Сямейнае размеркаванне

Общество

Ён збіраецца наведваць трэнажорную залу, катаецца на горным веласіпедзе і любіць ездзіць на рыбалку. Яна – захапляецца падарожжамі і замежнымі мовамі. А разам яны – сям’я фармацэўтаў  Дар’я і Павел БАЛАШЭНКІ.

Дар’я планавала звязаць сваё жыццё з лінгвістычным універсітэтам. Але потым перадумала: яе бабуля доўга працавала фармацэўтам і падсказала дзяўчыне паступаць у медыцынскі. Павел з маленства марыў быць, як бацька, ветэрынарам. Сваякі параілі ісці ў фармацэўтыку. І вось так жыццёвы шлях прывёў абоіх у Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж на спецыяльнасць “Фармацыя”. Вучыцца было цяжка: каб не прыходзілася ночыць за канспектамі, яны рыхтаваліся да заняткаў і стараліся не завальваць сесіі.

Хлопец закончыў навучальную ўстанову ў 2013 годзе. Падчас адпрацоўкі свайго размеркавання ў Дрыбіне пазнаёміўся ў студэнцкім інтэрнаце з будучай жонкай: сястра Паўла, таксама фармацэўт, жыла ў адным пакоі з Дар’яй. Спачатку ездзіў на спатканні з Дрыбіна ў Магілёў, потым увогуле пераехаў, каб быць бліжэй. Пажаніліся яны ў лютым 2017-га.

Прыехалі ў Валожын разам на 3 гады – у Дар’і, выпускніцы гэтага года, мэтавае размеркаванне па Мінскай вобласці. Шукалі месцы працы ўдваіх: разглядалі варыянты ў Крупках, Мядзелі, Вілейцы. У выніку маладой сям’і атрымалася ўладкавацца тут.

Павел і Дар’я жывуць у райцэнтры менш за месяц, але ўражанні склаліся самыя станоўчыя: маленькі горад з прыгожай прыродай. Хлопцу  звыкла – сам нарадзіўся і жыў у падобнай мясцовасці. У выбары працы не расчараваліся. Дар’я плануе працягваць адукацыю ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце завочна. Усё складаецца добра: работа прэстыжная, зарплата нядрэнная, здымная кватэра з добрым рамонтам. Разглядаюць як варыянт застацца жыць надалей у райцэнтры: у вялікіх гарадах шумна і небяспечна, а ў Валожыне можна спакойна гадаваць дзяцей.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий