З яго асобай звяраем жыццё

з-яго-асобай

8 ліпеня ў мемарыяльным запаведніку “Вязынка” – адным з найпрыгажэйшых куткоў Міншчыны – адбылося рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”, прымеркаванае да 135-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Купалы.

У мясціны, дзе знаходзіцца выток магутнай плыні Купалавай паэзіі, накіравалася і дэлегацыя творцаў Валожыншчыны. Да ўдзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” далучыўся заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ракаўскі “Гасцінец”.

Мерапрыемства ладзілася Саюзам пісьменнікаў Беларусі сумесна з Мінскім абласным і Маладзечанскім раённым выканкамамі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь накіраваў удзельнікам свята прывітанне. “Зорка Янкі Купалы ўзышла ў эпоху перамен, калі Беларусь рабіла першыя крокі да ўласнай дзяржаўнасці. Сілай свайго таленту паэт вызначыў накірункі развіцця роднай мовы і культуры, акрэсліў духоўныя арыенціры для многіх пакаленняў, – гаворыцца ў вітальным слове. – Таму сёння мы, грамадзяне суверэннай краіны, ганарымся і папулярызуем купалаўскую спадчыну, з павагай  захоўваем яе для нашчадкаў”.

Вось ужо амаль паўстагоддзя гэта калісьці сціплая сядзіба ў Маладзечанскім раёне збірае гасцей з усяго свету. Туды, дзе распачаўся жыццёвы шлях творцы, які стаў сімвалам беларусаў як нацыі, святочным днём сабраліся літаратары з усёй Беларусі. Каб ушанаваць памяць вядомага ва ўсім свеце чалавека, прыехала шмат замежных гасцей, сярод іх – дыпламаты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы.

Старт шэрагу святочных эпізодаў быў дадзены ля помніка паэту. Працяг адбыўся на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, у музеі. Павел Паўлавіч Латушка – вядомы дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падчас свайго выступлення падкрэсліў: “Купала – асоба, з чыімі ідэаламі звяраюць сваё жыццё ўсё новыя і новыя пакаленні. Мастацкі свет яго паэзіі стаў неад’емнай часткай духоўнага скарбу не толькі беларускага народа, але і сусветнай культуры. Менавіта таму наш паэт з’яўляецца  “чэмпіёнам” па колькасці помнікаў, якія ўстаноўлены ў памяць аб ім у розных краінах свету.”

Асабліва пранікнёна ў гэты дзень гучалі вершы песняра. Ля мікрафона пабывалі і нашы землякі: Віктар Шніп – галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” і Валянціна Гіруць-Русакевіч – кіраўнік “Руні”.

Музычныя творы, натхнёныя мілагучнымі радкамі паэта, выканалі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Марына Васілеўская, заслужаны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш”, вакальны ансамбль “Заранак” Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна, мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна. Вядучымі свята выступілі артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Валянціна Гарцуева і акцёр рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Новік.

Запамінальным момантам стала выступленне ракаўскага “Гасцінца”. Аматарскі калектыў  пакарыў гасцей свята не толькі выкананнем фальклорных песень, але і майстар-класам па народных гульнях і танцах.

Свята ў Вязынцы стала выдатным адпачынкам для тысяч людзей, якія прысвяцілі выхадны дзень памяці аўтара любімых твораў. Наталіўшы душу паэзіяй і музыкай, можна было павольна паблукаць па горадзе майстроў, які вабіў безліччу прыгожых і карысных рэчаў. Модныя зараз кашулі-вышыванкі, так званыя “вышымайкі”, упрыгожванні з кужалю і скуры, гліняны посуд, вырабы з дрэва… Да таго ж, менавіта ў гэты дзень гандляры прапаноўвалі самы шырокі асартымент друкаванай прадукцыі – кнігі Купалы, ілюстраваныя альбомы, кішэнныя зборнікі, часопісы. У моладзі карысталіся попытам значкі, наклейкі, магніты з выявай народнага паэта, шары з хэштэгам “Я люблю Купалу!”. Шматлікія фотапляцоўкі, упрыгожаныя кветкамі, далі магчымасць назаўсёды захаваць гэты дзень у сямейным фотаальбоме.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars