Тры навіны з адной стараны. Ракаўскі сельсавет

Общество

1. НАРОДЗІНАЎ БОЛЬШ

Летась у сельсавеце з’явілася на свет 51 немаўля, у 2009 годзе – 48. Пад канец года, 15 снежня, у сям’і дырэктара ТАА “МПАВТ “Ракаў-агра” Віталія Вацлававіча Цыдзіка нарадзілася двойня – дачушкі Маргарыта і Крысціна. У дзяўчынак ёсць старэйшы брацік-ахоўнік. Дарэчы, у папярэднім годзе двойняў было аж тры.

Самыя распаўсюджаныя мужчынскія імёны, якія давалі сваім сынам ракаўчане, – Ягор і Мікіта, хапае і Данілаў, Філіпаў. А досыць рэдкае імя – Савелій. Магчыма, у будучым у адзін дзіцячы садок будуць хадзіць Уладзіслаў і Уладзіслава, Аляксандр і Аляксандра. Дзяўчынак называлі Анфісамі, Карынамі, Марыянамі, Міланамі, Янамі, Дар’ямі. Ёсць Руслана, Валерыя, Ангеліна, Варвара, Сафія. А адну з іх назвалі непрывычным для слыху імем Іона.2. ТАНЦУЮЦЬ З НАТХНЕННЕМ

Трэці год у Ракаўскай сярэдняй школе працуе тэатр эстрадных мініяцюр “Натхненне”. Яго стваральніца і кіраўнік – настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Адольфаўна Ястрэмская, выпускніца школы. На працягу дваццаці гадоў яна працавала ў сталіцы і вяла танцавальны гурток у адным з мінскіх цэнтраў дзіцячай творчасці. Калі вярнулася на бацькаўшчыну, на новым месцы работы таксама вырашыла далучыць дзяўчат і асабліва юнакоў да танцаў. З падтрымкай дырэкцыі школы гэта ёй удалося. А пасля першых выступленняў утварыўся сапраўдны бум: танцаваць захацелі ўсе пагалоўна.

У тэатры сёння тры групы: малодшая, сярэдняя і старэйшая, 50 працэнтаў удзельнікаў складаюць юнакі. Дарэчы, не толькі выдатнікі, некаторыя салісты стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і з дапамогай мастацтва перавыхоўваюцца. За магчымасць трапіць у “Натхненне” будучыя ўдзельнікі літаральна змагаюцца, сярод самых маленькіх вядзецца конкурсны набор. Першы вопыт сцэнічных выступленняў за межамі школы адбыўся летась. Ракаўскія танцоры паказалі сябе на выпускным раённым балі, выступалі перад настаўнікамі на жнівеньскай падагагічнай канферэнцыі, на рэгіянальным аглядзе-конкурсе “Суквецце талентаў” у Маладзечне, дзе былі станоўча адзначаны журы.

Рэпетыцыі некалькі разоў на тыдзень завяршаюцца новымі танцавальнымі мініяцюрамі, кожная з якіх – сапраўдны міні-спектакль. Заняткі прыносяць задавальненне самім удзельнікам, настаўнікам, бацькам.

3. ПЕРЫЁДЫКУ – У КОЖНЫ ДОМ

Мясцовае аддзяленне паштовай сувязі абслугоўвае жыхароў 38 населеных пунктаў, у 24 самыя аддаленыя пошта дастаўляецца матарызавана. Дарэчы, такі від дастаўкі практыкуецца ўсяго ў двух аддзяленнях раёна. У штаце – пяць паштальёнаў, якія разносяць не толькі перыядычныя выданні, пісьмы, пераводы, пенсіі, але і тавары прамысловай і прадуктовай груп. Сярод падпісчыкаў ёсць свае лідары, але перакрыць дасягненне ракаўчаніна А. А. Белакабылава нікому не ўдаецца: 16 газет і часопісаў выпісвае гэты чалавек. Па 6 – Н. І. Дубатоўка з вёскі Юржышкі, В. В. Грышэль з Туркаўшчыны, жыхаркі Ракава А. А. Сухадолец, Н. М. Ярмошка. Хочацца адзначыць, што ўсе названыя падпісчыкі не забываюць аформіць абанемент і на нашу “Працоўную славу”.

Непасрэдна ў аддзяленні можна набыць свежыя газеты і часопісы, штомесяц іх рэалізуюць на 700 тысяч рублёў. Многія наведвальнікі эканомяць час і робяць неабходныя плацяжы з дапамогай устаноўленага плацежна-даведачнага тэрмінала. А вось магчымасцю выйсці ў Інтэрнэт больш карыстаюцца расіяне, якія адпачываюць у навакольных здраўніцах.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий