Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

Раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын праводзіць акцыю “Дзень добры, школа!”.

Напярэдадні новага навучальнага года школьныя рукзакі, напоўненыя некаторымі канцылярскімі прыладамі і прадметамі санітарнай гігіены, старшыня арганізацыі Г. Ф. Рай уручыць 10-і будучым першакласнікам, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, і двум дзецям-інвалідам, якія таксама сёлета стануць першакласнікамі.

Акцыя “Да школы!” у гэтыя дні праходзіць у валожынскім універмагу.

Пры пакупцы тавараў школьнага асартыменту на суму звыш 100 рублёў пакупнікам прадастаўляецца растэрміноўка на тры месяцы з першапачатковым узносам 25 працэнтаў ад вызначанай сумы. Гандлёвыя паслабленні таксама прадугледжаны для мнагадзетных сем’яў: пры набыцці школьных тавараў на суму звыш 50 рублёў скідка будзе складаць 10 працэнтаў.

Універмаг шукае розныя формы прыцягнення пакупнікоў. З 7 жніўня з 9 да 12 гадзін у аддзеле “Адзенне” пачалі дзейнічаць трохпрацэнтныя скідкі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў першай і другой груп пры набыцці швейных і трыкатажных вырабаў, пасцельнай бялізны. Для ўсіх наведвальнікаў дзейнічаюць скідкі ў памеры 15 працэнтаў пры набыцці адзення і абутку летняга асартыменту.

 

    У памяшканні аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” РЦК, якое знаходзіцца па вуліцы Партызанскай, 26 у райцэнтры, завершаны бягучы рамонт.

Сучасны выгляд набыла столь, сцены абшыты гіпсакардонам і паклеены шпалерамі, на падлогу пакладзены лінолеум. Рамонтныя работы абышліся аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў суму каля 6 тысяч рублёў. Зараз работнікі па-новаму афармляюць інтэр’ер залы, дзе знаходзяцца пастаянна працуючая выстава вырабаў народных майстроў Валожыншчыны і тавары на продаж.

Адначасова аб’яднанню “Скарбніца” перададзены дадатковыя плошчы – пакой злева, дзе раней размяшчаўся клас дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзіцячай школы мастацтваў. Тут мяркуюць адкрыць да 100-гадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі філіял краязнаўчага музея: абсталяваць экспазіцыю, прысвечаную савецкай эпосе. Яна будзе аформлена пры дапамозе жыхароў Валожыншчыны. Шаноўныя чытачы, музейныя работнікі вельмі разлічваюць на вас. Толькі пры ўмове, што вы шчодра падзеліцеся ўласнымі прадметамі быту і рэчамі савецкіх часоў, можна будзе аднавіць жыццё і побыт савецкага чалавека. Гэта могуць быць як вялікія прадметы, напрыклад, мэбля, бытавая тэхніка, магнітафоны і прайгравальнікі, так і самыя разнастайныя дробязі, частка з якіх даўно выйшла з карыстання і для вас саміх ужо не ўяўляе ніякай каштоўнасці.

 

     З 8 па 22 жніўня група дзяцей прыхаджан Івянецкай царквы Прападобнай Еўфрасінні Полацкай на чале з настаяцелем храма айцом Віктарам знаходзіцца ў Швецыі па запрашэнні Чарнобыльскага камітэта горада Смёген.

У групе з 20-і чалавек – удзельнікі танцавальнай групы “Васілёк”, што існуе пры храме, дзеці з малазабяспечаных сем’яў і шчыры наведвальнік храма са школьных часоў, а цяпер саліст Івянецкага дома культуры Аляксандр Сабалеўскі. Горад Смёген называюць Паўночнай Рыўерай, у жніўні там звычайна вельмі цудоўнае надвор’е. Члены івянецкай дэлегацыі будуць не толькі ўдасканальваць веды па хрысціянскай культуры, мацаваць культурыя сувязі, але і адпачываць. Гасцінныя шведы заўсёды вельмі адказна ставяцца да праграмы знаходжання гасцей у іх краіне, кожны раз разнастаяць яе новымі маршрутамі, экскурсіямі, мерапрыемствамі.

 

     4 жніўня на сажалцы Вішнеўскага лясніцтва прайшлі спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, у якіх прынялі ўдзел 12 чалавек – прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў лясгаса. Былі прадугледжаны 9 намінацый.

Адзінай рыбачкай сярод мужчын аказалася інспектар па кадрах лясгаса Таццяна Трунова. І трэба адзначыць, што самай удалай. Яна заняла першыя месцы адразу ў трох намінацыях: “Самы вялікі ўлоў”, “Найбольшая колькасць здабытай рыбы” і “Самая вялікая рыба”. На кручок да Таццяны трапілі 5 рыбін агульнай вагой 887 грамаў. А самай вялікай сярод іх аказаўся залацісты карп, які заважыў 303 грамы. У галоўнай намінацыі “Самы вялікі ўлоў” другое месца заняў вадзіцель лясгаса Сяргей Ігнатовіч, трэцяе – ляснік Пяршайскага лясніцтва Аляксандр Барадака. У намінацыі “Першая злоўленая рыба” перамог Сяргей Ігнатовіч, ён жа быў другім у намінацыі “Самая вялікая рыба”. Трэцім у дадзенай намінацыі быў вадзіцель лясгаса Павел Гурскі. Прыз за самую маленькую рыбу, карасіка вагой 40 грамаў, атрымаў Аляксандр Барадака. Прафкам падрыхтаваў для пераможцаў і прызёраў каштоўныя прызы, сярод якіх былі вуды, рыбацкія прылады, спецыяльныя стуллі для рыбакоў. Завяршыліся спаборніцтвы пад адкрытым небам агульнай духмянай і смачнай юшкай. У яе гатоўцы рыбаловы адметныя кухары.



Добавить комментарий