Прафесіяналы гандлю

прафесіяналы гандлю

     За магазінам, які знаходзіцца ў вёсцы Дубіна, здаўна замацавалася цудоўная слава. Аб рабоце мясцовых работнікаў гандлю з павагай адзываюцца і пакупнікі, і кіраўніцтва райспажыўтаварыства.

Леанарда Іосіфаўна Вяршыцкая – загадчыца. Стажам яна можа ганарыцца – у прафесіі з 1974 года. Цікава, але пачынала як работнік культуры: цэлы год адказвала за арганізацыю дзейнасці Чабайскага клуба. Калі атрымала прапанову паспрабаваць сябе за прылаўкам, спачатку сумнявалася. Прыняць рашэнне дапамагло ўменне добра ўпраўляцца з лічыльнікам. Такое тады было абсталяванне: вагі і той самы “камп’ютар” з костачкамі, нанізанымі на пруткі. Поліэтылену ніхто не ведаў, у лепшым выпадку папяровыя капшукі. Нагрузкі зашкальвалі. Але справа захапіла. Завочна скончыла Мінскі кааператыўны тэхнікум. Паступова набіралася вопыту, дарасла да заўмага. Гаваркую, абаяльную “прадаўшчыцу” людзі любяць і паважаюць. Для дубінцоў і жыхароў навакольных вёсак яна – аўтарытэт. Многія вяскоўцы і дачнікі наведваюць магазін не толькі дзеля таго, каб набыць тавар: сюды спяшаюцца яшчэ за порцыяй увагі і разумення.

Прадавец Таццяна Міхайлаўна Болвах прыйшла ў магазін значна пазней. Пачала прыбіральшчыцай. Але Леанарда Іосіфаўна, якая вельмі добра ўмее ацэньваць людзей, амаль адразу заўважыла ў памочніцы рысы, што дапамаглі хутка асвоіць справу. Малодшая прадстаўніца дружнага дуэта з удзячнасцю пераймае вопыт настаўніцы. Леанарда Іосіфаўна перспектыўнай вучаніцай задаволена. “Таня – выдатны работнік. Паколькі я ўжо пенсіянерка, магу ў любы час пакінуць магазін, у які ўклала шмат сіл, на сваю гадаванку. Яна адказная, справіцца”, – гаворыць загадчыца.

Жанчыны працуюць поруч шмат гадоў. Многа зроблена дзеля таго, каб удасканаліць работу гандлёвай кропкі. Перажылі не адзін рамонт, змену абсталявання. Не раз мяняліся грошы, правілы, кіраўнікі. Але іх грунтоўнае стаўленне да працы і ўвага да людзей застаюцца нязменнымі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars