Нядаўнія падзеі ў Івянцы нагадваюць сюжэт сапраўднага галівудскага трылера. Двое заезджых “гастралёраў” здзейснілі рэдкае для нашай мясцовасці злачынства – выкралі чалавека.
Пачыналася ўсё досыць мірна. Саўдзельнікі (ураджэнцы Талочынскага раёна Віцебскай вобласці 1987 і 1991 гадоў нараджэння), быццам бы з намерам папрасіць дапамогі ў пошуках страчанага мабільнага тэлефона заманілі маладога чалавека ў аўтамабіль. Далей усё было па-сапраўднаму страшна: гвалтоўнае ўтрыманне, збіванне, пагрозы забойствам. У выніку пацярпелы – наш зямляк, жыхар аднаго з населеных пунктаў раёна – атрымаў мноства цяжкіх фізічных пашкоджанняў, у тым ліку – пераломы некалькіх касцей. Цяжкай аказалася і псіхалагічная траўма.
Па факце дадзенага злачынства, якое, згодна з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, адносіцца да асабліва цяжкіх, раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.
Аксана САГАДЗІН, следчы РАСК