Будаўнічае прадпрыемства “Волна-Строй”

Общество

Распачаць сваю справу можа далёка не кожны. Гэта, звычайна, выбар людзей моцнай волі, настойлівых, мэтанакіраваных. Бо любы прыватны бізнес звязаны з рызыкай, а ў цяжкай сітуацыі прыходзіцца разлічваць толькі на сябе, даводзіцца метадам проб і памылак спасцігаць нялёгкую навуку кіраваць вытворчасцю, шукаць эфектыўныя метады ўпраўлення працоўным калектывам.
Амаль шэсць гадоў таму ў нашым раёне колькасць суб’ектаў гаспадарання павялічылася: сваю дзейнасць афіцыйна засведчыла будаўнічае прадпрыемства “ВоАна-Строй”. Заснавальнікам яе стаў Пётр Паўлавіч Шчэрбітаў. Этап станаўлення прадпрыемства прайшоў без асаблівых праблем, неўзабаве мясцовыя будаўнічыя арганізацыі адчулі, што ў іх з’явіўся сур’ёзны канкурэнт…
Пра ўчарашні і сённяшні дзень, перспектывы развіцця “ВоАна- Строй” сёння мы вядзём гутарку з П. П. Шчэрбітавым.

– Пётр Паўлавіч, успомніце, калі ласка, як усё пачыналася.
– У свой час два гады я працаваў у Мінску ў “Знешэканомбанку” начальнікам аддзела спецработ. Ажыццяўляў тэхнагляд на будаўніцтве спартыўнага аздараўленчага цэнтра на праспекце Пераможцаў. Ды і дагэтуль я не быў навічком у будаўнічай сферы, маю адпаведную спецыяльнасць. Працуючы ў сталіцы, многае спасціг, многаму навучыўся. Дзякуючы маральнай падтрымцы людзей, якія займаліся будаўнічым бізнесам, іх станоўчым ацэнкам маіх арганізатарскіх, прафесіянальных здольнасцей, міжволі з’явілася думка паспрабаваць свае сілы ў прыватнай справе. Прызнаюся, доўга вагаўся, сумняваўся, раздумваў. Але ў рэшце рэшт прыйшоў да вываду, што ўсё ж трэба паспрабаваць. Канкурэнцыя ў раёне ў будаўнічай індустрыі на той час была нязначная, а гэта досыць важны фактар, да таго ж прафесіянальных ведаў, сілы ў сабе адчуваў дастаткова. Адносна хутка аформіў усе неабходныя дакументы. Не без гонару зазначу, што зрабіў гэта без паслуг юрыдычных кампаній, кансультантаў. Сам карпатліва працаваў над тэкстам Статута будучага прадпрыемства. Прадумваў кожны артыкул, кожнае палажэнне, імкнуўся ўключыць у Статут толькі тое, што будзе патрэбна ў практычнай рабоце, што дакажа сваю эфектыўнасць. І сваёй задачы я дасягнуў. Пазней юрысты нават бралі мой Статут за ўзор.
– А як аднесліся ў сям’і да Вашага рашэння заняцца прыватным бізнесам?
– З разуменнем. Вялікую дапамогу мне аказвалі родныя дзеці. Яны суправаджалі этап станаўлення прадпрыемства сваёй кансультацыяй, слушнай парадай, маральнай падтрымкай. Спачатку маім саратнікам быў малодшы сын Юрый. А затым працягвалі пачатую справу са старэйшым Дзімам, бо Юра ў той час вучыўся ў ВНУ, а Дзіма ўжо скончыў універсітэт і атрымаў спецыяльнасць “эканоміка і ўпраўленне будаўніцтвам”. Неўзабаве было прынята рашэнне аб назначэнні Дзімы дырэктарам прадпрыемства. Затым да нашай справы далучыўся Юра – ужо дыпламаваны спецыяліст, ён стаў галоўным энергетыкам. Я з’яўляюся заснавальнікам “ВоАна-Строй”, а па сумяшчальніцтву выконваю і абавязкі галоўнага інжынера. На мне “завязаны” ўсе арганізацыйныя пытанні, атрыманне сертыфікатаў, ліцэнзій, афармленне дазволу на правядзенне будаўнічых работ і г. д. – Колькі гадоў існуе ваша прадпрыемства?
– Трэцяга красавіка 2010-га споўніцца роўна 6 гадоў, як мы распачалі сваю справу.
– Раскажыце пра першы будаўнічы аб’ект.
– Пачыналі з капітальнага рамонту Дома культуры ў вёсцы Адамова. Заказчыкам выступіў філіял № 7 ААТ “Белтрубаправодбуд”. Тады мы яшчэ толькі зарэгістраваліся, не мелі практычнага вопыту, адчуваўся востры недахоп рабочай сілы. Часова набіралі студэнтаў, школьнікаў. Напачатку, шчыра скажу, людзі ішлі ў наш калектыў з асцярогай. Ды і працэс станаўлення прадпрыемства быў звязаны з вялікімі цяжкасцямі, аднак зразумелае жаданне даказаць, на што мы здольныя, давала сілы. Заказ мы выканалі хутка і якасна, нягледзячы на вялікі аб’ём работы. Прыёмная камісія была задаволена. На тым аб’екце я, можна сказаць, не працаваў, я там жыў у літаральным сэнсе слова. Настолькі вялікім было пачуццё адказнасці за даручаную справу, за аказаны давер нам, на той час яшчэ зусім невядомай будаўнічай арганізацыі.
Затым мы рызыкнулі ўзяцца за больш маштабныя заказы. Пачалі ўзводзіць жылыя дамы па Праграме адраджэння вёскі. У вёсцы Гародзькі, напрыклад, сіламі нашага прадпрыемства здадзены ў эксплуатацыю 26 катэджаў сядзібнага тыпу.
– Колькі часу неабходна, каб пабудаваць тыпавы жылы дом?
– На ўзвядзенне аднаўзроўневага дома патрабуецца дзесьці каля месяца. Гэта добры рабочы тэмп.
– Цікава даведацца, як змянілася “ВоАна-Строй” ад перыяду свайго станаўлення да дня сённяшняга?
– Цяпер мы маем, вобразна кажучы, уласны залаты фонд: гэта нашы кадры, гэта наш высокапрадукцыйны тэхнічны парк. Набылі тры краны на базе “Урал”, адзін 25 тон – гэта, мабыць, лепшы кран у раёне. Тэхніку куплялі за ўласныя грошы, абыходзіліся без банкаўскіх крэдытаў. У нас ёсць кітайскі пагрузчык “ТО”, экскаватар ЭО 3322. Маем два новыя “МАЗы”, адзін з пляцоўкай у 13 метраў. Сёння існуючы парк складаецца з 15 адзінак тэхнікі. Дарэчы, амаль уся тэхніка новая. Час пераканаў, што мы выбралі правільную стратэгію, калі свабодныя сродкі ўкладвалі ў набыццё тэхнікі. Аддавалі на гэтыя мэты ўсё да капейкі, толькі пакідалі грошы на зарплату, падаткі. На сёння ў нас асноўных сродкаў больш чым на мільярд рублёў. Думаю, гэты факт красамоўна гаворыць сам за сябе.
– Ці адчуваеце вы ўплыў фінансава-эканамічнага крызісу?
– Скажу прама: не адчуваем. Мы няблага падтрымліваем беларускіх вытворцаў будаўнічых матэрыялаў. Заводы-пастаўшчыкі рады нашаму супрацоўніцтву, мы ў іх пастаянныя заказчыкі, да таго ж дысцыплінаваныя плацельшчыкі. Ведаеце, ва ўсе самыя складаныя часы ў гісторыі можна выйсці з крызісу толькі дзякуючы будаўніцтву. Афіцыйна даказана, што адно будаўнічае месца спрыяе занятасці ў народнай гаспадарцы дадаткова як мінімум 7-8 чалавекам: гэта і аўтаперавозчыкі, гэта і вытворцы будматэрыялаў, і г. д. Крызісны дыскамфорт нас, дзякуй Богу, абмінуў. Нават, як ні парадаксальна гэта гучыць, неяк лягчэй стала, бо заводы выпускаюць прадукцыі дастаткова, попыт на яе прыкметна знізіўся, ды і цэны крыху ўпалі. Ранейшага дэфіцыту будматэрыялаў ужо няма: плаці грошы і набывай усё, што патрэбна, нават з дастаўкай.
– Наколькі мабільная, эфектыўная структура вашага прадпрыемства?
– У яе складзе тры арганізацыі, яны працуюць на субпадрадзе. Гэта “СтройРеспект”, “Антас-строй” і “Волтис”. У кожнай свой канкрэтны профіль работы. Усе структурныя падраздзяленні знаходзяцца на гаспадарчым разліку, з’яўляюцца самастойнымі юрыдычнымі асобамі. Такая схема арганізацыі вытворчага працэсу прынесла добрыя плады: прадукцыйнасць працы павялічылася на 60-70 працэнтаў. На прадпрыемстве створана каля 120 рабочых месцаў.
– Кіраваць людзьмі, настроіць іх на поўную самааддачу – справа нялёгкая. У чым сутнасць Вашых падыходаў, наколькі поўна ў прыватнай справе ўдаецца ўлічваць інтарэсы бізнесу і кожнага канкрэтнага чалавека паасобку?
– Заўсёды імкнуўся закласці ў псіхалогію работнікаў наступную філасофію: зарплату трэба зарабляць! У нас кантрактная форма, некаторыя прыняты на работу па дагавору падраду. Пры прыёме на работу звычайна гавару, што я не стараюся вам заплаціць зарплату, я стараюся стварыць вам такія ўмовы, каб вы добра зараблялі. А сістэма аплаты на прадпрыемстве практыкуецца наступная. Выплачваецца асноўная зарплата, прэміяльныя, усё, што належыць па працэнтоўцы. Аднак усё гэта выплачваецца пры ўмове высокай якасці выкананай работы. Дысцыпліна ў нас строгая. Па-першае, нельга піць. Па-другое, красці. Па-трэцяе, трэба заўсёды сумленна выконваць распараджэнні свайго непасрэднага начальніка. Што можа быць прасцей?! І ў той жа час гэта вельмі цяжкія ўмовы. Нават выпітае ў рабочы час піва можа “каштаваць” чалавеку страты 500-700 тысяч рублёў заработнай платы. Мы стварылі такія ўмовы, што кожнага працуючага кантралюе сама брыгада. Не я пазбаўляю прэміяльных парушальнікаў дысцыпліны, іх пазбаўляе брыгада. Чалавек, які паступіў несвядома, пазбаўляецца прэміяльных, і гэтыя прэміяльныя мы не адносім на рахунак эканоміі, не трацім на развіццё арганізацыі, а аддаём на брыгаду, аддаём тым, хто добра працуе. Такое выхаванне рублём з’яўляецца для іншых павучальным урокам. Кожны несумленны чалавек можа на сваім горкім вопыце пераканацца, што вельмі дорага парушаць дысцыпліну, красці. Аднойчы ў адной з брыгад быў дапушчаны крадзеж маёмасці. Урон прыкладна склаў 400 тысяч рублёў, а брыгадай было зароблена 8 мільёнаў: чатыры мільёны зарплаты і столькі ж прэміі. Выдаць, хто ж учыніў крадзеж, у брыгадзе не захацелі. Такому калектыву, зразумела, я больш не мог давяраць. Рабочыя нават не маглі і падумаць, што я рашуся звольніць адразу цэлую брыгаду. Але менавіта такое непапулярнае рашэнне я вымушаны быў прыняць у выхаваўчых мэтах…
– Як фарміруецца кадравы корпус, на што робіце стаўку?
– Бяром у калектыў у асноўным маладых. Вучым іх. Калі чалавек прыйшоў да нас і ў яго ёсць жаданне працаваць, мы з ахвотай дапаможам яму ў гэтым. Пры прыёме адразу папярэджваем, што ў нас працаваць няпроста, даём час, каб наш чарговы прэтэндэнт на рабочае месца добра падумаў, узважыў усе абставіны, таму што на прадпрыемстве даволі строгія патрабаванні. Кадры набіраем і вучым. Напрыклад, мы набіраем дзесяць стропальшчыкаў, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Затым запрашаем да нас Мінскі вучэбны-курсавы камбінат. Выкладчыкі са сталіцы на некалькі дзён прыязджаюць на прадпрыемства і вядуць падрыхтоўку патрэбных спецыялістаў, мы па дагавору разлічваемся з імі за аказаную дапамогу.
Вялікую надзею ўскладаем на Валожынскі сельскагаспадарчы ліцэй. Некалькі цяперашніх навучэнцаў ужо заключылі дагаворы і прыйдуць да нас працаваць пасля заканчэння ўстановы.
– Пётр Паўлавіч, падсумуйце вытворчыя здабыткі прадпрыемства.
– Толькі сёлета ўзвялі 21 дом. За перыяд існавання прадпрыемства здалі ў эксплуатацыю 26 дамоў у СВК “Лоск”, 18 дамоў у Ракаве. Будуем саракватэрную шматпавярхоўку ў мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра. Гэта першы сацыяльны дом. У праграме 2010 года ў нас значацца ў Ракаве 26 дамоў, трэба завяршыць 40-кватэрны дом і 96-кватэрны ў Валожыне. Аблвыканкам уключыў нас у праграму ўзвядзенне аднаго 40- і двух 60-кватэрных жылых дамоў. Так што на бліжэйшыя тры гады мы работай загружаны. Сёння, каб паспяхова весці будаўнічы бізнес, трэба будаваць якасна, без парушэнняў тэхнікі бяспекі, ды і ў нарматыўныя тэрміны абавязкова трэба ўкладвацца. Парушыў тэрміны – прыбытак тваёй арганізацыі падае ў некалькі разоў. Дагавор, які заключаецца на будаўніцтва пэўнага аб’екта, павінен выконвацца строга. Распрацаваны графік вытворчасці работ на кожны месяц. І мы з гэтай задачай спраўляемся няблага.
Радуе, што ёсць адчуванне рэальнай перспектывы. Быў час некаторай няўпэўненасці, калі мы нават сумняваліся, ці купляць тэхніку, ці ёсць сэнс развіваць базу ў далейшым. Цяпер падобнай трывогі ўжо няма. Вядома, без разумення нашай пазіцыі з боку кіраўніцтва раёна немагчыма было б далейшае дынамічнае развіццё. І за гэта мы шчыра ўдзячны. Мы атрымалі крэдыт даверу з боку раённай улады. І гэта надае сілы, упэўненасці ў заўтрашнім дні.
– У чым, на Ваш погляд, формула стабільнасці “ВоАна-Строй”?
– Мы запатрабаваныя, у раёне ў нас няма вялікіх канкурэнтаў. Формула стабільнасці крыецца і ў эканамічна апраўданых суадносінах рабочай сілы і ўпраўленчага персаналу.
Аптымальны баланс: пяць працуючых на аднаго ўпраўленца, а калі ўжо два на аднаго, то перспектывы ніякай. У нас 8 “ітээраўцаў” на 64 чалавекі профільных прафесій. Мы можам і дадаткова набіраць кадры, расшырацца. Там, дзе прыватны бізнес, там, як правіла, строгая дысцыпліна. Я магу не наведваць штодзень аб’екты і быць цвёрда перакананы, што там заўсёды парадак.
Некаторыя, ведаю, гавораць: “Вось як Шчэрбітаў “раскруціўся”!” Паверце, я не ганюся за доўгім рублём, проста па натуры я працаголік. Еду ў легкавой машыне і заўсёды з сабой боты і рабочая куртка…
Разумееце, калі з нуля пачынаеш, то бачыш і ацэньваеш нават самы маленькі ўласны поспех. Безумоўна, шмат зроблена, многа яшчэ належыць ажыццявіць. Напрыклад, плануем пабудаваць базу, каб было дзе паставіць тэхніку. Гэта праграма мінімум. Хочацца, каб арганізацыя, у якую ўклаў столькі сіл і, без пафасу скажу, душы, стабільна працавала, каб людзі мелі гарантаваную магчымасць атрымліваць высокую зарплату.
– А якая яна, калі гэта не камерцыйная тайна?
– У сярэднім 1,2-1,5 мільёна рублёў. Ёсць брыгады, дзе гэты паказчык складае 2 мільёны і больш.
– Ведаю, што Вы па магчымасці аказваеце і спонсарскую падтрымку…
– Сапраўды так. Найчасцей дапамагаю СШ № 1 райцэнтра. Яна мне бліжэй за астатнія. Там вучыліся мае сыны, цяпер туды ходзяць мае ўнукі. Калі даведаўся з раёнкі, што адзін падлетак мае патрэбу ў дарагім лячэнні, таксама наш калектыў не застаўся ў баку ад гэтай бяды.
– Як ацэньваеце якасць, камфортнасць жылля, якое будуеце? Самому Вам хацелася б там жыць?
– Скажу, шчыра, гэта добрае сучаснае жыллё, калі характарызаваць звычайныя тыпавыя якасці ўзводзімых дамоў. Гэта ж не элітныя дамы. Бо, каб яны набылі такі статус, патрэбна шмат змяніць, дапрацаваць праект. Адзін з галоўных нашых прыярытэтаў – якасць работы. Асноўныя параметры работы скрупулёзна кантралюем на ўсіх этапах і ўзроўнях.
– Усе дамы вы здавалі з першага разу?
– Усе з першага. Вялікая зарплата, – нярэдка кажу я сваім падначаленым, – гэта не заўсёды добра. Ганіцеся за якасцю, і тады будуць у нас стабільная заказы на доўгія гады і як вынік – дастойная зарплата.
Я не чакаю дапамогі ні ад каго, толькі б мне не перашкаджалі. Я ведаю, чаго хачу, ведаю канкрэтную мэту і адчуваю вялікую адказнасць перад людзьмі, якія стаяць за мной.
– У гэтым інтэрв’ю каго б Вы хацелі адзначыць добрым, ухвальным словам?
– Усе старанныя. Усе трымаюцца за рабочае месца. Нельга не адзначыць вопытнага цесляра Вячаслава Леанідавіча Хадарцэвіча, брыгадзіра муляраў, класнага спецыяліста, майстра на ўсе рукі, які выхаваў не аднаго добрага рабочага Сяргея Міхайлавіча Ліштвана.
Зрэшты, я цаню сваіх людзей, усіх да аднаго, і кожнаму шчыра ўдзячны за добрасумленную працу.

Гутарку вяла Ірына ПАШКЕВІЧ.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий