Марафон на веласіпедах

марафон-на-веласіпедах

     42 кіламетры. Такую дыстанцыю па маляўнічых мясцінах Стаўбцоўскага раёна давялося пераадолець удзельнікам абласнога велапрабегу, прысвечанага 72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 135-годдзю з дня нараджэння песняра беларускай зямлі Якуба Коласа. Зладжана і дружна праехала марафонскую адлегласць каманда Валожыншчыны, узначаліў якую старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка.

Акрамя кіраўніка раённай вертыкалі ўлады, пакараць маршрут адправіліся намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т. М. Крыкала, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д. Я. Касоўскі, загадчык райпаліклінікі П. А. Ганчар, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Г. Ф. Рай і інш. Усяго ж у той дзень на плошчы Бессмяротнасці ў Стоўбцах сабралася каля 500 чалавек на веласіпедах са сцягамі і  транспарантамі… Удзельнікаў велапрабегу прывітаў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Міхайлавіч Ісачанка. Ён згадаў бессмяротныя радкі з паэмы Коласа “Новая зямля” і адзначыў, што традыцыйнае мерапрыемства праводзіцца ў мясцінах, дзе нараджаўся гэты твор… Пасля ўрачыстага ўскладання кветак да манумента ў гонар савецкіх воінаў і партызан, якія змагаліся за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, велапрабегу быў дадзены афіцыйны старт.

Спартыўнае мерапрыемства ладзілася па маршруце Стоўбцы – Вішнявец – філіял літаратурнага музея Якуба Коласа – турыстычны комплекс “Высокі бераг”. Як выявілася ўжо на першым пункце прыпынку, праз 18 кіламетраў, паддавацца стомленасці ніхто не збіраўся, хаця прафесіяналаў на гэтым фэсце здаровага ладу жыцця былі адзінкі. Веласіпед для многіх стаў аддушынай у паўсядзённасці – даступнай, простай, якая не вымагае празмерных клопатаў і часу. А таму ўсе былі настроены на актыўны ўдзел. Так і сталася.

Калона пайшла далёка наперад. Па шляху ў вёсках услед удзельнікам велапрабегу махалі мясцовыя жыхары. Прывал арганізавалі на беразе вялікага возера. Папілі вады і чаю з мёдам – і далей, да месца, якому падарыў 10 гадоў жыцця знакаміты пясняр беларускай зямлі. Нядоўгі адпачынак, азнаямленне з тагачасным побытам – і яшчэ 5 кіламетраў шашы пакарыліся веласіпедыстам. Яны прывялі акурат да турыстычнага комплексу «Высокі бераг», дзе ўдзельнікі размясціліся ў палатачным лагеры. Пасля велатуру арганізатары наладзілі спартыўна-забаўляльную праграму са спаборніцтвамі і конкурсамі. Жадаючыя змаглі праверыць сілы ў паркавым валейболе, дартсе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і гіравым спорце, а таксама паказаць майстэрства ў фігурным ваджэнні веласіпеда і інш. Прыемна, што нашу каманду негалосна прызналі самай дружнай: мы фінішавалі ўсе разам, не вырываючыся ўперад і не адстаючы ад астатніх. У заліку валожынцаў і трапная стральба з пнеўматыкі: намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Башаркевіч “выбіла” 29 ачкоў з 30 магчымых…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars