Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Згодна з пастановай Прэзідыума Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў рэгіёнах праводзіцца маніторынг цэн у магазінах дзяржаўнай і недзяржаўнай формы ўласнасці.

Праз некаторы час будуць зроблены абагульненні і вывады. У цэлым па рэспубліцы маніторацца не толькі цэны на прадукты, але і на медыцынскія прэпараты, транспартныя і іншыя паслугі.

У раённым аб’яднанні прафсаюзаў створана рабочая група, якая правяла маніторынг цэн у чэрвені і ліпені. Ён здзяйсняецца па 47 вызначаных пазіцыях у магазінах “Мінскі край” і Еўраопт, фіксуюцца мінімальныя і максімальныя цэны на даны від прадукта. Трэба адзначыць, у магазіне спажывецкай кааперацыі не ўсе найменні тавараў бываюць у наяўнасці, на паліцах Еўраопта ёсць выбар прадуктаў – як розных фірм і вытворцаў, так і рознай расфасоўкі.

 

 

 

Апошнім часам фонды раённага краязнаўчага музея папоўніліся амаль 30-цю новымі экспанатамі. Іх перадала ў дарунак з бацькоўскага дома ў вёсцы Сарокі Дорскага сельсавета жыхарка райцэнтра Людміла Міхайлаўна Бобрык.

 

Сярод новых экспанатаў у асноўным прылады сельскагаспадарчай працы: сярпы, сякера-калун, а таксама бандарныя вырабы, бязмен, куфар, карыта. Ёсць сярод дарункаў і надзвычай арыгінальны гліняны збан для алею. Усе прадметы датуюцца пачаткам ХХ стагоддзя, магчыма, ёсць і такія, што выраблены ў канцы ХIХ-а.

 

 

На хутар Шаблі, дзе ў мінулыя выхадныя праходзіў фестываль “Вольнае паветра”, былі запрошаны і прадстаўнікі грамхарчу нашага райспажыўтаварыства.

Да відовішчаў, як вядома, заўсёды патрабуецца хлеб. Традыцыйна на фестываль з’язджаецца шмат народу, якому ў летні дзень патрэбны не толькі прахаладжальныя напоі, марожанае, але і нармальнае харчаванне.

У гандлёвай палатцы пакупнікоў абслугоўвала Жанна Далматовіч, якая працуе ў буфеце райбальніцы. Шашлыкі рыхтавалі повар кулінарнага цэха Жанна Гевель разам з памочніцамі. Прапаноўвалі шырокі асартымент страў: шашлыкі, купаты, курыцу на грылі, шурпу з бараніны, гарачыя піражкі, чай на травах і многае іншае. Асаблівай папулярнасцю карысталіся валожынскія шашлыкі. Некалькі дзён давялося б гандляваць у буфеце райбальніцы, каб атрымаць такую выручку. Хаця ў валожынцаў былі і канкурэнты – некалькі мінскіх кафэ.

 

 

У другія выхадныя ліпеня на аграсядзібе “Бацян” у Вішнеўскім сельсавеце ладзіўся традыцыйны фестываль Бацяноў.

Людзі з такім прозвішчам, блізкія і далёкія сваякі, суседзі, аднакласнікі з радасцю збіраюцца раз у год на сустрэчу. У гэты раз да фестывалю было прымеркавана свята вёскі Долкневічы, якое арганізавалі і правялі культработнікі Багданаўскага сельскага цэнтра культуры. Яно разгарнулася непасрэдна на сядзібе і ўдала ўпісалася ў сцэнарый фестывалю, аздобіла яго іншымі фарбамі.

Бацяноў сёлета “зляцелася” на фестываль каля 40 чалавек – з Маладзечна, Мінска, Віцебска, Вілейкі і іншых населеных пунктаў Беларусі. Гаспадар аграсядзібы Уладзімір Бацян правёў майстар-клас па вырабе сувенірных валёнкаў, былі арганізаваны гульні, конкурсы, жартоўныя спартыўныя спаборніцтвы і проста сумесныя пасядзелкі з успамінамі. Гасцей пазнаёмілі з перспектывамі развіцця аграсядзібы: будуецца лазня, мяркуецца прыбудова да дома, думаюць пра зручнасці для гасцей-інвалідаў. Заезд гасцей пачаўся ў пятніцу. А на свяце вёскі, якая налічвае ўсяго 6 дамоў, але знаходзіцца ў надзвычай маляўнічым месцы непадалёк ад рэчкі Альшанкі, ушанавалі старэйшую жыхарку – 82-гадовую Ірыну Іосіфаўну Аляшкевіч, якая ўсё жыццё пражыла ў Долкневічах. Не абмінулі ўвагай і самага маленькага жыхара – Канстанціна Бацяна, якому 2,5 гады. З асалодай слухалі госці народныя і сучасныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў.

 

 

Заўтра, 15 ліпеня, у Маладзечанскім раёне пройдуць міжраённыя спаборніцтвы па стралкова-паляўнічым шматбор’і, у якіх прымуць удзел каманды Валожынскага, Маладзечанскага і Вілейскага раённых падраздзяленняў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

 

Гэтым спаборніцтвам папярэднічалі раённыя, якія прайшлі на месцы прыстрэлкі паблізу вёскі Курдуны Івянецкага сельсавета. Спаборніцтвы праходзілі па дзвюх дысцыплінах: стральба па мішэні “стаячая казуля” і стральба па лятаючых талерачках. Першае месца занялі члены таварыства з Ракава: капітан Сяргей Віктаравіч Грыбкоўскі, Сяргей Паўлавіч і Міхаіл Паўлавіч Лемяшонкі, другое – паляўнічыя з Івянца Аляксандр Казіміравіч Бібік (капітан), Алег Францавіч Юхневіч і Ігар Аляксандравіч Дашчынскі. На трэцім месцы – каманда валожынскіх паляўнічых у складзе Андрэя Валер’евіча Жудрыка (капітан), Аляксандра Міхайлавіча Літвіненкі і Аляксандра Міхайлавіча Пракопчыка.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars