Хлеб – святая справа!

Официально

3 жніўня каля вёскі Войштавічы на палетках ААТ “Багданаўскае” прайшлі раённыя “Зажынкі-2017”.

     Спрадвеку зажынкі былі для людзей вялікім святам. Нашы продкі мудра заўважалі: “Будзе хлеб, будзе і песня”. Не адыходзяць ад гэтай жыццесцвярджальнай ісціны і ў наш час: убіраць хлеб пачынаюць са святочных віншаванняў і добрых слоў у адрас усіх, хто будзе займацца святой справай. Абавязкова гучаць жніўныя песні, жанчыны-жнейкі адорваюць ніву і зажынаюць першы сноп збожжа новага ўраджаю, які ўрачыста пасля ўручаюць кіраўніцтву раёна і гаспадарак. Ён, як вянец нястомнай працы і сімвал дабрабыту, захоўваецца на пачэсным месцы… Гэта добрая, да слёз шчымлівая і кранаючая душу традыцыя была захавана і на сёлетнім мерапрыемстве, прымеркаваным да Свята першага снапа.

 

Адкрыў раённыя “Зажынкі-2017” старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч  Астрэйка. Ён адзначыў, што ўборачная кампанія падвядзе вынікі работы кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і іх калектываў. На нядаўняй нарадзе па гэтым пытанні Прэзідэнт краіны паставіў дакладныя задачы: сумесна і добрасумленна прыкласці ўсе намаганні для ўборкі хлеба ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны і без страт. Бо хлеб – не толькі каштоўны сам па сабе, але з’яўляецца стратэгічным запасам нашай дзяржавы. Усім, хто будзе ўдзельнічаць на жніве, кіраўнік раённай вертыкалі ўлады пажадаў спрыяльнага надвор’я, добрых намалотаў і працоўных перамог, падкрэсліўшы, што ў раёне было шмат зроблена ўвосень і вясной падчас правядзення пасяўной кампаніі, па падрыхтоўцы зернеўборачных камбайнаў, зернесушыльных комплексаў, аўтатранспарту.

“Для хлебаробаў і сельскагаспадарчай галіны раёна гэта самае галоўнае ў працоўным годзе”, –  сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А. М. Шыфрын. На палетках вырас добры ўраджай і яго трэба ўбраць да апошняга зернетка. Дзеля гэтага ёсць дастатковыя і тэхнічныя, і працоўныя рэсурсы. Сёлетнія пагодныя ўмовы, безумоўна ж, унеслі істотныя карэктывы ў графік работы, адцягнуўшы масавую ўборку амаль на два тыдні. Таму давядзецца працаваць яшчэ больш зладжана і эфектыўна, аб’яднаць намаганні ўсіх спецыялістаў, інжынернай службы, механізатараў, вадзіцеляў, машыністаў зернесушыльных комплексаў і нават тых, хто корміць хлебаробаў. Любую работу трэба рабіць якасна, старанна і адказна, бо ў гэтым залог агульнага поспеху.

Благаславенне на пачатак добрай справы ўдзельнікі жніва на свяце атрымалі ад праваслаўнага і каталіцкага святароў. Настаяцель Вішнеўскіх царквы Святых Касмы і Даміяна айцец Аляксандр Чурыла і касцёла Благавешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ксёндз-пробашч Юзаф Мяльдзюк пасля слоў малітвы асвяцілі святой вадой камбайнераў і тэхніку.

Сёлета на падрыхтоўку тэхнікі да ўборкі ўраджаю-2017 у раёне было выдаткавана каля 650 тысяч рублёў, 90 тысяч якіх  з раённага бюджэту. Убіраць хлеб будуць 96 зернеўборачных камбайнаў, 65 машын і 23 трактары будуць задзейнічаны на адвозцы збожжа. 20 адзінак тэхнікі на падмогу вяскоўцам накіруюць арганізацыі раёна. З Савецкага раёна сталіцы прыбылі 9 адзінак аўтатранспарту: пагрузчыкі, трактары “МТЗ-82”, “ГАЗелі” для перавозкі абедаў. Аператыўны рамонт падчас паломкі ці няспраўнасцяў будуць праводзіць газаэлектразваршчыкі з ліку шэфаў з Мінска. Усяго ва ўборачнай кампаніі прымуць удзел каля 500 чалавек, у тым ліку механізаваны атрад ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, 31 работнік з гарадскіх прадпрыемстваў сядзе за штурвал камбайна і будзе заняты на зернеачышчальным комплексе. Забяспечанасць гаруча-змазачнымі матэрыяламі на сённяшні дзень складае 450 тон паліва. Увогуле, раёну, згодна з загадам Прэзідэнта краіны, прадастаўлены таварны крэдыт на паліва, разлічыцца за які неабходна ў студзені-лютым 2018 года.

А вось у гаспадароў раённых зажынак – ААТ “Багданаўскае” –  убіраць хлеб будуць 6 камбайнавых экіпажаў. Зерневыя сёлета ў гаспадарцы былі пасеяны на плошчы 1275 гектараў, нагрузка на адзін камбайн складзе ў сярэднім 212 гектараў. У сваіх механізатарах дырэктар сельгаспрадпрыемства У. С. Чычкін упэўнены: ведае, што хлопцы не падвядуць, бо сярод іх  пераможца мінулагодняга жніва ў раёне – камбайнавы экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксея Іосіфавіча Мігановіча і камбайнера Міхаіла Казіміравіча Тамашэвіча. Таму раўняцца ёсць на каго.

Першы вынік хлебаробскай справы ўжо падведзены на ўборцы рапсу: аграрыі раёна сабралі звыш 5 тысяч тон масланасення гэтай культуры пры сярэдняй ураджайнасці 17 цэнтнераў з гектара і зарабілі 1,5 мільёна рублёў. Па стане на 7 жніўня зерневыя ўжо ўбраны з 2775 гектараў з агульнай пасяўной плошчы ў 23884 гектары. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне пакуль складае 31,3 цэнтнера на круг, што на 6 цэнтнераў больш, чым летась. Як бачна, хлеб вырас добры, таму пажадаем працаўнікам вёскі ўдачы на хлебнай ніве!

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

хлеб

хлеб2

хлеб111



Добавить комментарий