Маштабная работа, дастойныя і вынікі

У сераду ў нашым раёне прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў. Дэлегацыю старшынь раённых саветаў узначаліў кіраўнік гэтай структуры Казімір Браніслававіч Чарапкоўскі. Галоўным пытаннем парадку дня было абмеркаванне работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі на прыкладзе Валожыншчыны.

У рабоце пасяджэння прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік. Ён расказаў пра рэгіён, азнаёміў гасцей з асноўнымі сацыяльна-эканамічнымі пазіцыямі. А пасля перадаў слова старшыні райсавета Валожынскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Рыгору Мікалаевічу Русакевічу, які і агучыў асноўныя дасягненні ў сферах дзейнасці даверанай структуры.

Раённая арганізацыя ветэранаў складаецца з 12-і пярвічак (іх колькасць абяцае ў бліжэйшы час павялічыцца) і клапоціцца пра 24 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 56 ветэранаў баявых дзеянняў, 51 вязня. Усе гэтыя людзі – частыя госці ў школах і дашкольных установах адукацыі, ліцэі, выступаюць яны і перад прызыўнікамі. Гонар для моладзі, калі, выбеленыя гадамі і працай, ветэраны павязваюць гальштукі піянерам, уручаюць пашпарты, удзельнічаюць у пасадцы алей памяці і іншых мерапрыемствах. Цесная работа з органамі ўлады, шматлікімі грамадскімі аб’яднаннямі таксама прыносіць плён. Як адначыў дакладчык: “Наша мэта – каб бясцэнны вопыт жыцця не сышоў разам з яго носьбітамі, а застаўся ў памяці маладога пакалення”.

І гэта атрымліваецца – пацвердзілі садакладчыкі старшыні райсавета ветэранаў. У прыватнасці, старшыня раённага каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Ірына Сяргееўна Каваленка адзначыла эфектыўнасць аб’яднаных намаганняў па развіцці маральных і духоўных каштоўнасцяў нашчадкаў. У прыклад прыводзіліся работа валанцёрскіх атрадаў і праведзеныя імі акцыі, скіраваныя на дапамогу ветэранам.

Цяжка не пагадзіцца і з намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аленай Іванаўнай Мілюткінай: сапраўды, найважнейшая задача ў справе патрыятычнага выхавання – захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Дзякаваць Богу, жывыя сведкі тых страшных і гераічных гадоў яшчэ знаходзяць сілы ладзіць дыялог паміж пакаленнямі. Іх наказ – усімі сіламі берагчы мір і спокой – знаходзіць самы моцны водгук у маладых субяседнікаў… З цікавасцю навучэнцы ўстаноў адукацыі ўдзельнічаюць у фарміраванні музеяў вайны і баявой славы. Менавіта старшакласнікам належыць ідэя стварэння “музея ў чамадане” – мабільнай выставы, дзе можна вывучаць, даследаваць экспанаты, трымаючы іх у руках. Школьнікі запісалі і ўспаміны ўдзельнікаў вайны. Цяпер відэафільмы праекта “Жывыя галасы вайны” выкарыстоўваюцца ў час многіх мерапрыемстваў. Бясцэнны, унікальны матэрыял удалося сабраць у рамках марафона “70 дзён да Перамогі”, ён лёг у аснову альманахаў “10 старонак Перамогі” і “У часа свая памяць”. Наперадзе ж у вучняў і педагогаў не менш цікавая, насычаная работа па стварэнні віртуальных маршрутаў і карт-схем памятных месцаў ваеннай гісторыі Валожыншчыны…

Клопат пра прадстаўнікоў легендарнага пакалення вызваліцеляў, а таксама тых, хто на працягу многіх гадоў умацоўваў эканамічны дабрабыт роднай зямлі, аказваецца і грамадскімі арганізацыямі. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна Загорская расказала прысутным, што з сакавіка 2016 года дзейнічае трохбаковае пагадненне паміж падначаленай ёй структурай, райкамам ГА «БРСМ» і райсаветам ветэранаў. Выканаўчы камітэт і наймальнікі садзейнічаюць ветэранскай арганізацыі, аказваюць матэрыяльную і гаспадарчую дапамогу непрацуючым пенсіянерам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, працы, воінам-інтэрнацыяналістам. Прадастаўляецца сацыяльная дапамога ў выглядзе грашовых сродкаў і інш. У галіновыя пагадненні, калектыўныя дагаворы ўнесены нормы, якія прадугледжваюць сацыяльную абарону ветэранаў вайны і працы.

Актыўна прафсаюзныя арганізацыі раёна ўдзельнічалі і ў дабрачынных акцыях, прысвечаных Вялікай Перамозе. Наведзены парадак на брацкіх воінскіх пахаваннях. У рамках абласной акцыі «Памяць» раённым аб’яднаннем прафсаюзаў сумесна з актывістамі в/ч 30695 была акультурана тэрыторыя хутара Лапіцы, дзе размешчаны мемарыяльны комплекс спаленым жыхарам вёсак у час вайны, добраўпарадкаваны пахаванні мірных жыхароў вёскі Кражына, якія пацярпелі ад рук фашысцкіх катаў.

Па выніках заслуханых дакладаў на пасяджэнні прызналі: работа і сапраўды праводзіцца вялікая. Галоўнае, што яна ладзіцца аб’яднанымі намаганнямі людзей, адказных і ўлюбёных у сваю справу. А таму ёсць і дастойны вынік. Тым не менш, працаваць над чым заўсёды знойдзецца. Асноўныя накірункі будучай дзейнасці акрэслены ў прынятай пастанове пасяджэння прэзідыума раённага савета ветэранаў. Адным з яе пунктаў з’яўляецца абагульненне праведзеных мерапрыемстваў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і размяшчэнне іх на сайце райвыканкама.

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars