Яму шапталі лоскія бярозы…

ЯМУ шапталі2

Сярод пісьменнікаў і культурных дзеячаў мінулага, якія ўнеслі вялікі ўклад у нацыянальную спадчыну Беларусі, адно з галоўных месцаў належыць Сымону Буднаму (1530 – 13 студзеня 1593 года) – найбуйнейшаму дзеячу рэфармацыйнага руху ў другой палове 16 стагоддзя, першадрукару, паэту, гуманісту, філосафу, асветніку і заснавальніку рацыяналістычнай крытыкі хрысціянства, дзейнасць якога звязана з Валожыншчынай.

Першае дакументальнае згаданне пра Сымона Буднага – кароткі запіс у метрыцы Кракаўскага ўніверсітэта за 19 кастрычніка 1544 г. Пра яго паходжанне дакладна невядома, але ёсць звесткі, што ён нарадзіўся ў мястэчку пад назвай Буда. На якой тэрыторыі знаходзіўся гэты населены пункт, на тэрыторыі Польшчы або на тэрыторыі сучаснай Беларусі – загадка. На жаль, дакладна невядома, дзе Будны атрымаў пачатковую адукацыю. У 1558 годзе С. Будны па запрашэнні князя Мікалая Радзівіла Чорнага пачаў дзейнасць у Вільні на пасадзе настаўніка веры з абавязацельствам 3 разы на тыдзень выкладаць асновы кальвінізму для беларускай пратэстанцкай абшчыны.

Ён выкладаў асновы тэалогіі ў Віленскім Пратэстанцкім сінодзе, атрымліваючы за гэта шчодрую па тым часе ўзнагароду. У сталіцы Вялікага княства Літоўскага Будны знайшоў не толькі надзейны жыццёвы прытулак, але і атрымаў выдатную магчымасць удасканаліць свой талент педагога, пісьменніка, філосафа і багаслова.

Сымон Будны быў адным з першых ідэолагаў развіцця беларускай культуры на роднай мове. Ён не хацеў паддавацца чужой думцы, рызыкуючы трапіць у няміласць да ўсемагутнага князя. Ён назапашваў веды, грунтоўна аналізуючы біблейскія тэксты, скрупулёзна параўноўваючы пазіцыі і погляды шматлікіх аўтарытэтных багасловаў, заходніх і ўсходніх айцоў царквы, прыводзіў у сістэму свае веды аб Сусвеце, Богу і Чалавеку, набліжаючыся да распрацоўкі ўласнай тэалагічнай дактрыны.

У 1560 г. Будны быў прызначаны пастарам евангелічна-рэфармацкай царквы ў Клецку. Пераехаўшы з Вільні ў гэты горад, ён працягнуў пачатую справу, рыхтуючы да друку свой першы твор. У пачатку лета 1562 г. з Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні, што належала пану Мацвею Кавячынскаму, выйшла дыхтоўная, з густам аформленая кніжка значных памераў, больш за пяцьсот старонак, пад загалоўкам «Катэхізіс, або Старадаўняя хрысціянская навука для простых людзей». Кніга адразу прыцягнула ўвагу адукаваных людзей у Вялікім княстве Літоўскім і далёка за яго межамі. Незаменная чытанка для дарослых і выдатны падручнік для дзяцей, надрукаваны «Катэхізіс» з’яўляўся ў той жа час неардынарным філасофска-багаслоўскім творам, адметным паводле свайго зместу і глыбіні выказаных думак.

Акрамя “Прысвячэння князям Радзівілам”, напісанага ў суаўтарстве з М. Кавячынскім і Л. Крышкоўскім, “Прадмовы да Чытача” і “Пасляслоўя”, выдадзеных Будным, “Катэхізіс” меў чатыры асноўныя раздзелы: «Аб дзесяці запаведзях Божых», «Аб веры», «Пра малітву Госпада», «Аб Святых таямніцах».

Праз тры месяцы пасля з’яўлення «Катэхізіса» 11 кастрычніка 1562 г. з Нясвіжскай друкарні выйшаў новы твор Сымона Буднага на старабеларускай мове – «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Да цяперашняга часу не захавалася ніводнага экзэмпляра «Апраўдання», хаця яшчэ ў 19 стагоддзі яго бачылі даследчыкі мінулага.

Жывучы ў Клецку, Будны каля 1562-1563 гадоў пачаў наладжваць непасрэдныя кантакты з дзеячамі заходнееўрапейскай рэфармацыі. Але прыкладна з сярэдзіны 1563 г. тэалагічныя погляды С. Буднага радыкальна памяняліся. Ён стаў адным з ідэалагічных лідараў радыкальнага руху антытрынітарыяў і пачаў вызнаваць адзінага Бога, адмовіўшыся ад дагмату Тройцы. Светапоглядныя зрухі асветніка знайшлі адлюстраванне ў «Катэхізісе», выдадзеным у Нясвіжы ў 1563-1564 гадах на польскай мове. Неўзабаве пасля выхаду ў друк праваслаўныя і каталіцкія дзеячы абвінавацілі яго ў сувязі са «старазаконнікамі», вучэнне якіх было мадыфікацыяй іудаізму. Але гэта быў несправядлівы папрок. Будны ніколі не адмаўляў хрысціянскага вучэння: ён верыў у выратавальную місію Сына Божага і лічыў Законам Божым не толькі Стары, але і Новы Запавет і г. д.

У Клецку С. Будны працягваў самаадукацыю. Ён набываў для сваёй бібліятэкі кнігі заходнееўрапейскіх аўтараў, захоплена аналізаваў творы грэчаскіх і лацінскіх апалагетаў хрысціянства. Пасля выдання на польскай мове Брэсцкай Бібліі ў 1563 годзе беларускім асветнікам авалодала ідэя зрабіць новы, больш дасканалы пераклад Святога Пісання і выправіць, нарэшце, хібы, якія па розных прычынах трапілі ў яго на працягу некалькіх стагоддзяў. Аднак ажыццявіць пераклад Бібліі яму не ўдалося. Мікалай Радзівіл Чорны памёр, і Будны пазбавіўся сваёй галоўнай апоры. Дзесьці ў канцы 1565-а Ганна Радзівіл, якая правіла ў Хохлава, запрасіла Буднага кіраўніком або, як казалі пратэстанты, – міністрам тамтэйшага арыянскага сходу. У жыцці асветніка пачаўся новы перыяд…

Каля 1571 года па невядомых прычынах ён пераязджае ў Заслаўе, а праз два гады – на Валожыншчыну. Залатой парой у творчасці С. Буднага стаў перыяд з 1573 па 1583 гады, калі ён жыў у Лоску ў доме вядомага беларускага магната Яна Кішкі, які набыў у братоў Кавячынскіх друкарню і прызначыў Буднага Лоскім міністрам.

Імя Сымона Буднага набыло вялікую папулярнасць у краінах заходняй Еўропы – Англіі, Францыі, Германіі. З ім імкнуліся завесці знаёмства, пачуць яго меркаванні па тых ці іншых праблемах.

У жніўні 1576 г. Сымон Будны надрукаваў у Лоску на польскай мове свой самы важны тэалагічны трактат – «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры». Ён складаўся з дзвюх частак – «Вызнанне веры» і «Абарона вызнання веры». На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў трактат заставаўся ў цэнтры рэфармацыйнай палемікі.

Беларускі гуманіст сфармуляваў 15 аргументаў у абарону ўрада і бліскуча пацвердзіў меркаванне, што кожны хрысціянін можа займаць свецкую пасаду і, сумленна выконваючы свае абавязкі, прыносіць велізарную карысць усяму грамадству. Беларускага філосафа падтрымалі многія. У студзені 1581 г. Сымон Будны склікаў у Лоску пратэстанцкі сінод Вялікага княства Літоўскага і зноў вынес на яго абмеркаванне пытанне пра ўладу. Калі прыйшоў час галасавання, увесь сінод, за выключэннем двух чалавек, пайшоў за сваім духоўным лідарам і выказаўся ў абарону ўрада. Рэфарматар ужо ў той час прапаноўваў не ліквідацыю стасункаў “гаспадар-падданы”, а памяркоўны шлях удасканалення іх узаемаадносін, вызначыць абавязкі і правы.

Праціўнікі Буднага скарысталі яго неаднаразовыя пратэсты супраць абмеркавання на сінодзе тэалагічных пытанняў дзеля сваіх карыслівых мэт. Яны абгаварылі лоскага міністра, нібыта ён абвяргае ў сваіх казаннях боскасць Хрыста. На наступным сінодзе ворагі беларускага асветніка адлучылі яго ад сходу. Ян Кішка, напэўна, не вельмі разумеючы прыроду разыходжанняў асветніка з аднаверцамі, калі даведаўся аб рашэнні сінода, пазбавіў Буднага пасады міністра ў Лоску і адмовіў яму ў далейшай падтрымцы. І ўсё ж асветнік не пакінуў арэну барацьбы. Ён зноў узяўся за пяро і пачаў дзейнічаць праверанымі сродкамі. За кароткі тэрмін пры матэрыяльнай дапамозе шляхціца Аляксандра Хамутоўскага Будны напісаў бліскучыя публіцыстычныя трактаты на польскай мове «Вызнанне аб урадзе і чыноўніках», «Абарону ўрада», якія ляглі ў аснову кнігі «Аб свецкай уладзе». Яна выйшла ў студзені 1583 г. у Лоскай друкарні з дазволу Яна Кішкі, які, не інакш, як пашкадаваў свайго былога духоўнага настаўніка і выканаў яго апошнюю просьбу.

Падзеі 80-х гадоў пазбавілі Буднага душэўнай раўнавагі, выбілі яго са звыклай жыццёвай каляіны. Каля 1583 ён пакінуў Лоск і накіраваўся ў Іўе, дзе дзейнічала арыянская акадэмія. Асветнік зноў паспрабаваў знайсці сябе на педагагічнай ніве…

Сымон Будны памёр 13 студзеня 1593 г. у Вішневе, да апошняга адстойваючы свае погляды. Помнік беларускаму рэфарматару быў узведзены ў Нясвіжы ў 1982 годзе.

Будны стаў першым, хто прапанаваў асэнсаваны філалагічны падыход да перакладу біблейскіх тэкстаў. Ён паказаў, што схаваны ў іх сэнс знаходзіцца ў згорнутым выглядзе, раскрываючыся з цягам часу і развіццём чалавечай думкі ўсё больш глыбока. А таму кожнаму пакаленню трэба нанова пераасэнсоўваць тэкст гэтага старажытнага паслання, каб раскрыць адрасаванае менавіта яму. Што і паспрабаваў зрабіць адукаваны філосаф, народжаны беларускай зямлёй…

Ніна БОБРЫК,

навуковы супрацоўнік

раённага краязнаўчага музея

яму-шапталі

ЯМУ шапталі2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars