Зацiкавiлiся праектам…

Общество

    У снежні мінулага года на працягу двух тыдняў у калідоры на чацвёртым паверсе райвыканкама быў вывешаны для масавага абмеркавання праект дэталёвай планіроўкі новага квартала ў Валожыне. Згодна з ім, межы горада ў бліжэйшыя пяць гадоў павялічацца на 120 гектараў. Новая жылая забудова з усёй інфраструктурай размесціцца ў раёне вёскі Ганчары, дзе з’явіцца 11 новых вуліц.

    Як зазначыла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Т. А. Чупрыс, праект размяшчэння новабудоўляў быў выкананы на падставе рашэння Мінскага аблвыканкама, дзе зацверджаны графік распрацоўкі горадабудаўнічых праектаў у вобласці. Праектныя работы ажыццяўляў інстытут “Барысаўпраект”. Згодна з ім, прадугледжваецца будаўніцтва 33 пяціпавярховых шматкватэрных дамоў, магазінаў, аб’ектаў грамадскага харчавання, сярэдняй школы на 700 вучняў, дзіцячага сада на 190 месцаў, выдзяленне 150 участкаў для будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў.

    Яшчэ да вынясення праекта на масавае абмеркаванне пачалося рэальнае ўвасабленне яго ў жыццё. У прыватнасці, летам мінулага года закладваўся фундамент новага ЖБК “Эльбрус” на 96 кватэр, а сёлета ён ужо прыме навасёлаў. Заканчваецца праектаванне 64-кватэрнага жылога дома ЖБК “Валожынбуд”, і неўзабаве распачнецца яго будаўніцтва. Ідзе афармленне дакументаў для 40-кватэрнага ЖБК “Валожынскі-2009”, а па чацвёртаму 60-кватэрнаму кааператыву “Альянс-2010” праводзіцца адвядзенне ўчастка.

    Па словах Таццяны Аляксандраўны, пісьмовых зваротаў ці прапаноў па далейшаму развіццю горада ў аддзел архітэктуры райвыканкама не паступала. Людзі цікавіліся праектам, вывучалі яго, аднак недасведчанаму ў чарцяжах чалавеку было няпроста разабрацца ў пункцірных лініях і адрэзках, уражвала толькі іх мноства і даўжыня. У цэлым праект атрымаў станоўчую ацэнку. Зараз ён знаходзіцца ў Мінску на экалагічнай экспертызе, далей чакаецца пацвярджэнне захавання ўсіх будаўнічых норм і правілаў, і толькі тады Мінаблвыканкам прыме рашэнне аб яго зацвярджэнні і ўключэнні ў гарадскую мяжу. А гэта дасць магчымасць выдзяляць участкі для ўзвядзення асабістых домаўладанняў. Дарэчы, ахвотнікаў займець свой дом у Валожыне дастаткова.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.



Добавить комментарий