Той, хто ратуе ад бяды

той хто ратуе

Капітан міліцыі Ігар МІХАЙЛАЎ службу на Валожыншчыне нясе вось ужо 6 гадоў. За гэты час паказаў сябе добрым прафесіяналам, станоўча характарызуецца кіраўніцтвам РАУС.

А яшчэ ў раёне знойдзецца нямала людзей, гатовых сказаць яму шчырае “дзякуй”. Летась Ігар Пятровіч выпадкова стаў сведкам аўтааварыі, не разгубіўся і ўратаваў жыццё жанчыне, вызваліўшы яе з-пад перакуленай легкавушкі. Сёлета дапамог адшукаць дачніцу, якая заблудзіла ў лесе.

…Чуткі аб тым, што аматары “ціхага” палявання вяртаюцца дадому з поўнымі кошыкамі лісічак, разляцеліся па садовым таварыстве каля вёскі Туркаўшчына імгненна і спакусілі пажылую кабету. Сонца ўжо кацілася на захад, калі яна надумалася сабраць трохі грыбоў на вячэру для сябе і мужа. Праз некаторы час знаходжання ў лесе жанчына зразумела, што заблудзілася. Пры сабе яна мела мабільны тэлефон, па якім і паведаміла на нумар “102” пра неспадзяваную бяду.

Атрымаўшы сігнал, аператыўнікі дзяжурнай службы тут жа звязаліся з участковым інспектарам міліцыі ракаўскай зоны Дзянісам Зубкоўскім. І. П. Міхайлаў у гэты час ужо адпачываў дома, у Ракаве, але пра здарэнне стала вядома і яму. Прыкінуўшы, што малады ўчастковы наўрад ці дастаткова знаёмы з навакольнымі лясамі, Ігар Пятровіч далучыўся да пошукаў.

Вёскі Туркаўшчына, Гіравічы і Шапавалы ўтваралі той трохвугольнік, дзе блукала жанчына. Супрацоўнікі міліцыі аб’язджалі на аўтамабілі лясныя дарогі адну за другой, уключалі сігнальную сірэну. Ужо добра сцямнела, а грыбніца паведамляла, што да яе не даносяцца ніякія гукі. Вышукальнікаў гэта не здзіўляла: мясцовасць тут узгоркавая, можна знаходзіцца побач, але не чуць адзін аднаго. Капітан І. П. Міхайлаў стараўся высветліць, які лес яе акружае, ці ёсць побач лініі электраперадач, прасекі, дарогі. Па прыкметах зарыентаваўся, куды прыкладна зайшла пацярпелая. І вось нарэшце жанчына радасна паведаміла: “Іду на сігнал!”

Пошукі доўжыліся гадзіны дзве і завяршыліся станоўча. Дачніца дзякавала сваім выратавальнікам, гаварыла, што і падумаць не магла аб такой прыгодзе, бо грыбнік яна вопытны, ніколі ў лесе не гублялася. Прасіла нават не паведамляць яе мужу пра здарэнне, а то раптам не дазволіць ёй больш хадзіць па грыбы…

Ігар Пятровіч Міхайлаў і яго калегі ўпэўнены: нічога звышнатуральнага не здзейснілі. Сітуацыю спрасціла тое, што жанчына пастаянна была на сувязі.

Ды і служба такая: не дапускаць складаных сітуацый, захоўваць правапарадак…

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars