Да падарожжа ў краіну ведаў гатовы

да-падарожжа

     2 жніўня камісія ў складзе намесніка старшыні райвыканкама П. І. Бібіка, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т. М. Крыкала, старшыні раённай арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Камінскай наведала некалькі школ раёна з мэтай праверкі іх гатоўнасці да навучальнага года. Выкананне спецыяльных нарматыўных патрабаванняў да дзіцячых устаноў пракантралявалі таксама прадстаўнікі інспекцыі энерганагляду, службы ДАІ, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, супрацоўнікі МНС.

    Першым прыпынкам на маршруце былі Пяршаі. Мясцовую школу, а дакладней навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа, узначальвае С. Л. Ламака. Пра такіх, як Святлана Леанідаўна, гавораць “чалавек на сваім месцы”. Да свята першага званка яшчэ амаль месяц, а школа хоць заўтра гатова прыняць сваіх гадаванцаў.

Сёлета рамонт, як і ўсе астатнія чатыры гады, праводзіўся тут гаспадарчым спосабам. Толькі на дэкор памяшканняў асвоена звыш 3500 рублёў пазабюджэтных сродкаў, каля 2000 рублёў было выдзелена з бюджэту. І варта адзначыць, што ні адна капейка не змарнавана. Аднаўленчыя работы выконваліся вопытнымі супрацоўнікамі з ліку школьных работнікаў. Найбольшы груз абавязкаў лёг на плечы загадчыцы гаспадаркі Наталлі Станіславаўны Пратасевіч. Два месяцы брыгада ў складзе 2 тэхнічных работнікаў, 5 прыбіральшчыкаў службовых памяшканняў, 3 работнікаў харчовага блоку займаліся афарбоўкай і тынкоўкай, сачылі за станам газонаў і кветнікаў. Самымі працаёмкімі і важкімі справамі аказаліся ўстаноўка новай агароджы, замена батарэй цэнтральнага ацяплення ў дзіцячым садзе, новая падлога з сучасных будматэрыялаў у калідоры на другім паверсе. Усё выканана выдатна, прафесіянальна. Дзякуючы агульным намаганням настаўнікаў і тэхработнікаў, школа ў Пяршах выглядае выключна ўтульнай і прывабнай. Не засталіся ўбаку і школьнікі. Падчас практыкі яны займаліся добраўпарадкаваннем стадыёна, двара. Безагаворачнымі працаўнікамі-лідарамі сярод дзяцей сталі шасцікласнікі Іван Яцык і Дзіяна Чарвінская.

Пасля першавераснёўскай лінейкі вучняў чакаюць яшчэ нямала сюрпрызаў і навінак. Так, для школьнай сталовай набыты посуд на суму 3141 рубель, дарагое, яркае і цікавае гульнявое абсталяванне.

Утульная, з густам аформленая школа прыме 1 верасня пад сваё крыло 81 вучня, дзіцячы сад наведваюць 32 хлопчыкі і дзяўчынкі. 23 вопытныя настаўнікі павядуць іх у цудоўную Краіну ведаў. І падарожжа гэта абяцае быць карысным і бяспечным.

Будынак Сівіцкай школы – самы новы ў раёне сярод устаноў адукацыі, узведзены ў 1991 годзе. Згодна з праектам, тут могуць адначасова займацца 108 вучняў. Але, як гэта часта здараецца, планы і рэчаіснасць не супалі. У сёлетні навучальны год сюды прыйдуць не больш за 40 дзетак з Сівіцы, Пагарэлкі і Вуглоў. Таму зарадзілася ідэя адвесці першы паверх пад дадатковую дзетсадаўскую групу, якую будуць дастаўляць з Івянца. Магчыма, рацыянальнае зерне ў гэтым ёсць. Калі будавалі Сівіцкую базавую школу, то паклапаціліся пра раздзельныя санвузлы, падвядзенне гарачай вады, экалагічна чыстае электрычнае ацяпленне. Такімі спрыяльнымі ўмовамі можа пахваліцца далёка не кожная дашкольная ўстанова.

З 2013 года дырэктарам школы-сада працуе Людміла Іванаўна Бібік. Будучы па адукацыі настаўнікам пачатковых класаў і педагогам сацыяльным, яна выдатна ведае псіхалогію маленькага чалавека, шляхі раскрыцця яго прыроднага патэнцыялу. Дырэктар лічыць: нават дэкор навучальных кабінетаў, школьнага двара павінен спрыяць гэтай мэце. Магчыма таму ў даручанай ёй установе так усё строга арганічна і адначасова па-дамашняму ўтульна, а стэнды не толькі пазнавальныя, але і выклікаюць яркія станоўчыя эмоцыі.

Вельмі ўразілі выхаванцы дзіцячага сада, якія першымі сустрэлі мяне ля варот. Яны былі прыветлівымі і выхаванымі, здалёк віталіся, смела адказвалі на пытанні. Вялі сябе ўпэўнена, як сапраўдныя гаспадары. І адчувалася, што яны любяць і ганарацца сваім другім домам.

Людміла Іванаўна прызнаецца: яе як кіраўніка радуе, што калектыў за лета выканаў запланаваны аб’ём работы – цалкам аднавілі гарачае водазабеспячэнне, правялі касметычны рамонт усіх памяшканняў. У час канікулаў школу не абміналі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Іосіфаўна Бібік, настаўніцы пачатковых класаў Тамара Станіславаўна Бібік і Алена Антонаўна Звярко, настаўніца матэматыкі Надзея Валер’еўна Савіцкая, настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Анатольеўна Жыдовіч, загадчыца гаспадаркі Валянціна Станіславаўна Голуб.

Што можна сказаць, пабываўшы ў такіх сельскіх школах? У іх хочацца вучыцца і вучыць…

 

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars