Каб нарадзiўся чалавек…

Культура

    З крыкам дазорнага, які абвяшчаў аб каменданцкай гадзіне, заціхлі апошнія шорахі. Нарэшце заспакоеная мяцеліца ненадоўга адышла, каб назапасіць сілы для наступнай атакі на неабароненыя паселішчы людзей. Суцэльная густая цішыня накрыла цёмны акупіраваны пасёлак, і ў празрыстым марозным паветры любы, нават самы ціхі, гук здаваўся такім моцным, што рабіўся падобным на гром. Вёска, і так нешматлюдная ў светлы час сутак, ноччу здавалася проста вымершай. Толькі часам можна было разгледзець у цемры агеньчык цыгарэты немца, які выйшаў пакурыць, ды пачуць далёкі грубы смех акупантаў, што весяліліся недзе ў хаце ў пачатку пасёлка.

    Самымі цёмнымі і непрыметнымі, вядомымі толькі мясцовым жыхарам закавулкамі і сцежкамі прабіралася Жэня да дома Анастасіі Міхайлаўны. Змагаючыся са страхам і холадам, яна ўпарта ішла ўперад, стараючыся ступаць як мага цішэй і як мага непрыкметна прыціскацца да платоў, якія трапляліся на шляху, сцен дамоў і свірнаў. Дзяўчынка ведала, што зараз Анастасія Міхайлаўна – адзіны чалавек, які можа дапамагчы Наталлі, маці Жэні. Яшчэ да таго, як пачалася вайна, жанчына была акушэркай у мясцовай амбулаторыі. Таму, сабраўшы астаткі сваёй смеласці і рашучасці, Жэня прадаўжала ісці туды, дзе знаходзілася выратаванне яе маці.

    Раптам зусім блізка каля дзяўчынкі пачуўся крык на незнаёмай, а таму яшчэ больш страшнай варожай мове. Скалануўшыся, Жэня прысела, сціснулася ў маленькі дрыжачы камячок і як мага мацней прыціснула рукі да вушэй, чакаючы стрэлу. Яна асмелілася падняць галаву толькі праз некалькі хвілін, калі так і не пачула ракавога гуку. Паблізу ўжо нікога не было. Дзяўчынка зразумела: крык прызначаўся не ёй, але паглядзець, хто крычаў, яна не адважылася, памятаючы, што ў яе вельмі мала часу ў запасе, і прадоўжыла свой кароткі, але не менш небяспечны шлях…

    …Наташа жаласна застагнала, прыкусіўшы губу, каб не даць магчымасці балючаму стогну пакінуць горла, але тут жа застагнала ізноў, не маючы сілы стрымлівацца. Ад болю пачала кусаць рабро далоні, спрабуючы новым болем заглушыць той, што даўно мучыў яе цела. У думках яна клікала, маліла аб дапамозе, але з горла не вырывалася ні адна просьба, а толькі бясконцыя стогны, якія не магла стрымаць. Боль прыходзіў і адыходзіў, калі хацеў: то накочваў мяккімі хвалямі, то рэзка, імгненна расцякаўся абпальнай лавай па ўсяму целу. З-за яго Наташа не адчувала дзікага марозу зімы 41-га. Быццам бы гэта не яна ляжала ў халодным цёмным склепе практычна на голай зямлі ў адной тонкай кашулі і старой куртцы, якая засталася ад пайшоўшага на вайну мужа, у якую яна ўчапілася з усёй сілы, нібы тая дапамагала ёй захоўваць розум і змагацца за жыццё. Не толькі за сваё…

    Нават калі боль на імгненне адступаў, назапашваючы сілы для наступнага захаду, жанчына магла думаць толькі пра тое, што хутка прыдзе наступны, і рыхтавалася да чарговых схватак. Жанчына часам зусім забывалася пра дачку, якая пайшла шукаць дапамогу, і пра акупіраваны пасёлак, і пра немцаў, што выгналі яе і Жэню з дому, але літасціва дазволілі ім застацца ў папярэдне разрабаваным склепе, і пра ўласнае бядотнае становішча. Таму Наталля не заўважыла ціхага скрыпу дзвярэй, якія амаль не абаранялі ад холаду, і жаху, і жалю, што адбіліся ў вачах увайшоўшых Жэні і Анастасіі Міхайлаўны.

    Сэрца Анастасіі Міхайлаўны забілася ў дзікім рытме, калі яна распазнала ў цемры твар Наталлі, скажоны грымасай болю. Хоть жанчына за сваё жыццё шмат разоў прымала роды рознай ступені цяжкасці, яе ўразіў адчай маці Жэні. Немаладая, але ўсё яшчэ дастаткова энергічная жанчына змагла ўзяць сябе ў рукі, успомніла свой абавязак. І хоць яна разумела, што нельга прымаць роды ў такіх умовах, сэрца і душа ўгаворвалі яе, заклікаючы не марудзіць і паспрабаваць выратаваць няшчасную жанчыну, прымушалі ізноў узяць на сябе адказнасць за чужое жыццё. І, падпарадкаваўшыся сваім пачуццям, Анастасія Міхайлаўна вырашыла прымаць роды прама тут, на халоднай, прамёрзлай наскрозь зямлі, без належнай падрыхтоўкі, забыўшыся на час пра свае перакананні і прынцыпы.

    Спалоханыя вочы Жэні, якія свяціліся надзеяй, пільна сачылі за дзеяннямі акушэркі. Рукі той падрыгвалі, быццам бы яны блага яе слухаліся, але голас, якім яна аддавала дзяўчынцы распараджэнні, быў роўны і спакойны. Жэня старалася дапамагаць, чым магла. Знойдзеная вялікая чыстая хустка не магла замяніць усяго неабходнага, але і ёй акушэрка была рада, таму што, калі прыйшлося выбіраць паміж выратаваннем і бяздзейнасцю, яна выбрала меркаванне сэрца, а рукі і думкі ўжо рабілі звыклую справу.

    Жанчына рызыкнула развесці вогнішча, каб хоць крыху абагрэць памяшканне. Неабходна была і цёплая вада. Яны сутаргава зграбалі снег каля ўваходу ў склеп, награвалі яго ў старым вядры і злівалі ў каструлю. Усё знойдзенае адзенне злажылі ў нейкае падабенства матраца, куды сумеснымі намаганнямі перамясцілі Наталлю, а зверху накрылі курткай мужа, якую жанчына так і не адпусціла. Наташа выгнулася ў сутарзе і закрычала так моцна, што акушэрка зразумела – пачалося!

    …Калі густое, напоўненае страхам, адчаем, хваляваннем і надзеяй, паветра працяў гучны крык нованароджанага хлопчыка, па шчацэ Наташы скацілася адзіная сляза. Анастасія Міхайлаўна локцем выцерла з ілба пот і стомлена ўсміхнулася, прыкрыўшы вочы.

    Гэта адбылося 29 снежня 1941 года. Наперадзе была вялікая вайна. Але толькі што народжаны хлопчык не падазраваў аб тым, як яго будзе выратоўваць маці, як уся вёска будзе збіраць апошняе, каб падняць яго на ногі, як сястра пойдзе ў суседнюю вёску за малаком і трапіць у аблаву, будзе бегчы ад немцаў і, параненая, прыпаўзе дадому… Усё гэта будзе потым. А цяпер ён смешна цмокаў сваімі малюсенькімі губкамі і нават не плакаў, быццам разумеў: нельга сябе выявіць – кругом вораг, а маме трэба набрацца сіл.

    Назавуць хлопчыка Мішам…

ЭПІЛОГ

    Кожны год напярэдадні Новага года збіраецца наша вялікая сям’я, каб павіншаваць з днём нараджэння майго дзядулю Міхаіла Георгіевіча Лявіцкага. Мая прабабуля Наташа, маці дзядулі, пражыла доўгае дастойнае жыццё. Яна памерла ў 2003 годзе ва ўзросце 96 гадоў. Але першы тост, які гаворыць імяніннік: “За маю маму!”.

    Сёлета дзядулю споўніцца 70 гадоў. Дзядуля, жыві доўга і шчасліва! Мы ўсе цябе вельмі любім!

Кацярына Кашкан,

горад Валожын.



Добавить комментарий