Самагонны апарат падпадае пад канфіскат

Общество

Сіламі супрацоўнікаў РАУС вядзецца мэтанакіраваная, жорсткая барацьба з п’янствам і самагонаварэннем. На выкананне патрабаванняў Дэкрэта № 11 накіраваны намаганні ўсіх падраздзяленняў райаддзела.

З пачатку года канфіскавана 1188,9 літра самагону, гэта трэці паказчык у вобласці. Наперад прапусцілі толькі сваіх калег-суседзяў са Стаўбцоўскага і Маладзечанскага раёнаў. І ў той жа час, для параўнання, супрацоўнікі Мядзельскага райаддзела канфіскавалі ўсяго 36,5 літра саматужнага напітку. За адзінаццаць месяцаў у раёне знішчана 18 «міні-заводаў» і самагонных апаратаў, складзены 109 пратаколаў. Таксама за адзначаны перыяд у насельніцтва канфіскавана 16408,2 літра самагоннай брагі і 75,4 літра спіртаўтрымліваючых вадкасцяў.

Прыведзеныя лічбы сведчаць, што ўдалося дабіцца значных вынікаў. Аднак нельга сказаць, што на гэтым барацьба з п’янствам завершана. Статыстыка сведчыць, што адначасова ўзрасла рэалізацыя віна-гарэлачных вырабаў у магазінах спажывецкай кааперацыі. Паколькі дзяржаўная гарэлка даражэйшая, напэўна, выпіваюць яе менш. Так проста ад гарэлачнай залежнасці не пазбавіцца, п’юць старыя і маладыя, жанчыны, уцягваюць у свае кампаніі непаўналетніх. Неаднаразова такія выпадкі разглядаліся на адміністрацыйнай камісіі райвыканкама. Напрыклад, у лістападзе на 10 базавых велічынь аштрафавана 34-гадовая жыхарка райцэнтра, якая была выяўлена супрацоўнікамі за распіццём спіртных напіткаў у кампаніі непаўналетніх. Дарэчы, сама малодка мае 12-гадовае дзіця. Якія могуць быць каментарыі?!

Сёлета ўдвая знізіліся паказчыкі смерці ад атручвання спіртаўтрымліваючымі вадкасцямі. Летась было 16 трупаў, цяпер – 8.

У самагоннай вытворчасці, пастаўленай на паток, ёсць свае «перадавікі». 19 разоў знішчаліся апараты ў жыхара вёскі Чабаі Часлава Алешкі, столькі ж разоў ён прылюдна даваў абяцанне не займацца супрацьзаконнай справай. Аднак прага на абагачэння за кошт людскіх слёз даражэй за абяцанні, маральныя прынцыпы. Вось дзе спраўджваюцца словы, што грошы не пахнуць. 1 снежня яго справа была ў чарговы раз разгледжана ў Валожынскім судзе.

Валерый ГАРНАШКЕВІЧ, начальнік аддзела правапарадку прафілактыкі РАУС, Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий