Дзе дысцыпліна, там менш праблем!

дзе-дысцыпліна

На чарговы прыём грамадзян да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Маладзечанскай выбарчай акрузе № 73 І. С. Маркевіча запісаліся 9 чалавек, яшчэ некалькі жыхароў Валожыншчыны прыйшлі ў надзеі на дзейснае вырашэнне турбот без папярэдняга паведамлення. Іван Станіслававіч уважліва выслухаў кожнага…

Практыка калегіяльнага правядзення такіх прыёмаў (акрамя заяўнікаў, на іх прысутнічаюць і прадстаўнікі службаў і ведамстваў, ад якіх залежыць вырашэнне ўзнятых пытанняў) і на гэты раз прынесла плён. Хоць, трэба заўважыць, некаторыя праблемы, з якімі прыйшлі людзі да дэпутата, маглі быць вырашаны нашмат раней, пры непасрэдным звароце ў адпаведную інстанцыю альбо да раённай улады. Аднак чамусьці магчымасцю не скарысталіся, хоць гэта і з’яўляецца асноўным правілам. Некаторыя з запісаных на прыём не з’явіліся: іх клопаты вырашыліся загадзя. Да прыкладу, адным з такіх быў жыхар аграгарадка Сакаўшчына Мікалай Сцяпанавіч Шчуцкі, што звярнуўся да дэпутата з просьбай пасадзейнічаць у падсыпцы вуліцы Школьнай перад прыездам замежнай дэлегацыі…

Першай на прыём да І. С. Маркевіча трапіла жыхарка аграгарадка Пяршаі Алена Уладзіленаўна Ігнатовіч. Яна доўгі час спрабуе вырашыць з гаспадаркай жыллёвую праблему, аднак з-за юрыдычных тонкасцяў заканадаўства сітуацыя вырашаецца не на карысць жанчыны. Паколькі гэта сям’я жыве ў прадастаўленай КСУП “Пяршаі-2014” кватэры, Іван Станіслававіч зрабіў сустрэчную прапанову: туды выедзе спецыяльная камісія, ацэніць ступень пашкоджанняў і правядзе пры неабходнасці рамонт. Зацікаўленыя службы атрымалі адпаведнае даручэнне.

Міхаіла Аркадзьевіча Невядомскага ведаюць у раёне многія. Старшыня райарганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку звярнуўся да парламентарыя і па асабістым, і па грамадскім пытаннях. Першае заключалася ў просьбе дапамагчы бацькам, што жывуць у Пяршаях, пазбавіцца ад надакучлівай праблемы пастаянных падтапленняў дваровай тэрыторыі і гаспадарчых пабудоў, якія рэгулярна адбываюцца ўвосень і вясной. Другое тычылася недастатковага выканання службамі прадпісанняў, прынятых у рамках сустрэч членаў таварыства з кіраўніцкім корпусам. Уважліва вывучыўшы ўзнятыя аспекты з дапамогай спецыялістаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў даручыў тэрмінова разабрацца з бядой вяскоўцаў, прыцягнуўшы ўсе ведамствы, ад якіх залежыць выкананне фронту работ. Сярод такіх – упраўленне капітальнага будаўніцтва, жылкамунгас і лясная гаспадарка.

Маладая шматдзетная матуля з райцэнтра Хрысціна Янкоўская стаіць у чарзе на атрыманне жылля ў адным з гарадскіх інтэрнатаў, аднак карэнным чынам яе клопаты не вырашаюцца ўжо трэці год. А ўся справа ў тым, што ўладальнік інтэрнатаў – РУП “Валожынскі жылкамунгас” – мае тры чаргі на засяленне, і ў гэтых спісах шмат людзей. Парламентарый параіў кіраўніцтву жыллёва-камунальнай гаспадаркі перагледзець склад другой чаргі і ўключыць туды сем’і, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей (па заканадаўстве, найпершае права ўладкавацца ў інтэрнат маюць работнікі арганізацыі). Так справа Хрысціны будзе “рухацца” хутчэй.

Жыхар Валожына Іван Уладзіміравіч Канапелька таксама мае турботы з падтапленнем двара. Для пазбаўлення ад лішняй вільгаці неабходна зрабіць дрэнажную канаву, аднак тэхніка не можа праехаць на тэрыторыю сядзібы чалавека з-за агароджавых пліт, якія належаць ДЛГУ “Валожынскі лясгас”. Хутка пліты будуць зняты і праблемы не стане.

У Івана Іванавіча Шакуна з Белакорца прэтэнзія да жылкамунгаса: ён заплаціў істотную суму за вываз смецця, але дагавора на аказанне такой паслугі ў пенсіянера няма, таму і машына да яго не даязджае. З гэтай сітуацыяй будуць разбірацца вельмі ўважліва. А для пачатку ля дома дзядулі вырашана паставіць кантэйнер.

Шматдзетная сям’я Разумейчыкаў з вуліцы Савецкай райцэнтра, не паспеўшы ўехаць у новую кватэру ў кааператыве “Альянс-2010”, сутыкнулася з істотнымі агрэхамі будаўніцтва, дапушчанымі падрадчыкам. На скаргі прадстаўнікі будаўнічай кампаніі адказваюць са спазненнем, а сітуацыя тым часам пагаршаецца. Іван Станіслававіч узяў гэты зварот на асабісты кантроль. Таксама ён даручыў адпаведным службам за бюджэтны кошт выправіць праблему перыядычнага затаплення падвала ў 6-м пад’ездзе дома № 124. Яшчэ два звароты, якія паступілі да парламентарыя, тычыліся рамонту дарог у вёсках Душкава і Бурнейкі, і адзін чалавек звярнуўся па асабістым пытанні.

Падсумоўваючы вынікі прыёму, Іван Станіслававіч адзначыў важнасць сумеснай працы па дапамозе жыхарам раёна, якія часта проста не ў стане вырашыць спрэчныя пытанні ўласнымі сіламі, а таксама нагадаў пра неабходнасць жорсткай выканальніцкай дысцыпліны. Калі гэтыя складальнікі будуць падтрымлівацца на належным узроўні, праблем сапраўды стане менш!

 

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars