Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

     Падчас жніва, калі механізатары даражаць кожнай хвілінай светлавога дня, важную ролю адыгрывае падтрыманне іх фізічных сіл – каларыйнае харчаванне.

У большасці сельгаспрадпрыемстваў раёна арганізаваны ўласныя катлапункты. Але некаторыя працягваюць карыстацца паслугамі аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Штодня рэстаран “Іслач”, сталовая райцэнтра і кафэ “ХХI стагоддзе” забяспечваюць двухразовае гарачае харчаванне механізатараў ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, “Данпрод” і СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”. Больш за ўсё абедаў гатуюць для “Данпрода” – на 80 чалавек, да 40 забірае СГУ “Бабровічы” (плюс мінеральную ваду і напіткі), 28-30 порцый – ільнокамбінат. Усе прадпрыемствы дастаўляюць гарачае харчаванне ўласным транспартам прама ў поле.

    Райкам прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму падчас абласной акцыі “Збяром дзяцей у школу!” аказаў матэрыяльную дапамогу членам свайго прафсаюза па падрыхтоўцы дзяцей да школы.

Матэрыяльную падтрымку атрымалі 10 мнагадзетных маці і 7 жанчын, якія адны выхоўваюць дзяцей.

 

    З 1 жніўня працуе “Школьны кірмаш” каля Дома быту ў райцэнтры.

Бытавікі праявілі ініцыятыву і арганізавалі вынасны гандаль, дзе рэалізуюць уласную прадукцыю і спадарожныя тавары школьнага асартыменту. Надзвычай добра разышліся дзіцячыя трыкатажныя спартыўныя касцюмы: рэалізавана прыкладна 25 адзінак на суму 1200 рублёў. Канкурэнтаздольным таварам аказаліся і спадніцы, а таксама школьныя класічныя штаны для хлопчыкаў. У чацвер 17 жніўня завезена новая партыя трыкатажнай сыравіны, і швачкі заселі за пашыў спартыўнага адзення. Дарэчы, некаторыя мадэлі стануць больш дасканалымі, над гэтым папрацавалі мадэльеры. Хутка разышоўся і трыкатаж фабрыкі “Світанак”, які ўдала дапаўняў шытую школьную форму.

 

     З ліпеня гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Валожынгандаль”, якое яшчэ вясной адгалінавалася ад райспажыўтаварыства, далучыла да сябе аддзел “Адзенне” ўнівермага ў райцэнтры.

Да гэтага часу яму падпарадкоўваўся толькі магазін “Будаўнік”. Пакупнікі звярнулі ўвагу, што з гэтага моманту значна пашырыўся асартымент парфумерна-касметычных тавараў, трыкатажных вырабаў, бялізны, абутку і швейных вырабаў. Заключана шмат новых дагавораў. У прыватнасці, з гандлёвай маркай “Мілавіца”, чые карсетныя вырабы вядомы ва ўсім свеце. У перспектыве – з не менш вядомым вытворцам “Марк Фармэль”.

 

   Прыемна пахне фарбай пасля рамонту ў цэнтры творчасці дзяцей і юнацтва ў Валожыне.

Яго нешматлікі калектыў паклапаціўся, каб 1 верасня старыя і новыя гурткоўцы завіталі ў абноўленае памяшканне. Уласных грошай ад пазабюджэтнай дзейнасці хапіла, каб замяніць на сучасныя 6 акон. Увогуле, падчас касметычнага рамонту пафарбавалі падлогу ў калідоры, абнавілі сцены ў фае на першым паверсе і ў некаторых кабінетах.

 

   8 жніўня ў цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне з вёскі Сівіца, што гарыць хлеў. Было гэта ў 18.07.

Гаспадыня ў той момант якраз завіхалася на прысядзібным участку і сама ўбачыла агонь. У выніку пажару згарэў дашчаны хлеў і сена гэтага года, што там захоўвалася. У дадатак агонь паспеў пашкодзіць шыферны дах суседняга блочна-цаглянага хлява і яшчэ адной дашчанай пабудовы, у якой абгарэў дах і адна сцяна. У хляве, дзе пачаўся пажар, не было ні печкі, ні святла. Прычына пажару ўстанаўліваецца, гэтым займаюцца праваахоўныя органы.

 

    Яшчэ адзін пажар на тым тыдні адбыўся 12 жніўня ў Івянцы. Гарэў жылы дом па вуліцы Фрунзэ.

У доме пражываў адзін гаспадар, мужчына 1942 года нараджэння. Але на выхадныя да яго звычайна прыязджаў сын з сям’ёй. Стары чалавек у гэты час знаходзіўся ў доме і нават не пачуў, што гарыць дах. Дзядулю вывелі з дома, вынеслі і газавы балон. Пажар узнік на гарышчы і перакінуўся на дах, які ў выніку згарэў цалкам. Папярэдняя прычына пажару – няспраўнасць электраправодкі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars