Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

З 7-а ліпеня дэсант з 10 прадстаўнікоў Валожынскага лясгаса высадзіўся ў Жалаўскім лясніцтве Любанскага лясгаса.

Разам з калегамі з яшчэ 14 лясніцтваў Міншчыны валожынцы будуць дапамагаць з высечкай сасны на значных плошчах. Справа ў тым, што ў мясцовых лясах адбываецца масавае ўсыханне сасны ў выніку пашкоджання дрэў вяршынным караедам.

Тры брыгады першапраходцаў падрыхтоўвалі лесасекі для высечкі, правялі адвод насаджэнняў. На мінулым тыдні іх змянілі новыя работнікі. Таксама там працуе тэхніка нашага лясгаса: харвестар “Сампа”, харвестар “Амкадор”, фарвардар “Амкадор”, трактар “МТЗ-82” з гідраманіпулятарам. У бягучым месяцы нашы лясгасаўцы павінны выразаць 27 гектараў пашкоджанага лесу і нарыхтаваць прыкладна 8 тысяч кубаметраў драўніны. Рэалізацыя яе будзе арганізавана на месцы.

 

Напярэдадні Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў завершаны выгляд набыў памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам, устаноўлены на плошчы райцэнтра побач з брацкай магілай яшчэ ў маі 2015 года.

 

Па ініцыятыве раённага савета ветэранаў і раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане на помніку выбіты прозвішчы чатырох нашых землякоў, якія ў розныя гады загінулі на чужой зямлі, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак. На памятным знаку навечна прапісаліся маёр Валянцін Сліж, радавыя Іван Мазура і Павел Падрэз, загінуўшыя ў Афганістане, і прапаршчык Аляксей Аўштэйн, якія загінуў у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

 

Тры студэнцкія атрады, створаныя па ініцыятыве райкама БРСМ  і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на летні перыяд, у ліпені пачалі работу на розных аб’ектах раёна.

 

Назва сэрвіснага атрада “Школьнікі” гаворыць сама за сябе. 9 старшакласнікаў гарадскіх школ прыступілі да работы ў магазінах спажывецкай кааперацыі раённага цэнтра. На працягу месяца 17 членаў атрада “Гранада”, у складзе якога навучэнцы сельскагаспадарчага ліцэя, традыцыйна будуць працаваць на добраўпарадкаванні валожынскіх могілак. З 10 ліпеня да 21 жніўня будзе доўжыцца работа студэнцкага атрада “Аграрнік”, створанага на базе КСУП “Пяршаі-2014”. У склад яго ўвайшлі 9 ліцэістаў. На працягу вызначанага тэрміну яны будуць задзейнічаны на розных сельгасработах. Пачалі з праполкі буракоў.

 

З пачатку летняга сезона другі год запар на плошчы райцэнтра, ля будынка раённага цэнтра культуры, прапісваецца выязная кропка грамхарчу.

Спецыяльная цялежка на колах умяшчае 6 найменняў прадукцыі кандытарскага цэха аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства.

У гараджан і гасцей горада карыстаюцца попытам піражкі з рознымі начынкамі, беляшы і чабурэкі. Дзённая выручка складае ў сярэднім 100 рублёў, у чацвер дасягае 150 рублёў. На гарадскім рынку па чацвяргах і нядзелях працуе яшчэ адна кропка грамхарчу “Слойка”, дзе таксама рэалізуецца дробнаштучная ўласная прадукцыя, розныя прахаладжальныя напоі.

 

У Дубінскім сельскім цэнтры культуры ў ліпені наладжана выстава “Уборы нашых прабабуляў”. Ініцыятарамі яе стварэння сталі ўдзельніцы аб’яднання “Бацькаўшчына”, якое працуе пры цэнтры культуры. За экспанатамі далёка хадзіць не прыйшлося, проста перагледзелі паліцы ў шафах і камодах.

На выставе прадстаўлены сукенкі, касцюмы, спадніцы, абутак, хусткі, нават ніжняя бялізна 50-70-х гадоў мінулага стагоддзя. Ёсць рэчы, якія ўжо нават выйшлі з карыстання, напрыклад, жаночыя паясы, на якіх раней мацаваліся панчохі, ды і самі капронавыя панчохі для пакалення ХХI стагоддзя з’яўляюцца сапраўдным рэліктам. Даўно выйшлі з моды і сінтэтычныя тканіны, папулярныя ў тыя гады: нейлон, крымплен і іншыя. Пакуль што з уборамі прабабуляў з задавальненнем знаёмяцца іх праўнукі, наведваюцца ў клубную ўстанову і дзеці, што адпачываюць у вёсцы на летніх канікулах. Арганізатары мяркуюць, што яна будзе цікавая для наведвальнікаў розных узростаў.

 

12 ліпеня ў 22.58 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне з вёскі Замасцяны Валожынскага сельсавета аб загаранні гаспадарчай пабудовы.

Калі на месца здарэння прыбыло аддзяленне ПАВП-15 вёскі Сакаўшчына, то выратавальнікі ўбачылі адкрытае гарэнне блочнага хлява 6х15 квадратных метраў, дзе захоўваліся ў асноўным будаўнічыя матэрыялы. Была пагроза жылому дому.

У выніку пажару знішчана страха, пабудова таксама значна выгарэла знутры. Праводзіцца праверка, якая дакладна ўстановіць прычыну пажару. Найбольш верагодная: парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і абсталявання.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars