Актывістка, прыгажуня і… сапраўдны інжынер

Общество

Аксана Валер’еўна ШЧАРБАЦКАЯ – малады спецыяліст ААТ “Агра-Вішнеўскі”.

Год назад яна прыступіла да няпростых, асабліва для дзяўчыны, абавязкаў загадчыка майстэрняў. Па-разумнаму ўпартая, працаздольная ўчарашняя студэнтка, нягледзячы на юны ўзрост, знайшла паразуменне з мужчынскім калектывам. Па сутнасці яна – забеспячэнец. Сабраць звесткі пра неабходныя дэталі, своечасова іх заказаць, трымаць на кантролі аплату рахункаў, арганізаваць дастаўку, пракантраляваць правядзенне рамонту… Вось далёка не поўны пералік яе абавязкаў. Як сама прызнаецца, спачатку ўсё гэта здавалася не проста цяжкім – немагчымым. Але паступова, пры падтрымцы кіраўніцтва і ўсёй вішнеўскай каманды справа пайшла. Трэба сказаць, адукацыя, атрыманая ў БДАТУ, моцна дапамагае – у яе дыпломе значыцца спецыяльнасць “Інжынер-менеджар”.

Валожыншчына – новы жыццёвы гарызонт для прыгажуні з Фаніпаля. У калектыў сельгаспрадпрыемства гарадская дзяўчына ўпісалася добра. Сёння ў гаспадарцы працуе шмат моладзі. Ёсць жыллё, таму працоўным месцам дзяўчына задаволена. Галоўным выпрабаваннем лічыць першую ў жыцці ўборачную кампанію, да якой маральна рыхтавалася цэлы год. З пачынам Вас, Аксана Валер’еўна!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий