Аддалі перавагу адпачынку ў палатках

аддалі перавагу

Лета сёлета асабліва цёплым і сонечным не назавеш. Аднак, арганізатары дзіцячага летняга адпачынку ні на хвіліну не ўсумніліся ў неабходнасці стварэння палатачных лагераў. Традыцыйна такі адпачынак карыстаецца вялікай папулярнасцю ў падлеткаў. У бягучым годзе жадаючых правесці час на ўлонні прыроды аказалася значна больш, чым калісьці. Ужо адбыліся дзве змены – “Лідар” (для актывістаў піянерскай арганізацыі і членаў ГА “БРСМ”) і “Задора” – для тых, хто цікавіцца краязнаўчай работай і турызмам. На мінулым тыдні распачала дзейнасць трэцяя змена – “Астравок здароўя”.

Размясціўся палатачны гарадок на прыгожай лясной паляне ля вёскі Гародзькі. Месца тут маляўнічае, побач рака, лес. Спецыялістамі, якія адказваюць за дзіцячы адпачынак, за апошнія гады назапашаны значны вопыт па стварэнні такіх лагераў. Тут прадугледжана ўсё: ад санітарна-гігіенічных зон да паходнай кухні. Належным чынам абсталяваны і месцы для пражывання. У кожнай палатцы ўстаноўлены спецыяльныя паддоны, якія абараняюць імправізаваныя ложкі ад вільгаці. Што тычыцца харчавання – усе стравы рыхтуюцца на вогнішчы. За работу харчаблокаў адказваюць прафесіяналы – работнікі школьных сталовых. Нядаўна Цэнтр дзіцячай творчасці набыў спецыяльную палатку, памеры якой дазвалюць праводзіць забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы нават у час дажджу.

У лагеры могуць размясціцца адначасова каля 60 чалавек. На апошнюю змену гэтага сезона сюды накіраваўся 50 падлеткаў (11 – 12-13- гадовага і 39 14-17-гадовага ўзросту). Іх суправаджаюць 10 дарослых. Сярод хлопцаў і дзяўчат ёсць вопытныя аматары “палатачніка”. Выпускнікі 11 класа гімназіі і СШ № 1 г. Валожына Дар’я Барахоўская, Ягор Стасяловіч і Настасся Сафонава – менавіта з такіх. Насця – увогуле рэкардсменка, гэта яе пятая змена. “Старажылы” палатачнага лагера ведаюць – станоўчыя ўражанні ад адпачынку будуць забяспечаны толькі ў тым выпадку, калі кожны з адпачываючых прыкладзе пэўныя намаганні для стварэння належнага настрою. Такім чынам бавіць час могуць толькі энергічныя, ініцыятыўныя і няўрымслівыя. Менавіта таму ў дзень, калі змена адпраўлялася да месца размяшчэння, у аўтобус загружаліся пакеты з касцюмамі, рэквізітам, прыстасаваннямі для конкурсаў і гульняў. Насця і Дар’я павезлі з сабой некалькі гатовых сцэнарных распрацовак будучых забаўляльных мерапрыемстваў. Яны падцвердзілі: тут кожны можа ўзяць на сябе ролю арганізатара, праявіць здольнасці.

Як адзначыла начальнік лагера Валянціна Карнееўна Відзевіч, попыт на пуцёўкі ў палатачны лагер перасягнуў рэальную іх колькасць у разы таму, што падлеткаў не падманеш – яны цягнуцца туды, дзе па-сапраўднаму цікава.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars