафесійнага свята і за выдатныя паказчыкі ў рабоце інспектар ДПС В. І. Пасека адзначаны Падзякай Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars