Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Прыемная навіна: 19 ліпеня ў вёску Бомбалы прыйшоў прыродны газ. А гэта значыць, што ў раёне на адзін населены пункт, куды не патрэбна цяпер дастаўляць блакітнае паліва ў балонах, стала больш.

У кааператыве “Бомбалы-2014” 25 членаў. Сёлета поўным ходам ідзе газіфікацыя вёсак. Найбольш актыўна работы вядуцца ў кааператыве “Аўгустова-газ”, дзе налічваецца 40 членаў. За ўласныя сродкі грамадзян завершаны будаўнічыя работы па пракладцы газаправода, па вёсцы ён ужо разведзены. Цяпер вырашаецца пытанне аб уключэнні ў план бягучага года падводу газаправода, а менавіта – крыніца фінансавання. Вялікі кааператыў па газіфікацыі прыродным газам створаны ў вёсцы Бузуны Ракаўскага сельсавета, у ім налічваецца 120 членаў. Непасрэдна па вёсцы работы па пракладцы завершаны. На чарзе – падвод газаправода. У планах гэтага года газіфікацыя вёсак Пральнікі, Казакі, Юржышкі і Кучкуны. У далейшым падключэннем газаправода да дзеючых сетак будуць займацца спецыялісты Валожынскага раёна газазабеспячэння.

 

Пачалася нарыхтоўка ягад, гародніны, дароў лесу. У раёне працуюць 4 нарыхтоўшчыкі.

Стацыянарныя прыёма-нарыхтоўчыя пункты дзейнічаюць у Валожыне, Івянцы і Ракаве і адзін прыёмшчык лічыцца раз’язным. Ва ўсіх гандлёвых кропках спажывецкай кааперацыі развешаны аб’явы аб цэнах на прадукцыю. У даны момант прымаюцца чырвоныя і чорныя парэчкі, чарніцы і лісічкі. За мінулы тыдзень прыняты першыя 50 кілаграмаў лісічак, якія ў розніцу рэалізуюцца ў Валожыне і ўніверсаме “Ракаўскі”. Нарыхтавана ад насельніцтва 3,5 тоны ранняй бульбы. А вось чарніц сёлета ў лесе практычна няма, на момант цвіцення чарнічніку прыпалі вясеннія маразы. Пакуль што нарыхтавана ўсяго 20 кілаграмаў гэтых каштоўных ягад пры даведзеным заданні 15 тон.

 

У ліпені РУП “Белпошта” аб’явіла адкрыты конкурс лічбавай фатаграфіі “Даставім пачуцці поштай”. Ён праводзіцца сумесна з ТАА “Я МЕДЫЯ” і будзе доўжыцца да 30 лістапада бягучага года.

У конкурсе могуць удзельнічаць творчыя асобы ад 7 да 18 гадоў.

Асноўныя задачы конкурсу – далучэнне дзяцей і моладзі да традыцый віншавання родных і сяброў поштай, адпраўляючы ім адкрыткі і падарункі пасылкамі і бандэролямі, а таксама павышэнне дасведчанасці маладога пакалення аб паслугах РУП “Белпошта” і атрыманне дадатковых даходаў ад афармлення падпіскі ці продажу друкаваных СМІ. Дарэчы, у дзіцячых часопісах “Незнайка” і “3/9 царство” ў жніўні будзе змешчана інфармацыя пра  конкурс і яго ўмовы, які складаецца з дзвюх намінацый: “Павіншуй поштай” і “Любімы часопіс”. Удзельнікам неабходна адлюстраваць з дапамогай фатаграфій любыя варыянты віншавання поштай, а таксама прыдумаць калажы ці фотасюжэты, звязаныя з любімымі часопісамі. Для ўдзелу ў конкурсе патрэбна зарэгістравацца на сайце belpostkonkurs.by. Больш поўную інфармацыю пра ўмовы конкурсу можна даведацца ў аддзяленнях паштовай сувязі. Самы час узяць у рукі фотаапарат і з карысцю правесці час летняга адпачынку.

 

15 ліпеня ў Маладзечанскім раёне прайшлі міжраённыя спаборніцтвы па стралкова-паляўнічаму шматбор’і, у якіх прынялі ўдзел 13 каманд.

Спаборніцтвы праводзіліся па мішэнях “бягучы кабан”, “стаячая казуля” і “лятаючая талерка”. Раённую структуру Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў прадстаўлялі 4 каманды па тры паляўнічыя.

Другое месца заняла каманда ракаўскіх паляўнічых у складзе Сяргея Грыбкоўскага (капітан), Міхаіла і Сяргея Лемяшонкаў, трэцяе – валожынскія паляўнічыя: Аляксандр Бібік (капітан), Аляксей Бібік і Сяргей Ярашэвіч. У асабістым заліку па суме ачкоў першае месца заваяваў Аляксандр Бібік, трэцяе – Сяргей Грыбкоўскі, якім уручаны каштоўныя падарункі.

 

На працягу двух дзён на валейбольнай пляцоўцы на месцы адпачынку Жоўты Бераг адбылося адкрытае першынство раёна па пляжным валейболе.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 8 каманд – па дзве з Валожына, Мінска і Маладзечна, а таксама з Івянца і Стоўбцаў.

Першыя два месцы занялі маладзечанскія валейбалісты, на трэцім – каманда з Мінска. Нашы валейбольныя дуэты занялі пятае і сёмае месцы. Тройка прызёраў узнагароджана граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі. У спаборніцтвах таксама прынялі ўдзел тры жаночыя каманды. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: Маладзечна, Мінск, Івянец.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars