Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Летнія канікулы яшчэ працягваюцца, аднак у самы раз задумацца пра новы навучальны год. Напамінаюць пра гэта і школьныя кірмашы, якія пачалі адкрывацца па ўсёй рэспубліцы.

Сёлета ў райцэнтры здаровую канкурэнцыю райспажыўтаварыству складзе камбінат бытавога абслугоўвання. Пробны старт школьны кірмаш валожынскіх бытавікоў возьме 29 ліпеня ў Маладзечне, дзе сваёй прадукцыяй яны будуць гандляваць адразу на дзвюх пляцоўках. А з 1 жніўня непасрэдна ля Дома быту ў Валожыне будзе арганізаваны вынасны гандаль таварамі школьнага асартыменту. Атрыманы дазвол на ўстаноўку гандлёвай палаткі.

Закройшчыкі Дома быту Ірына Мікалаеўна Таўгень і Алена Чаславаўна Кушаль распрацавалі ўзоры школьнай вопраткі для хлопчыкаў і дзяўчынак прыкладна з 1 па 5 класы. Гэта штаны, камізэлькі, сарафаны, спадніцы некалькіх мадэляў. На поўную магутнасць працуе ў ліпені швейны цэх. Кіраўніцтва КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” заключыла дагавор з вядомай фірмай “Світанак” на пастаўку белага “верху” для школьнай формы: гэта будуць трыкатажныя гольфікі, блузкі. Спадзяюцца, што бацькі школьнікаў знойдуць у іх краме неабходныя рэчы і будуць задаволены якасцю і цэнамі.

 

 

Магазін райспажыўтаварыства ў вёсцы Бузуны Ракаўскага сельсавета працуе толькі ў вясенне-асенні перыяд, бо асноўнымі пакупнікамі з’яўляюцца дачнікі. У зоне яго абслугоўвання знаходзяцца 12 дачных кааператываў.

Сёлета гандлёвая кропка пачала працаваць з мая. Месячны тавараабарот складае 20-25 тысяч рублёў. Напярэдадні ў магазіне зрабілі касметычны рамонт, замянілі гандлёвае і халадзільнае абсталяванне. Прадавец таксама прымае папярэднія заяўкі на буйнагабарытныя тавары і будаўнічыя матэрыялы з дастаўкай на дом. Дачнікі ў асноўным заказваюць будаўнічыя матэрыялы.

 

 

У мінулую суботу на Сакаўшчынскім вадасховішчы прайшлі міжраённыя спаборніцтвы па лоўлі рыбы летняй паплаўковай вудачкай.

У іх прынялі ўдзел 36 рыбакоў: адна юнацкая і тры дарослыя каманды ад Валожынскага, Маладзечанскага і Вілейскага падраздзяленняў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

У асабістым заліку перамогу святкаваў жыхар Валожына Віктар Уладзіміравіч Турскі, які атрымаў у падарунак вудачку-фідар. Другое месца дасталося прадстаўніку Маладзечанскага раёна, трэцяе – валожынцу Віктару Уладзіслававічу Матусу, якому ўручана 5-метровая вудачка “Валжанка-рапіра”. Таксама В. Матус адзначаны прызам, рыбалоўным крэслам, за самую вялікую рыбу. Гэта быў карась вагой 200 грамаў. Каманда Валожына ў складзе двух названых рыбакоў і Валерыя Станіслававіча Доваля заняла першае месца. На другім і трэцім – каманды з Вілейкі і Маладзечна. Лепшы вынік паказала і юнацкая каманда Валожына ў складзе Максіма Сакалоўскага, Дар’і і Паўла Сівых. Дзевяцігадовая Дар’я Сівая заняла першае месца ў асабістым заліку. Дзяўчынцы ўручана 5-метровая вудачка “Валжанка-рапіра”. Дарэчы, Даша была адзінай прадстаўніцай слабай паловы чалавецтва на гэтых спаборніцтвах.

 

 

Галоўная місія Таварыства Чырвонага Крыжа – аказанне дабрачыннай дапамогі ўсім, хто мае ў гэтым неабходнасць.

У другім квартале бягучага года раённая арганізацыя Таварыства правяла некалькі акцый па зборы сродкаў, валанцёры з дабрачыннай місіяй наведвалі аддзяленне сацыяльнага прытулку.

205 кілаграмаў вязаных рэчаў, перададзеных дацкім Чырвоным Крыжам, атрымалі 39 мнагадзетных сем’яў, 5 інвалідаў, 17 пажылых адзінокіх жыхароў раёна, 1 дзіця-сірата і 7 дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Таксама аказана дапамога 11 мнагадзетным і 4 малазабяспечаным сем’ям. Людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, атрымалі 663 адзінкі ўжыванага адзення, 24 пары абутку, канцтавары, цацкі, пасцельную бялізну, а таксама 6 пар новага абутку і 12 новых рэчаў. Рэчы ў добрым стане неаднаразова перадаюць у Чырвоны Крыж жыхары райцэнтра Вольга Ленская, Уладзімір Пачаеў, Яніна Сівая, Яўгенія Рэут, Ірына Семяннік з вёскі Стайкі, Галіна Арлоўская з вёскі Долевічы і іншыя.

 

 

На тэрыторыі Маладзечанскага раёна прайшоў абласны турыстычны злёт УП “Мінскаблгаз”, у якім прынялі ўдзел 12 каманд.

 

Каманда ПУ “Дзяржынскгаз”, у складзе якой былі 5 прадстаўнікоў Валожынскага раёна газазабеспячэння, заняла 7-е месца. Першае месца каманда заняла па гатаванні юшкі і другое ў конкурсе “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”. Асобнай камандай на злёце выступала СГУ “Бабровічы”. Нашы землякі занялі агульнае 8-е месца. У іх скарбонцы другі вынік на складаным этапе “Змешаныя гульні”.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars