Зямля, што дыхае гісторыяй

зямля-што-дыхае-гісторыяй

Назва Узбалаць у поўнай ступені пасуе населенаму пункту, што знаходзіцца паміж Дубіной і Забрэззем. Паўз вёскі, аж да берага Беразіны, тут прасціраліся балоты, дзе мясцовыя жыхары нарыхтоўвалі торф. У 60-я гады мінулага стагоддзя меліяратары абшар асушылі. З той пары засталіся некалькі канаў, што паступова зараслі хмызняком. Зараз навокал – сапраўдны лес.

Карэнныя ўзбалатцы памятаюць пра ўмоўны падзел вёскі на тры часткі: Узбалаць 1-я, 2-я, 3-я… Але гэта было пазней, а пры Польшчы Узбалаццю называлі толькі адрэзак з боку Дубіны. Сярэдзіна вёскі звалася Лапаўшчынай (у гэтым месцы жыў пан з прозвішчам Лапа). Праз невялікую прагонку і арку з дрэў, што злучылі свае кроны над хатамі суседзяў з аднолькавым прозвішчам – Юргілевіч – трапляеш у 3-ю частку – Шасціхаты (у свой час зямля была падзелена на шэсць надзелаў – адсюль і назва).

     Спрадвеку тут жылі паны (рускія, польскія), асаднікі, а ў савецкі час прыехала шмат спецыялістаў з розных куткоў Беларусі і іншых рэспублік былога СССР. Усе яны аказвалі ўздзеянне на характары вяскоўцаў, фарміраванне іх звычак, густу. Калісьці прадстаўнікі вёскі ў пошуках заробку выязджалі ў Петраград, Вільню, Варшаву, таму добра размаўлялі па-польску, па-руску, разумелі літоўскую мову, некаторыя іншыя. Мясцовая гаворка – багатая, цікавая і мілагучная. Лічыліся ўзбалатцы дастаткова адукаванымі, таленавітымі, добра апраналіся, шмат чыталі, мелі досыць шырокі кругагляд.       

   У дамах знаходзілася мноства цікавых рэчаў: гадзіннікі, карціны, посуд, фарфоравыя статуэткі… Гаспадыні мелі швейныя машыны фірмы “Зінгер”, іх мужы раз’язджалі па наваколлі на веласіпедах, якія называліся “ровары”. Мужчыны прызываліся спачатку ў Расійскае, а пасля ў Польскае войска, а ячшэ пазней – у Чырвоную Армію. Многія, хто сустрэў рэвалюцыю 1917 года ў Расіі, прапалі без вестак. Магчыма, і зараз па расійскіх прасторах, іншых краінах свету крочаць унукі і праўнукі жыхароў гэтай цікавай вёскі.

зямля-што-дыхае(куцюр-ад-петрука)

«КУЦЮР» АД ПЯТРУКА

Хрысціна Саломка нарадзілася ў Шасціхатах. Яе бацька у мясцовым грамадстве лічыўся далёка не апошнім чалавекам – здольны кравец, ён абшываў усё наваколле. Вясельныя ўборы “ад куцюр” у выкананні Пятрука Грыбоўскага можна бачыць на старых фотаздымках, што захоўваюцца ў сямейных альбомах. Пры савецкай уладзе чалавек з “залатымі рукамі” працаваў у арцелі ў Валожыне. На працу хадзіў пешшу. У той час 12-кіламетровы шлях праз лес не лічыўся далёкай дарогай. Бабуля Хрысціны Пятроўны Настуля служыла ў сям’і заможнага чалавека ў Варшаве, дачка Кацярына паехала да яе. У 1939 годзе, калі пачалася вайна, многія беларусы вярталіся на радзіму. Гэтак зрабіла і маладая дзяўчына. Такім чынам, маці з дачкой разлучыліся і назаўсёды засталіся грамадзянкамі розных краін. Бацька жанчыны ў той час жыў у Вільні, планаваў вось-вось выехаць у Польшчу. Дадому заехаў, каб узяць штосьці з дакументаў. Падацца далей не паспеў. А пазней аб нейкіх пераездах ніхто і не думаць не мог. Яго сваякі таксама засталіся за мяжой. Падобнае адбылося амаль у кожнай сям’і.

 

І СПРАЎНА ІГРАЛІ, І ХЛЕБ ВЫПЯКАЛІ…

Нашчадкаў кожнага роду тут традыцыйна клічуць па імені, прозвішчы ці згодна з родам заняткаў продкаў. Паўлюкі, Бладзюкі, Дамініковы, Матроніны, Дудары, Рымары, Музычкі… Дзед жыхаркі Узбалаці Таццяны Грыбоўскай Міхась Грыбоўскі (гэта прозвішча тут адно з самых распаўсюджаных, таму пасля замужжа жанчыне мяняць яго не спатрэбілася) валодаў старажытным музычным інструментам – дудой. У кампаніі з Іосіфам Юргілевічам – самадзейным скрыпачом – іграў вяселлі. Яго сын Антось быў здольным балалаечнікам, гітарыстам, мог узяць у рукі і мандаліну, астатнія сыны і дочкі выдатна спявалі. Таццяна Пятроўна і сама спявачка ад Бога. Дарэчы, яе бабулю дзед прывёз аж з Петраграда. Таму рэпертуар, які выконваўся членамі сям’і, быў шырокі – ад народных беларускіх і рускіх песень да гарадскога раманса. Былі ў вёсцы і іншыя музыканты. Сям’я Кароль (Адамчыкаў) здаўна славілася творчымі здольнасцямі. Браты Аляксандр і Міхась у свой час складалі выдатны дуэт. Іх цымбалы і гармонік гучалі на кожнай вечарынцы. Дарэчы, Кароль – яшчэ адно адметнае прозвішча ў гэтай мясцовасці. Што тычыцца рамёстваў, тут умелі віць вяроўкі, фарбаваць тканіну, былі свае сталяры, бондары, цесляры, рымары, нават “сваёй гадоўлі” фельчар. Вінцук Грыбоўскі трымаў пякарню. За хлебам да яго ехалі здалёк.

 

ХТО Ў КІТАЙ, А ХТО – у КАНАДУ…

Была тут і ўвогуле кранальная гісторыя. Перад самым пачаткам Вялікай Айчыннай вайны прыехала ў Шасціхаты, каб наведаць радню, ураджэнка Узбалаці, што нейкім чынам выйшла замуж за кітайца. Відавочна, спачатку прадстаўніца сям’і Юргілевічаў выехала ў Расію. Дзе яна сустрэла будучага мужа, невядома. Тым не менш, летам 1941 года прыбыла на радзіму з дзвюма дочкамі. У гэты час фашысты захапілі Беларусь, і маладая маці з дзецьмі не магла вярнуцца дадому. Усю акупацыю яны пражылі ў сваякоў, змагаючыся за выжыванне. Напрыканцы вайны няшчасная захварэла і памерла. Пахавалі яе на могілках у Забрэззі. Юныя кітаянкі, дачакаўшыся Перамогі, паехалі да бацькі. Іх далейшы жыццёвы шлях невядомы…

А вось прадстаўніца роду Саломкаў трапіла аж у Канаду –  там і сёння жывуць яе нашчадкі. Родная сястра Марыя, жыхарка Узбалаці, у свой час гасцявала ў сваячкі. Сёння няма сярод нас падарожніцы, але легенды, больш падобныя на анекдоты, пра яе вандроўку за акіян жывуць сярод мясцовых жыхароў.

Сваяк Марыі Грыбоўскай накіраваўся ў пошуках шчасця ў Амерыку. Там чалавек з прозвішчам Яблонскі разбагацеў, стаў фабрыкантам. У 70-я гады на прадпрыемстве, што належыла нашаму земляку, адбылася стачка. Рабочыя ноччу праніклі ў дом гаспадара і забілі ўсю яго сям’ю. Пра гэты выпадак пісалі ў газеце “Известия”, а галівудскімі кінематаграфістамі нават зняты фільм, дзе гісторыя Джоў Яблонскага паказана дакладна.

Ураджэнка Узбалаці Вера Суміна (Жамойдзіна) трапіла на Чукотку. Яна набыла адукацыю горнага інжынера і шмат гадоў працавала на золатаздабывальным камбінаце ў пасёлку Іўльцін. У такую далеч жанчына накіравалася не па сваёй волі. Узбалаць не абыйшлі бокам сталінскія рэпрэсіі. Іосіф Жамойдзін, бацька В. Сумінай, быў жаўнерам войска Польскага. Просты селянін аб’ехаў амаль увесь свет. Пабываў на Бліжнім Усходзе, у Польшчы, Англіі, Італіі… У складзе арміі Андэрса прымаў удзел у знакамітай бітве пры Монтэ Касіна, добра валодаў польскай, англійскай, італьянскай мовамі, пісаў вершы па-беларуску.  У маладосці лічыўся актывістам мясцовага самадзейнага тэатра. Пасля вяртання на радзіму ў выніку даносу аднаго з суседзяў чалавек быў абвінавачаны ў тым, што ён – англійскі шпіён. Атрымаў пяць гадоў турмы і яшчэ столькі ж – высылкі. Сям’я пакаранага ні за што чалавека была вывезена ў Сібір. Пазней Іосіфа Іванавіча рэабілітавалі.

 

ПОДЫХ ГІСТОРЫІ

Землі абапал Узбалаці літаральна дыхаюць гісторыяй. Мікалай Паўлавіч Грыбоўскі лічыцца мясцовым краязнаўцам. Ён помніць прозвішчы ўсіх паноў, якім у розныя перыяды належылі навакольныя землі. Напрыклад, руская пані Райкова. Гэта была асоба знатнага роду, яе продкі атрымалі зямлю на Беларусі за заслугі перад Расійскай імперыяй. З прыходам палякаў пані з’ехала на радзіму. Пан Макрыцкі і яго зяць Камар –  таксама частка летапісу вёскі. У час калектывізацыі іх маёнткі сталі падмуркамі для стварэння калгаснай інфраструктуры. Рэшткі будынкаў дагэтуль стаяць на былым калгасным двары ў Лапаўшчыне. Хоць ад сядзібы Камара не захавалася нічога, месца гэта і зараз называюць “У Камара”. раней тут размяшчаліся калгасныя фермы, быў вялікі сад.

Адметнай фігурай у гісторыі вёскі можна лічыць прадпрымальніка Меера. Багаты яўрэй калісьці адкупіў у Макрыцкага пілараму. Гэта было даволі значнае прадпрыемства. Пачаў дзейнічаць млын. Вытворчасць забяспечвала працай многіх людзей. У час вайны ўся гаспадарка Меера згарэла. У жылым доме пазней была адкрыта першая хата-чытальня. Затым, аж да 90-х, тут размяшчаўся ФАП. Адна частка будынка была аддадзена пад кватэру сям’і настаўніцы. Зараз будыніна належыць уласніку, ідзе рамонт.

Непадалёк знаходзіцца,  былы дом Макрыцкага, праўда, ўжо ў моцна аварыйным стане. Хутчэй, гэта была дача, бо ў асноўным сям’я багатага чалавека жыла ў Вільні. Пасля ўстанаўлення савецкай улады ў прыгожым будынку, акружаным садам, размясцілася школа.

Асобнай старонкай упісаны ў гісторыю Узбалаці лёсы людзей, што называліся асаднікамі (польскія грамадзяне, якім урад паводле спецыяльнага закона 1920 года выдзеліў землі на тэрыторыі Заходняй Беларусі). Само слова “асада” азначае сядзібу. Гэтых сядзіб уздоўж савецка-польскай мяжы было шмат. Качынскі, Марэк, Нітунь, Гольда, Ныч, Бэнга, Канэцкі, Маркоўскі… І зараз старажылы могуць паказаць месцы, дзе жылі гэтыя людзі. Калі асаднікаў вывезлі, пабудовы разабралі, а падмуркі ў акружэнні бэзавых кустоў можна бачыць і зараз…

зямля-што-дыхае(подых-гісторыі)

 

ВАЙНА ПРЫНЕСЛА НЕЗАБЫЎНЫ БОЛЬ…

Мноства месцаў нагадвае аб мінулай вайне. Тут стаялі немцы. У доме Камара размяшчалася камендатура. Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Маракавай хаце быў шпіталь. У лясах хаваліся партызаны. І зараз у Шасціхацкім лесе можна знайсці сляды зямлянак, варонак ад снарадаў. Адразу пасля вайны і пазней хлапчукі знаходзілі патроны, гільзы ад снарадаў, каскі. У суседнім Забрэззі фашысты стварылі гета, куды сагналі ўсё яўрэйскае насельніцтва мястэчка. Жыхары навакольных вёсак, Узбалаці ў тым ліку, з павагай ставіліся да прадпрымальнікаў і гандляроў, сябравалі з імі. Таму дзень, калі адбылося масавае забойства, стаў для наваколля трагедыяй. Сумна і страшна адгукнуліся гэтыя падзеі і ў Шасціхатах. Маладая яўрэйка здолела ўцячы ад немцаў і праз вёску бегла ў лес. Людзі хацелі схаваць яе, але напалоханая бяглячка чамусьці іх не паслухала. Два паліцаі на веласіпедах дагналі яе і забілі. Да леса заставалася сто метраў… Вяскоўцы пахавалі жанчыну, а на тым месцы пасадзілі куст шыпшыны.

На фронт узбалатцы трапілі ў асноўным пасля вызвалення Беларусі. У свой час школьнікі пільна сачылі за тым, каб на кожнай хаце, у якой жыў ветэран, была прымацавана чырвоная зорка. Зараз, калі нават дзяцей былых ветэранаў няма на гэтым свеце, цяжка даведацца, з якіх двароў адправіліся на фронт мужчыны ў далёкія саракавыя гады. Дакладна вядома, што ваявалі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і вярнуліся з баявымі ўзнагародамі Іван Кароль, Іосіф Дземідовіч, Іван Грыбоўскі, Аляксей Ліштван. Дарэчы, дом І. Грыбоўскага ці дом Дамініковых (зараз належыць яго ўнуку) па-ранейшаму пазначаны зоркай. На 15 франтавікоў сем’і атрымалі пахавальныя.

 

УЗБАЛАЦКІЯ АСВЕТНІКІ

Асобнае месца ў сэрцах выхадцаў з Узбалаці займае школа, першым дырэктарам якой быў прыезджы настаўнік-гісторык Юрый Антонавіч Паўленка. Ён і яго жонка-матэматык Праскоўя Лукінічна з’яўляліся сапраўднымі асветнікамі. Дзякуючы іх намаганням, навакольныя вёскі назаўсёды развіталіся з неадукаванасцю. Менавіта ў той час былі закладзены традыцыі будучай васьмігодкі, якая на працягу дзесяцігоддзяў славілася на ўсю Валожыншчыну. Значны ўклад у яе развіццё ўнесла былы дырэктар Галіна Васільеўна Кароль. У час яе кіраўніцтва быў узведзены новы будынак. Выхаванцы заслужанага настаўніка БССР і яе моцнага калектыву раз’ехаліся па ўсім свеце. Сярод іх – ваенныя, вучоныя, настаўнікі, урачы, інжынеры, геолагі, шахцёры… Калектыў школы апераджаў час. Тут быў створаны першы ў раёне і адзін з першых у рэспубліцы школьны музей з гучнай назвай “Музей хлеба”, існаваў вялікі вопытны ўчастак. Мелася нават невялікая гаспадарка – свінні, трусы, конь. Кіраўнік была яшчэ і здольнай мастачкай – у афармленні інтэр’ера адчуваўся адмысловы густ. Праводзілася вялікая выхаваўчая работа. Іван Іванавіч і Лідзія Аляксандраўна Далінкевічы, Іван Іванавіч Жаркевіч, Вера Лявонцьеўна Кароль, Ванда Іосіфаўна Ліштван, Вера Ануфрыеўна Грыбоўская, Любоў Мікалаеўна Рындзевіч, Ніна Міхайлаўна Сергіевіч, Галіна Сцяпанаўна Кароль… Імёны гэтых настаўнікаў залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю педагогікі Валожыншчыны…

Установы культуры – сельскі клуб і бібліятэка – таксама з’яўляліся гонарам вяскоўцаў. Мясцовага фельчара, гаспадыню ФАПа Галіну Герасімаўну Далінкевіч і сёння ўспамінае з вялікай удзячнасцю не адно пакаленне ўзбалатцаў. Працаваў у вёсцы і магазін, які нават у часы дэфіцыту славіўся шырокім асартыментам тавараў, мелася выдатная лазня…

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

(Працяг будзе)

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars