Купальскія «цуды»

купальскія-цуды3

Увечары шостага ліпеня ўсіх жыхароў райцэнтра вабіла да сябе музыка, якая даносілася з боку гарадскога возера. Валожын святкаваў Купалле – адно з самых старажытных народных святаў, прысвечанае летняму сонцастаянню.

Рытуал яго правядзення прыйшоў да нас яшчэ з язычніцкіх часоў. Слова «Купала» азначала «сярдзітае», «гарачае», «раз’юшанае» – так продкі ўяўлялі сонца. Людзі стараліся задобрыць магутныя стыхіі агню, вады, зямлі, паветра. Удзельнічалі ў абрадах усе жыхары населенага пункта ад малога да вялікага, бо толькі так можна было забяспечыць свой дабрабыт.

З распаўсюджваннем хрысціянства дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля быў прымеркаваны да Купалля. Сугучнасць слоў «купала» і «купаць» прывяла да змешвання, свята сталі называць – Іван Купала. Беларусы найбольш поўна захавалі старадаўнія традыцыі гэтага абрадавага гуляння.

Яшчэ да пачатку святочнай праграмы на пляцоўцы каля возера сабраўся народ, большасць – дзяўчаты рознага ўзросту. Кожная старалася сплесці сабе самы прыгожы вянок. Малым таксама хацелася ўпрыгожыць сябе, ім на дапамогу прыйшлі матулі.

Распачалі дзейства Купава, Купаліш і Купалінка. Аксана Квач прапанавала ўсім прысутным песню “Купалінка”. У гэты час удзельніцы ўзорнага клуба “Грацыя” ў вобразах купаўкаў прыгожа танцавалі, вадзілі карагоды.

Народнымі і аўтэнтычнымі купальскімі песнямі, гульнямі і танцамі парадаваў усіх заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт ракаўскі “Гасцінец”. Усе жадаючыя мелі магчымасць прыняць удзел у іх праграме. З задавальненнем да іх далучаліся і дарослыя, і дзеці.

Затым Купаліш распаліў вогнішча і запрасіў прысутных у карагод. Многія з радасцю адгукнуліся на гэту прапанову, асабліва весяліліся малыя. Яны цешыліся магчымасцю пабыць ля агню. Полымя толькі разгаралася, а ўвагу прысутных да сябе ўжо прыцягвала новае відовішча. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прапанавалі ўдзельнікам свята сапраўднае воднае шоу. Дзятва так і старалася папасці пад яскравыя струменні. Неўзабаве над возерам можна было разгледзіць вясёлку.

Месца на імправізаванай сцэне заняў народны гурт народнай песні “Сваякі”. Яго ўдзельнікі запрашалі прысутных спяваць разам з імі. Пад прыгожыя вясёлыя мелодыі многія танчылі. Пляцоўка ля возера ледзь змяшчала ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у народным гулянні.

Дзяўчаты па традыцыі кідалі свае сплеценыя вяночкі ў возера, каб даведацца, з якога боку чакаць суджанага. Не абышлося і без шукання чароўнай Папараць-кветкі…

Для дзяцей увесь вечар працавалі надзіманыя горкі, была магчымасць сфатаграфавацца каля жартоўнага шчыта “Сябры”, купіць папкорн, салодкую вату. Індывідуальны прадпрымальнік Святлана Бубневіч прапаноўвала сувенірную прадукцыю, цацкі для дзяцей. Закончылася Купалле святочнай дыскатэкай.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

купальскія-цуды

купальскія-цуды2

купальскія-цуды3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars