Падчас “прамой тэлефоннай лініі”, якую праводзіў старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка, да кіраўніка раённай вертыкалі ўлады паступілі 15 званкоў. На ўсе ўзнятыя пытанні рэакцыя была аператыўная.
Для тэрміновага разгляду і прыняцця мер у зацікаўленыя службы накіравана інфармацыя нераўнадушнага чалавека. Ён паведаміў, што шматдзетная маці з вёскі Крыніца злоўжывае спіртным, і яе дзеці апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. А вось другі званок – ананімны – тычыўся просьбы ўстанавіць у мікрараёне Сельгастэхніка надворны тэлефон-аўтамат. Ужо атрыманы і афіцыйны адказ на гэты запыт. У ім паведамляецца, што, згодна з праводзімай у вобласці аптымізацыяй таксафоннага парку, здымаюцца ў першую чаргу вулічныя тэлефоны, з якіх за месяц зроблена менш за 10 званкоў. Таксафон быў устаноўлены ў мікрараёне да 2012 года, аднак сябе не апраўдаў. Цяпер новая яго ўстаноўка немэтазгодная. Бліжэйшая кропка сувязі – у будынку аўтавакзала.
Прагучала яшчэ адна ананімная скарга на невыкананне рэжыму работы Ракаўскага ўнівермага: маўляў, закрываецца гандлёвая кропка раней, чым устаноўлена. З апісанай сітуацыяй разбяруцца ў сціслыя тэрміны.
Наступным да старшыні райвыканкама дазваніўся жыхар вёскі Дзясятнікі, якога цікавіла магчымасць атрымання дадатковага газавага балона: калі газ у папярэднім заканчваецца, чакаць прывозу наступнага даводзіцца часам нават некалькі дзён. Адказ на гэта пытанне атрыманы, з ім можна азнаёміцца на наступнай старонцы нашага сённяшняга нумару газеты.
Пенсіянерка з Кабыльчыцаў падчас “прамой лініі” звярнулася да кіраўніка раёна з просьбай грамадскага характару: пасадзейнічаць, каб вяскоўцаў пачаў абслугоўваць у ліку іншых і аўтамагазін “Еўраопт”. Заява накіравана на разгляд у кампетэнтныя службы.
Прафесіянальная юрыдычная кансультацыя будзе аказана пасля гутаркі са старшынёй райвыканкама жанчыне з райцэнтра: калісьці ў другой палове дома жыла суседка, а пасля таго, як яе не стала, тую жыллёвую плошчу аддалі заяўніцы. Пенсіянерка не пагаджаецца з тым, што цяпер ёй даводзіцца выплачваць падатак як уладальніцы дзвюх кватэр.
Мікалай Анатольевіч прыняў некалькі тэлефонных паведамленняў з Сівіцы. У першым заяўнікі прасілі дапамогі ў завяршэнні газіфікацыі вуліцы Партызанскай названага аграгарадка, у другім паведамлялася аб няспраўнасці плаціны возера ў зоне адпачынку ў вёсцы Пагарэлка, а таксама была выказана просьба разгледзець пытанне аб пераводзе шэрага аб’ектаў сацыяльнай сферы ў Сівіцы на газавае ацяпленне. Сітуацыя ўжо разглядаецца, аб выніках людзей праінфармуюць.
Інтарэсы камунальнай і дарожнай гаспадаркі закраналіся і ў наступных зваротах на суботнюю “прамую лінію”. У прыватнасці, жыхары Слайкоўшчыны прасілі ўстанавіць на вуліцы дарожны знак абмежавання нагрузкі на вось: цяжкія лесавозы разбіваюць дарогу. У гэтым жа населеным пункце працякае ручай, які пасля дажджоў залівае дарогу і прысядзібныя ўчасткі. Меры па ўхіленні падтапленняў і рэгуліроўцы дарожнага руху будуць прыняты ў бліжэйшы час. Таксама дарожнікам належыць прыкласці намаганні па прачыстцы водаадводнай трубы ў вёсцы Строкава Рэчка Гародзькаўскага сельсавета. У доме № 7 па вуліцы Садовай Валожына патрабуецца замена акон у пад’ездзе, таксама там неабходна тэрмінова вырашаць пытанне з адводам вады ад будынка. Аналагічная праблема і ў жыхароў дома № 6 па вуліцы Гагарына райцэнтра, дзе ліўнёвая сістэма не спраўляецца са сваёй функцыяй.
Камунальная і архітэктурная службы раёна зоймуцца распрацоўкай пытання аб стварэнні маладзёжнай і дзіцячай гульнёвых пляцовак – з такой просьбай патэлефанавала жыхарка Валожына з вуліцы Камсамольскай. Будзе вырашацца і праблема падвозу дзяцей да школы з вёскі Макараўка: на рэйсавым аўтобусе малодшыя школьнікі прыязджаюць дадому дастаткова позна.
Сяргей САДОЎСКІ