Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Чамусьці менавіта лета – час татальных рамонтаў і рэканструкцый, гэта нейкі няпісаны закон ці традыцыя. Але для ўстаноў адукацыі летнія канікулы насамрэч той час, калі можна рабіць значны альбо касметычны рамонт, асвяжыць класныя пакоі і іншыя памяшканні, пераклеіўшы шпалеры і пафарбаваўшы сцены, падлогу.

У гімназіі № 1 Валожына значныя работы вяліся ў калідоры на трэцім паверсе: абноўлены сцены, пакладзены лінолеум, новы выгляд набыла столь. У Вішнеўскай СШ заканчваюцца рамонтныя работы на другім паверсе, а таксама адрамантавана спартыўная зала. Усе работы вядуцца па дагаворы падраду.

 

 

У жылкамунгасе праведзены свой унутраны семінар па арганізацыі тэхнічнага абслугоўвання жыллёвага фонду на прыкладзе Валожына.

На яго былі запрошаны начальнікі ўчасткаў і майстры з Івянецкага і Ракаўскага падраздзяленняў. Ім прадэманстравалі рамонт пад’ездаў у дамах № 11 і № 12 па вуліцы Савецкай з прыцягненнем сродкаў жыльцоў. Таксама ўдзельнікі семінара агледзелі памяшканне падвала і цеплавузла дома па вуліцы Гагарына, 10, пабывалі на іншых аб’ектах.

 

 

РУП “Валожынскі жылкамунгас” таксама выкарыстоўвае спрыяльны летні час для рамонтных работ.  Ужо зроблены пешаходныя тратуарныя дарожкі па завулку Дзяржынскага ў райцэнтры працягласцю 350 пагонных метраў. На гэта з раённага бюджэту выдаткавана 24 тысячы 227 рублёў.

Падходзяць да завяршэння работы па замене водаправоднай сеткі ў вёсцы Каштаноўка, прыгарадзе Валожына. Замена 786 метраў водаправода абыдзецца раённаму бюджэту ў 16 тысяч 801 рубель. У ліпені пачалася перакладка цеплатрасы ў аграгарадку Пяршаі. Таксама запланавана замена 100 метраў цеплатрасы за будынкам райвыканкама.

 

 

 

За першае паўгоддзе гэтага года ў раёне нарадзіліся 168 немаўлят: 91 хлопчык і 77 дзяўчынак, заключаны 72 шлюбы.

Летась гэтыя лічбы былі значна большыя: на свет з’явіліся 214 нованароджаных, шлюбаў было зарэгістравана 94. Сёлета ў раёне нарадзілася адна двойня, у адной сям’і з’явілася шостае і пятае дзіця, чацвёртае – у 11 сем’ях. Адразу 37 сем’яў папоўнілі армію шматдзетных, у іх нарадзілася па трэцім дзіцяці. Планку папулярнасці сярод імён, якія бацькі далі сваім дачушкам, утрымліваюць Ганна, Софія, Ксенія і Аляксандра. А самымі рэдкімі жаночымі імёнамі сёлета сталі Іларыя, Мілаліка, Магдалена, Каміла, Майя. Другі год запар у раёне з’яўляецца Ясенія, хаця фільму з такой назвай ужо “сто гадоў”, і наўрад ці маладая маці магла яго бачыць. Самымі распаўсюджанымі мужчынскімі імёнамі сталі Кірыл, Максім, Мікіта, Аляксандр. Самымі рэдкімі – Дамір, Дамінік, Даніэль.

 

 

 

З 18 ліпеня ў раёне пачаў працаваць трэці профільны палатачны лагер – “Астравок здароўя”. На змену, якая будзе доўжыцца да 26 ліпеня, заехалі 50 вучняў розных школ. Назва лагера гаворыць сама за сябе: значная ўвага надаецца здароваму ладу жыцця, гэтаму будуць падпарадкаваны і большасць мерапрыемстваў.

А першым палатачным лагерам сёлета стаў “Задора”, які абжываў базу ў лесе ля вёскі Гародзькі. Калі ў мінулым годзе гарачае харчаванне для ўдзельнікаў палатачных лагераў было арганізавана на базе Гародзькаўскай СШ, то цяпер было прынята рашэнне гатаваць ежу на кастры. І ўсё атрымалася. Такое харчаванне, набліжаныя да паходных умовы надалі яшчэ большую прывабнасць палатачным лагерам. Падчас змены ў лагеры “Лідар” сюды наведаліся члены валанцёрскага атрада “Прымула” Дорскай сярэдняй школы Вадзім Ганчарык і Артур Харлінскі разам з кіраўніком атрада Таццянай Кулік-Панарад і старшынёй раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа А. У. Трацэўскай. Яны правялі ўводны курс валанцёра. Заняткі прайшлі ў гульнявой форме, у працэс уцягваліся ўсе прысутныя. Сярод 52 членаў “Лідара” таксама аказаліся і некалькі валанцёраў. Хочацца верыць, што пасля той змены ў школах пашырыцца валанцёрскі рух. Рабяты даведаліся і пра высакародную місію Чырвонага Крыжа, а таксама пра тое, што робіцца з дапамогай таварыства ў нашым раёне, пра самыя гучныя справы гэтага года.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars