Да старшыні – за дзейснай дапамогай

да-старшыні

     У рамках выканання патрабаванняў Дырэктывы № 2 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва” ў раёне вядзецца маштабная работа, галоўная мэта якой – хуткае вырашэнне праблем жыхароў горада і раёна.

 

Адным з пунктаў рэалізацыі стаў нядаўні выязны прыём грамадзян, які правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА ў адміністрацыйным будынку ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”.

Магчымасцю агучыць і зняць у кароткія тэрміны набалелыя пытанні скарысталіся два чалавекі. Аднак кола турбот, з якімі да кіраўніка раённай вертыкалі ўлады звярнуліся гэтыя людзі, аказалася шырокім. У прыватнасці, жыхарка мікрараёна Сельгастэхніка папрасіла аказаць дапамогу адразу па некалькіх. Найперш жанчыну хвалююць недахопы водаадвода на доме № 45 па вуліцы Чапаева: ападкі з даху разбураюць бетонныя падмосткі. Мікалай Анатольевіч даручыў тэрмінова вырашыць гэту праблему прадстаўнікам РУП “Валожынскі жылкамунгас”, якія ў той жа дзень адправіліся вызначаць фронт работ. Сутнасць другой просьбы – паспрыяць наладжванню дадатковага рэйсу гарадскога маршрутнага транспарту па выхадных днях. Гэта пытанне таксама будзе шырока абмяркоўвацца дзеля ўзгаднення звязаных з ім эканамічных і сацыяльных аспектаў, мэтазгоднасці і інш.

Другая наведвальніца – супрацоўніца арганізацыі, дзе праходзіў выязны прыём грамадзян, – працуе па зменах, што заканчваюцца апоўначы і пазней, таму занепакоена праблемай асвятлення вуліцы Леніна райцэнтра, дзе жыве. У той час, калі яна ідзе дадому, ліхтары ўжо не гараць, а тратуараў там няма, ды і саму дарогу шырокай не назавеш. Старшыня райвыканкама, нагадаўшы пра задачу эканоміі энергарэсурсаў, даў заданне жыллёва-камунальнай службе перагледзець графікі ўключэння вулічнага асвятлення, а кіраўніцтву ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” арганізаваць работу па падвозе работнікаў калектыву такім чынам, каб транспарт прыпыняўся недалёка ад іх дамоў.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars