Там, дзе працуе гаспадар, ёсць чаму павучыцца

granulas450

На мінулым тыдні ў раёне прайшло выязное пасяджэнне абласнога савета дырэктараў ДП “Мінаблпаліва”, на якім былі падведзены вынікі работы паліўнай галіны за 6 месяцаў бягучага года. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі 18 філіялаў на чале з генеральным дырэктарам Міхаілам Анатольевічам Шпакам.

 

Напачатку ўдзельнікі азнаёміліся з асноўнай базай Валожынскага філіяла, якая размешчана па вуліцы Набярэжнай у райцэнтры, а пасля наведалі вытворчы ўчастак па выпуску пелетаў у вёсцы Філіпіняты.

Як адзначыў кіраўнік галаўнога прадпрыемства М. А. Шпак, маршрут быў выбраны невыпадкова: філіял не першы год ходзіць у перадавіках, займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па асноўных паказчыках, больш за ўсіх мае прыбытку, працуе эфектна і эфектыўна. Крыніцай поспеху з’яўляецца зладжаная работа: калі ёсць сапраўдны кіраўнік на месцы, то ён і калектыў працаздольны падбярэ, і работу наладзіць.

Ва ўсім гэтым можна было пераканацца падчас справаздачы, якую трымаў дырэктар Міхаіл Ігнацьевіч Радына. Усе даведзеныя планавыя паказчыкі прадпрыемства выканала. Што датычыцца ўзроўню мінулага года, нязначна зменшылі рэалізацыю торфабрыкету – усяго на 3 працэнты. Аднак не за гарамі новы ацяпляльны сезон, таму насельніцтва ізноў актывізавалася, і да канца года сітуацыя выправіцца. За 6 месяцаў бягучага года рэалізавалі 1733 тоны брыкету і амаль 4 тысячы кубаметраў дроў. Выручка склала 109,3 працэнта да ўзроўню мінулага года, чысты прыбытак – 102 тысячы рублёў (82 тысячы – у 2016 годзе), прыбытак ад рэалізацыі і аказання паслуг – 124 тысячы рублёў супраць 100 тысяч летась. Крыху недавыканалі планавы паказчык па экспарце тавараў: ламалася тэхніка, многа прастойвалі. За паўгода адгружана пелетаў на 14,5 тысячы еўра, у апошнія дні адпраўлены дзве машыны, яшчэ адна – стаіць на пагрузцы, а гэта дадаткова 66 тон, ці 4300 еўра. А пачыналі з заказчыка, які даваў 60 еўра за тону тавару, знайшлі другога – ужо за 62 еўра, а зараз паднялі цану да 65-і – такая вось канкурэнцыя дазволіла павысіць кошт адпраўляемай на экспарт прадукцыі.

Выжываць толькі за кошт рэалізацыі торфабрыкету і дроў становіцца ўсё цяжэй, бо колькасць карыстальнікаў з кожным годам змяншаецца. Існуюць і праблемы разлікаў за торфабрыкет – заводы не хочуць даваць растэрміноўку, леснікі таксама пачынаюць патрабаваць перадаплату, што непрымальна для філіяла. Па аплаце існуе часовы інтэрвал: пасля набыцця трэба прадаць гэты брыкет ці дровы, атрымаць у казначэйстве розніцу ў цане і толькі пасля можна разлічыцца з пастаўшчыком. Пакуль існуе паразуменне з Белпалівагазам, дырэктарамі торфабрыкетных прадпрыемстваў. Але апошнім часам яны знайшлі збыт сваёй прадукцыі на цэментных заводах, якія перавялі з газу на торфабрыкет. І там да якасці брыкету прэтэнзій не існуе, бо яго яшчэ і раздрабняюць. На філіялах сітуацыя іншая: нараканняў з боку насельніцтва шмат.

Трымацца на плаве дамагае бюджэтная падтрымка, за кошт якой пакрываецца розніца ў цане на паліва для насельніцтва. Ільвіную долю прыбытку складае аказанне транспартных паслуг, асабліва сельгаспрадпрыемствам раёна. Безумоўна, разлікі ідуць няпроста, аднак кіраўніцтва раёна  дапамагае пагашаць даўгі аграрыяў іншай прадукцыяй. На прадпрыемстве налічваецца 25 адзінак рухомай тэхнікі, прытым як у такіх жа філіялах па вобласці маюцца ўсяго па 2-3 адзінкі, ёсць прычэпы, прэсы. Дарэчы, тэхніка таксама патрабуе значных выдаткаў: каб падрыхтаваць адну машыну да тэхагляду, неабходна зрасходаваць каля 6-7 тысяч рублёў.

Паступова з заняпаду выходзіць і далучаны ў студзені 2016 года Стаўбцоўскі ўчастак, кіруе якім жанчына – Вікторыя Пятроўна Янушкевіч. І кіруе, трэба сказаць, досыць паспяхова: там цяпер чысціня і парадак, на ўзроўні стала выканальніцкая і працоўная дысцыпліна. На чарзе – будаўніцтва новага склада для захоўвання прадукцыі, кошт якога складзе 25 тысяч рублёў. Нядаўна набылі туды новую машыну “Ніва” за 14 тысяч рублёў, таксама разлічваемся з даўгамі, што цягнуліся гадамі.

У калектыве працуюць 50 чалавек, сярэднямесячная зарплата складае 645 рублёў пры раённым паказчыку ў 576 рублёў. Безумоўна, матэрыяльны стымул адыгрывае вялікую ролю, аднак усё ж галоўным у паспяховай рабоце з’яўляецца чалавечы фактар. Як расказаў М. І. Радына, за 17 гадоў кіраўніцтва ён ні разу не даў ніводнай вымовы, нікога не звольніў. І ад гэтага застаўся толькі ў выйгрышы. Людзі даражаць сваім працоўным месцам – стараюцца апраўдаць давер і не падвесці калектыў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars