Кліча хлебная ніва

i

Палеткі каля вёскі Старынкі наліліся спелым жытам. Тут мы і запыніліся, каб паназіраць, як па залатых хвалях плывуць камбайны, пакідаючы за сабой скошанае ржышча…

На гэтым тыдні пачаўся адлік першых намалотаў хлеба новага ўраджаю КУП “Сівіца”. Як зацвердзіў кіраўнік гаспадаркі В. П. Сніцарэнка, жніўную кампанію яны сустракаюць у поўнай боегатоўнасці: наладжана тэхніка, сфарміраваны камбайнерскія экіпажы, загадзя паклапаціліся пра неабходную колькасць гаруча-змазачных матэрыялаў, ёсць дэталі на выпадак непрадбачанага рамонту. Плануецца, што на палі выйдуць 7 зернеўборачных камбайнаў і столькі ж аўтамабіляў-шматтоннікаў для адвозкі зерня. Найперш збажына паступіць на зернесушыльны комплекс “ЗСК-40Ш” у вёсцы Замасцяны. Яго магутнасць – 100 тон зерня за змену. Аператар Віталь Бушыла хоць і малады работнік, але не навічок у справе, прайшоў адпаведную спецыялізацыю. Не абмінае ўвагай гэты важны аб’ект і інжынер па тэхніцы бяспекі Аляксей Фадзееў. З усімі, хто заняты на жніве, праведзены інструктаж, каб пазбегнуць пазаштатных сітуацый. Прадугледжаны медыцынскі кантроль за станам здароўя вадзіцеляў і камбайнераў, а таксама забеспячэнне хлебаробаў двухразовым гарачым харчаваннем. Для падвозу ежы абсталяваны аўтамабіль “УАЗ”, кухарыць даручана вопытным майстрам “смачнай” справы: загадчыцы сталовай Леанардзе Яцукевіч і повару Надзеі Новік. На раздачу страў пастаўлена Вольга Бухвал, якая не навічок на жніве. Плаціць за абеды хлебаробы будуць толькі 30 працэнтаў ад кошту. Астатнія расходы бярэ на сябе гаспадарка.

Сёлета перад хлебаробамі пастаўлена задача абмалаціць 2000 гектараў зерневых. Своеасаблівым папярэднім іспытам для механізатараў стала ўборка азімага рапсу, які займаў плошчу ў 461 гектар. Гэта алейная культура паказала ўраджайнасць 18,5 цэнтнера, што трохі вышэй за сярэднюю па раёне. З рапсам справіліся аператыўна, у КУП “Сівіца” спадзяюцца, што і з астатнімі зерневымі ўправяцца (абы не падвяло надвор’е) хутка. Але хвалююць не толькі сціслыя тэрміны. Немалаважным з’яўляецца правесці кампанію без страт. Дзеля гэтага ўся “эстафета” збажыны, ад поля да пункта прыёму, прадумана і наладжана.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars