Мір пачынаецца з мяне

мір-пачынаецца2

Штогод Беларусь прымае ўдзел у міжнароднай акцыі “Бег Міру” – самай працяглай факельнай эстафеце ў свеце. На мінулым тыдні ўдзельнікі “Peace Run” перасяклі мяжу нашага раёна, дзе да іх далучыліся прадстаўнікі Валожынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Еўрапейская каманда стартавала ў Галвеі (Ірландыя) 26 красавіка. Спартсмены прабеглі праз Велікабрытанію, Галандыю, Германію, Францыю, Швейцарыю, Італію, Славенію, Аўстрыю, Чэхію, Славакію. У Польшчы яны падзялілася на тры каманды і ўзялі курс на беларускія гарады Брэст, Гродна, Гомель. У Гомелі да бегуноў далучыліся прадстаўнікі Украіны. Расіяне стартавалі 9 чэрвеня ў Маскве. У Оршы яны стварылі дзве групы і накіраваліся ў Віцебск і Магілёў. Такім чынам, 2 ліпеня пяць поўнасцю сфарміраваных каманд прыбылі ў абласныя цэнтры нашай краіны. У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адбыўся старт прабегу ў напрамку на Мінск. Па шляху маршрутаў да людзей у спартыўнай форме далучаліся мясцовыя аматары бегу.

У склад вялікай міжнароднай каманды ўваходзяць грамадзяне 25 дзяржаў, у тым ліку Велікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Італіі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, ЗША  і інш. Беларусь удзельнічае ў акцыі ў 21-ы раз. А пачалося ўсё ў 1987 годзе, калі Шры Чынмой выступіў з цікавай ініцыятывай. З таго часу прабег прайшоў па 155 краінах. Энтузіясты пераадолелі адлегласць у 600 тыс. км (16 разоў вакол экватара!).

Удзельнікі эстафеты – людзі розных прафесій. Іх вопыт, ступень падрыхтоўкі таксама не аднолькавыя – у кожнага свой узровень. Напрыклад, сярод членаў каманды, чый маршрут пралягаў праз наш раён, ёсць 3 чалавекі, якія прымалі ўдзел у 6-10-дзённых забегах у Нью-Ёрку. Актывісты руху ўпэўнены: праносячы факел міру, яны робяць крок да гармоніі, будуюць мост між культурнымі і сацыяльнымі адрозненнямі, што раз’ядноўваюць нацыі.

Валожынцы сустрэлі атлетаў-факеланосцаў на шашы Гродна-Мінск. Віталі гасцей начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч і намеснік начальніка па спорце і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Валер’еўна Башаркевіч. Народны гурт народнай песні “Сваякі” парадаваў прыгожымі беларускімі песнямі. Ад жыхароў шчодрага краю спартсменам уручылі прыгожы, духмяны каравай. На час, калі міжнародная група аднадумцаў пераадолела адлегласць ад мяжы раёна да райцэнтра, яе членамі сталі юныя валожынцы – выхаванцы аддзялення лёгкай атлетыкі ДЮСШ.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з гонарам вытрымалі няпростае выпрабаванне і прывялі ўсю групу на плошчу Свабоды. У гарадскім скверы адбыўся імправізаваны мітынг, падчас якога прадстаўнікі розных краін усклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам. Валожынскім бегунам і арганізатарам сустрэчы былі ўручаны міжнародныя сертыфікаты як сведчанне ўдзелу ў акцыі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе з фашызмам. Вандроўнікі-спартсмены адзначылі прыгажосць і гасціннасць беларускай зямлі, падзяліліся ўражаннямі ад святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Гродне, Мастах і Скідзелі.

Як адзначыў капітан каманды Андрэ Моцны (інжынер-праграміст з Чэхіі), эстафета – гэта магчымасць падпісацца пад простым і зразумелым для кожнага чалавека пасланнем: “Мір пачынаецца з мяне!”. Любы, хто пажадае, можа паўдзельнічаць у гэтай незвычайнай акцыі – прабегчы некалькі кіламетраў ці метраў, патрымаць у руцэ факел і, такім чынам, стаць часткай самай вялікай у свеце спартыўнай каманды.

8 ліпеня ўсе пяць напрамкаў прабегу сабраліся разам на Мінскай кальцавой дарозе і фінішавалі ў сталіцы на плошчы Перамогі, дзе разам адзначылі 30-годдзе эстафеты.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

мір-пачынаецца

мір-пачынаецца2

мір-пачынаецца3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars